Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узброеныя сілы Ўкраіны ўпершыню атакавалі найбуйнейшы ў Расеі Омскі НПЗ за 2500 кілямэтраў ад фронту

Пажар на Омскім НПЗ
Пажар на Омскім НПЗ

Узброеныя сілы Ўкраіны 6 ліпеня у першы раз пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у расейскім горадзе Омску, разьмешчаным больш чым у 2500 кілямэтраў ад Украіны.

Пра гэта паведамілі ўкраінскія маніторынгавыя тэлеграм-каналы Exilenova + і Supernova +, апублікаваўшы кадры выбухаў і меркаванага пажару на прадпрыемстве.

Генштаб УСУ пацьвердзіў удар па НПЗ і папярэдне паведаміў, што паразілі ўстаноўку першаснай апрацоўкі нафты.

Губэрнатар Омскай вобласьці Віталь Хацэнка папярэдзіў жыхароў аб бесьпілётнай небясьпецы, а затым напісаў, што сілы СПА зьбілі ўкраінскія бесьпілётнікі і наступствы атакі ўдакладняюцца. Аб тым, што пад удар трапіў менавіта НПЗ, ён не напісаў.

Пра ўдар таксама паведамілі расейскія СМІ.

Омскі НПЗ зьяўляецца адным з найбуйнейшых у Расеі. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру ПАТ «Газпром нефть». На сайце кампаніі гаворыцца, што гэта адзін з самых сучасных нафтаперапрацоўчых заводаў краіны.

Увесну і ўлетку 2026 года ўкраінскія вайскоўцы павялічылі інтэнсіўнасьць удараў па НПЗ у эўрапейскай частцы Расеі. У многіх рэгіёнах краіны адзначаецца дэфіцыт паліва.

Расея павялічыла закупкі паліва ў Беларусі.

Чаму гэта важна

Украіна за апошнія два гады ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG