Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліўны крызіс з Расеі перакінуўся на краіны Цэнтральнай Азіі. У Беларусі заяўляюць, што дэфіцыту бэнзіну няма

На запраўцы ў Бішкеку. Архіўнае фота
На запраўцы ў Бішкеку. Архіўнае фота

Пастаянныя атакі Ўкраіны на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы пагрузілі краіны Цэнтральнай Азіі ў энэргетычны хаос.

Гэта стала вынікам палітыкі кароткатэрміновых рашэньняў, якія пакінулі рэгіён без скаардынаванай энэргетычнай стратэгіі й дывэрсыфікацыі, дастатковай, каб супрацьстаяць сур’ёзным збоям, паведамляе Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Толькі на гэтым тыдні ўкраінскія дроны паралізавалі Омскі НПЗ — адзін з найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў Расеі з гадавой магутнасьцю амаль 22 мільёны тон сырой нафты, прымусіўшы ўрады краін Цэнтральнай Азіі, асабліва Кыргызстану, перайсьці ў надзвычайны рэжым. Хоць лінія фронту вайны паміж Расеі з Украінай праходзіць за тысячы кілямэтраў, экспэрты гавораць, што брак палітычнага прадбачаньня наблізіў рэгіён да канфлікту, бо пастаўкі з Расеі сканчаюцца, выдаткі растуць, а нармаваньне становіцца рэальнасьцю.

«Урады ў Цэнтральнай Азіі заўсёды маюць кароткатэрміновыя пляны, бо такая лёгіка аўтарытарнай улады, — кажа Люка Анчэскі, прафэсар цэнтральнаазіяцкіх дасьледаваньняў ва Ўнівэрсытэце Глазга. — Яны апантаныя захаваньнем улады, а значыць, іх у асноўным турбуе тое, што можа пазбавіць іх пасады. Яны заўсёды спрабуюць прадбачыць палітычныя пагрозы, таму ня думаюць пра доўгатэрміновую пэрспэктыву. Гэта палітыка, арыентаваная на экспарт, а не на ўнутраныя патрэбы. Яны непакояцца аб тым, як прадаваць рэсурсы, а не аб тым, як найлепшым чынам іх выкарыстоўваць», — дадае ён.

Ступень залежнасьці Цэнтральнай Азіі ад расейскай нафты вагаецца ад краіны да краіны. Таджыкістан і Кыргызстан, якія ня маюць выхаду да мора і не здабываюць нафту самі, залежаць ад паставак нафтапрадуктаў з Расеі практычна цалкам. Але нават багаты на энэргарэсурсы Ўзбэкістан у значнай ступені залежыць ад расейскага рафінаванага паліва, бо нафтаперапрацоўчыя магутнасьці рэгіёну абмежаваныя. Таму збоі на расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах неадкладна ідуць хваляй на гэты рэгіён, што прыводзіць да росту цэн на паліва і дэфіцыту.

Даўняя загана: няма дывэрсыфікацыі

Кыргыскі эканаміст Таленбек Абдыраў кажа, што крызіс выявіў даўнюю няздольнасьць дывэрсыфікаваць нацыянальныя энэргетычныя сыстэмы.

«Мы доўга казалі пра гэта: патрэбная дывэрсыфікацыя, паліва павінна імпартавацца з розных краін, тут трэба збудаваць больш перапрацоўчых магутнасьцяў, сырая нафта мае імпартавацца і перапрацоўвацца на мясцовым узроўні, каб мы маглі вырабляць уласнае паліва», — сказаў ён.

Аднавілася дыскусія наконт рэгіянальнай паліўнай сыстэмы — гэтую ідэю ня раз прапаноўвалі экспэрты ў энэргетыцы пасьля таго, як дзяржавы Цэнтральнай Азіі атрымалі незалежнасьць ад Масквы. Канцэпцыя прадугледжвае, што Казахстан і Туркмэністан пастаўляюць нафту, узбэцкія НПЗ перапрацоўваюць яе частку, а нафтапрадукты перамяшчаюцца па ўсім рэгіёне праз скаардынаваныя транспартныя сеткі.

Анчэскі кажа, што такая мадэль тэхнічна магчымая, але патрабуе доўгатэрміновай каардынацыі, якой гістарычна рэгіёну бракавала. Тым ня менш некаторыя ўрады спрабуюць дзейнічаць хутка, каб палегчыць сытуацыю.

У Бішкеку першы намесьнік прэмʼер-міністра Кыргызстану Даніяр Амангельдыеў паведаміў Кыргыскай службе Радыё Свабода, Радыё Азаттык, што з Пэкінам і Менскам дасягнутыя папярэднія дамоўленасьці аб пастаўках авіяцыйнага і дызэльнага паліва. Але нават калі такія пастаўкі пачнуцца, то яны будуць пакрываць толькі каля 3 працэнтаў гадавога спажываньня дызэльнага паліва ў Кыргызстане. Краіна спажывае каля 2 мільёнаў тон паліва за год, і каля 95 працэнтаў гэтых паставак ідзе з Расеі.

Таджыкістан таксама зьвярнуўся да надзвычайнай дыпляматыі. Хабібуло Назарзада, кіраўнік Агенцтва цывільнай авіяцыі, сказаў Таджыцкай службе Радыё Свабода, Радыё Азадзі, што ідуць перамовы з Казахстанам, Туркмэністанам і іншымі краінамі аб забесьпячэньні паставак авіяцыйнага паліва.

Узбэкістан таксама паскорыў перамовы з альтэрнатыўнымі пастаўнікамі, бо імпарт бэнзіну і дызэльнага паліва зьніжаецца, а мясцовыя цэны рэзка растуць. Экспэрты гавораць, што для дывэрсыфікацыі патрэбныя некалькі пастаўнікоў, уключаючы Казахстан, Туркмэністан і Азэрбайджан, а не проста замена залежнасьці ад Расеі залежнасьцю ад іншага вонкавага партнэра, такога, як Іран або Кітай.

У той жа час яны дадаюць, што ўрадам Цэнтральнай Азіі трэба больш інвэставаць у айчынныя альтэрнатывы, асабліва ў гідраэнэргетыку ў Кыргызстане і Таджыкістане.

Паваротны момант

Падчас дэфіцыту, кажа Анчэскі, можа праявіцца яшчэ адна небясьпека, якой найбольш баяцца аўтарытарныя лідэры Цэнтральнай Азіі.

«Калі ў вас рэзка растуць цэны на энэрганосьбіты, а эканомікі застаюцца вельмі вугляродаёмістымі, практычна ўсе бакі штодзённага жыцьця залежаць ад вуглевадародаў. Гэта сурʼёзна цісьне на пакупніцкую здольнасьць, падвышае кошт жыцьця, робіць людзей бяднейшымі», — папярэджвае экспэрт.

Гэты ціск, у сваю чаргу, абарочваецца патэнцыйным палітычным выклікам для аўтарытарных урадаў рэгіёну.

«Калі такая сытуацыя працягнецца, гэта можа стаць паваротным момантам для мясцовых рэжымаў», — падсумоўвае Анчэскі.

А што ў Беларусі

Беларусь істотна нарасьціла пастаўкі з сваіх НПЗ у Расею.

У мясцовай прэсе памежных з Расеяй рэгіёнаў Беларусі пішуць, што прыкметаў дэфіцыту паліва ў іх няма. Гэта ж сьцьвярджае і кампанія «Беларуснафта».

Тэлекампанія «Гомель», сярод іншага, паведамляе пра фэйк аб ажыятажы на бэнзін у Добрускім раёне, які распаўсюджваецца ў сетках:

«Наша здымачная група праверыла абстаноўку там і ў іншых пунктах паблізу мяжы з Расеяй: ажыятажу няма, паліва ў наяўнасьці, лімітаў ня ўводзілі».

Сытуацыя з палівам на ўнутраным рынку Беларусі стабільная, краіна цалкам забясьпечаная патрэбнай колькасьцю нафтапрадуктаў.

Уладзімер Сізоў, намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім», заявіў:

«У канцэрне „Белнафтахім“, на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, у сыстэме забесьпячэньня нафтапрадуктамі „Беларуснафты“ адладжана і дзейнічае сыстэма, пры якой мы старанна плянуем аб’ёмы нафтапрадуктаў, неабходныя для задавальненьня ўнутранага попыту. Мы ўлічваем як правядзеньне рамонтных работ, так і зьмены сэзоннасьці попыту і гарантавана, у прыярытэтным парадку забясьпечваем кожнае запатрабаваньне, якое ўзьнікае на ўнутраным рынку».

Чаму гэта важна

Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею таксама паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG