Праз украінскія атакі па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах (НПЗ) у Расеі ўзьнік дэфіцыт бэнзіну. Паводле выданьня The Bell, паліўны крызіс закрануў 53 рэгіёны краіны (з 89. — РС), у акупаваным Крыме паліва прадаюць наагул толькі прадстаўнікам дзяржаўных структураў. Уведзеныя абмежаваньні і ў іншых месцах. На продаж бэнзіну людзям увялі ліміты — ад 20 да 100 літраў за раз. На некаторых запраўках паліва ўвогуле няма.
Беларусь у гэты час нарошчвае пастаўкі свайго паліва ў Расею. Напрыклад, з 1 па 19 чэрвеня аб’ём біржавых продажаў бэнзіну, вырабленага на беларускіх НПЗ, дасягнуў 51,36 тысячы тонаў. Гэта ў 51 раз перавышае паказьнік аналягічнага пэрыяду мінулага году.
У цэлым за першыя пяць месяцаў 2026-га пастаўкі бэнзіну чыгуначным транспартам з НПЗ Беларусі на расейскі рынак вырасьлі амаль у 13 разоў у параўнаньні з студзенем–траўнем 2025 году, перавысіўшы 270 000 тонаў.
Колькі бэнзіну трэба Расеі
Два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — могуць перапрацоўваць да 24 мільёнаў тонаў нафты штогод. У рэальнасьці за год яны перапрацоўваюць менш — каля 16-18 мільёнаў тонаў. Гэта ў асноўным расейская нафта. Ня ўсё перапрацаванае ператвараецца ў бэнзін, а толькі каля 40%. Патрэбы беларускага рынку — каля 7-8 мільёнаў тонаў перапрацаванай нафты на год.
Паводле расейскага эканаміста, кандыдата эканамічных навук Мікалая Кульбака, Беларусь можа пакрыць толькі 5% ад патрэбаў Расеі. А ўжо зараз недахоп бэнзіну там значна большы.
«Калі лічыць, што экспартны патэнцыял Беларусі складае прыкладна 2 мільёны тонаў бэнзіну ў год, а Расея вырабляе прыкладна, здаецца, 40 мільёнаў тонаў у год, то гэта каля 5%. І тут узьнікае пытаньне: калі дэфіцыт бэнзіну ў Расеі складае, скажам, каля 15%, мы ня можам дакладна сказаць, колькі менавіта, але дапусьцім, што так, то Беларусь можа пакрыць прыкладна траціну гэтага дэфіцыту, наўрад ці больш. Калі ж дэфіцыт будзе большы — скажам, 30%, то Беларусь пакрые прыкладна адну шостую яго частку», — падлічвае суразмоўца.
Колькі цяпер у Расеі не стае бэнзіну, дакладна сказаць нельга, але суразмоўца называе лічбу ад 5 да 15%, што вынікае з сытуацыі на запраўках.
І зьвяртае ўвагу на той момант, што беларускі бэнзін будзе для расейскага рынку даражэйшым за расейскі, гэта зьвязана зь лягістыкай.
«Каб Беларусь пастаўляла гэты бэнзін у Расею, у Беларусь трэба адпраўляць нафту, бо яна вырабляе бэнзін з расейскай сыравіны. Плюс, хутчэй за ўсё, гэта будзе даражэй. Мяркуючы па тым, што Расея вядзе перамовы аб закупках бэнзіну ў іншых краінах, ужо морскімі танкерамі, гэта азначае, што і ў Расеі разумеюць: Беларусь — не выратаваньне. Гэта такая своеасаблівая „мыліца“, але ня вельмі вялікая, бо, увогуле, і аб’ёмы перапрацоўкі там ня надта значныя, і зноў жа трэба везьці сыравіну туды, а прадукцыю — назад», — зьвяртае ўвагу эканаміст.
Нават тыя аб’ёмы паставак бэнзіну і дызэльнага паліва, якія цяпер ідуць у Расею, ня надта вялікія ў параўнаньні з тым экспартам нафтапрадуктаў, які раней ішоў зь Беларусі ў Эўразьвяз.
Напрыклад, калі Беларусь будзе прадаваць у Расею бэнзін у чэрвеньскіх аб’ёмах увесь год, то атрымаецца больш за 600 тысяч тонаў. Аднак у 2020 годзе толькі ва Ўкраіну Беларусь прадала 854,5 тысячы тонаў бэнзіну.
А экспарт нафтапрадуктаў у краіны ЭЗ склаў тады 8,4 мільёна тонаў, хоць зразумела, што ня ўсё гэта быў толькі бэнзін. Экспарт у Расею Беларусь яшчэ можа павялічваць. Аднак нарасьціць гэтыя пастаўкі — вельмі няхуткі працэс, працягвае Мікалай Кульбака.
«Трэба яшчэ дамовіцца зь Беларусьсю, заключыць кантракт, паставіць ёй нафту, яны павінны яе перапрацаваць, а потым перавезьці бэнзін назад. Гэта значыць, што тут падвойная лягістычная апэрацыя плюс розныя камэрцыйныя трансакцыі. Гэта не адзін дзень, ня два і ня тры. І зноў жа паглядзіце: трэба яшчэ, каб Беларусь мела адпаведныя магутнасьці, умоўна кажучы, у рэзэрве. Каб іх можна было хутка залучыць, хутка запусьціць і хутка пачаць вырабляць больш прадукцыі. Таксама важна, ці ёсьць для гэтага неабходныя хімічныя кампанэнты і адпаведныя спэцыялісты», — заўважае суразмоўца.
Ці вырастуць цэны на бэнзін у Беларусі праз рост паставак у Расею
Бэнзін у Беларусі каштуе крыху даражэй, чым у Расеі. Напрыклад, літар маркі АІ-92 у Расеі каштуе 66,21 расейскага рубля, ці 2,5 беларускага.
У Беларусі ж літар такога бэнзіну будзе каштаваць 2,58 рубля.
Зьмяншэньне колькасьці бэнзіну на беларускім рынку праз пастаўкі ў Расею можа паўплываць на цэны ў Беларусі. Пра гэта ў размове з Свабодай кажа Аліса Рыжычэнка, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях эканомікі.
«У прынцыпе, мы ўжо назіралі гэта ў Беларусі, калі яшчэ ў лютым узьнік першы крызіс і дэфіцыт бэнзіну на тэрыторыі Расеі, і Беларусь пачала прадаваць Расеі бэнзін у вялікіх аб’ёмах. На ўнутраным беларускім рынку аб’ёмы паставак адпаведна скараціліся, і, такім чынам, увесь гэты цяжар адразу лёг на плечы беларускага спажыўца. Але тады сытуацыя была крыху іншай, бо цэны на ўнутраным расейскім рынку былі ніжэйшыя за ўсясьветныя. Зараз цэны больш-менш збалянсаваныя як на ўсясьветным рынку, так і ў трэціх краінах, на азіяцкім рынку, а таксама на ўнутраным расейскім рынку. Таму, вядома ж, цяпер гэта можа адбіцца не ў такой ступені. Але ў кожным разе ўсякі дэфіцыт спараджае рост цэн», — гаворыць эканамістка.
Аўтамабільнае паліва ў Беларусі сёлета даражэе ня першы раз. Цэны падымалі 16 лютага (на 1 капейку), 28 сакавіка (адразу на 4 капейкі) і 4 красавіка (на 3 капейкі).
Ці кампэнсуе Расея страту эўрапейскага рынку для Беларусі
Раней Беларусь прадавала нафтапрадукты ў краіны ЭЗ у вялікіх аб’ёмах і зарабляла на гэтым да 5,2 мільёна даляраў (у 2019 годзе). Цяпер жа праз санкцыі гэтая магчымасць страчана. Эўрапейскі рынак быў для Беларусі высокамаржынальным, то бок прыбытковым. Расейскі не такі, кажа Мікалай Кульбака.
«Цэны ў Эўропе былі вышэйшыя, чым у Расеі. Калі Беларусь будзе пастаўляць нафтапрадукты ў Расею, то, натуральна, іх будуць закупляць не па эўрапейскіх цэнах. І, адпаведна, Беларусь такой выгады дакладна не атрымае, бо цэны ў Эўропе істотна адрозьніваюцца. Уласна кажучы, на гэтым і трымаўся Лукашэнка. Ён браў танную нафту з Расеі, перапрацоўваў яе на сваіх прадпрыемствах, а далей прадаваў ужо даражэй — па эўрапейскіх цэнах у Эўропу», — гаворыць Мікалай Кульбака.
Расейскі рынак для Беларусі больш выгадны, чым азіяцкія, куды нафтапрадукты прадаваліся да пачатку расейскіх праблемаў з дэфіцытам, бо туды зручней давозіць прадукцыю. Аднак менш выгадны за эўрапейскі, пра гэта кажа і Аліса Рыжычэнка.
«З улікам таго, што цяпер у Азію трэба транспартаваць праз складаны лягістычны ланцужок — праз тую ж Расею, праз расейскія парты, праз расейскую чыгунку — сёньня, вядома ж, выгадней перанакіраваць гэтыя аб’ёмы ў Расею, бо там у прынцыпе тая ж цана. То бок маржа застаецца большай, чым калі б мы зараз прадавалі гэты экспарт у трэція краіны, а не ў Расею. Але гэта ўсё будзе выгадна да таго моманту, пакуль ня зьнікне фактар дэфіцыту і ня зьменяцца цэны на ўнутраным расейскім рынку», — зазначае эканамістка.
Форум