Завод у Татарстане, у які пацэлілі ўкраінскія войскі. Архіўнае фота
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што з 19 жніўня і ў ноч на 20 жніўня сіла абароны пацэлілі па некалькіх аб’ектах на тэрыторыі Расеі.
У прыватнасьці, сярод пашкоджаных назвалі нафтаперапрацоўчы завод «ТАНЕКО» ў Ніжнякамску Рэспублікі Татарстан. Там, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, пасьля пацэльваньня пачаўся пажар на тэрыторыі прадпрыемства.
Гэты завод можа перапрацоўваць да 16 мільёнаў тон нафты на год. Вырабляе шырокі спэктар нафтапрадуктаў, у тым ліку маторнае паліва, неабходнае для вайсковай тэхнікі.
Прэсавая служба кіраўніка Рэспублікі Татарстан Рустама Міньніханава паведаміла, што ў выніку атакі парушаная праца клястэру Закамскай зоны, ёсьць пацярпелыя і пашкоджаньні жылых дамоў. Завод «ТАНЕКО» знаходзіцца якраз у гэтай прамысловай зоне. У той жа час улады горада Ніжнякамск паведамілі, што «дзякуючы зладжанай працы сіл супрацьпаветранай абароны масіраваная атака БПЛА на Ніжнякамск не прывяла да буйных разбурэньняў».
«Сур’ёзных разбурэньняў пабудоў і аб’ектаў не зафіксавалі, пацярпелых няма», — адзначылі ў афіцыйным паведамленьні.
Яшчэ адна цэль — нафтавы тэрмінал у Краснадарскім краі
Генштаб Украіны таксама паведаміў аб пашкоджаньні нафтавага тэрміналу «Таманьнафтагаз» у Краснадарскім краі. Там зафіксавалі пажар.
«Таманьнафтагаз» зьяўляецца адным з ключавых расейскіх нафтавых тэрміналаў у Чарнаморскім рэгіёне. Таманскі комплекс забясьпечвае перавалку да 19,9 мільёна тон нафты, нафтапрадуктаў і звадкаванага газу на год. Тэрмінал забясьпечвае перагрузку нафты і нафтапрадуктаў з чыгункі на марскія караблі.
Улады Краснадарскага краю ўвогуле не камэнтавалі наступствы ўкраінскай атакі. Апэратыўны штаб рэгіёну толькі перадрукаваў паведамленьне Міністэрства абароны Расеі аб тым, што за мінулыя 24 гадзін супрацьпаветраныя сілы абясшкодзілі 726 украінскіх дронаў, што атакавалі 18 рэгіёнаў Расеі, у тым ліку Краснадарскі край, анэксаваны Крым і акваторыі Азоўскага і Чорнага мораў.
Форум