Наступствы расейскага ўдару па Кіеве ў ноч на 20 жніўня 2026
У Міністэрстве абароны Расеі назвалі цэлі, па якіх наносілі ўдары. Сама меней адзін дрон заляцеў у Беларусь.
У ноч на 20 жніўня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па ўкраінскай сталіцы, Кіеўскай вобласьці і Дніпры. Яны таксама не спыняюць абстрэлы прыфрантавых і памежных з Расеяй рэгіёнаў Украіны.
Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сіл Украіны, расейскія войскі атакавалі 44 крылатымі і авіяцыйнымі ракетамі, двума гібрыднымі дронамі «Бандэроль» і 168 бесьпілётнікамі тыпу Shahed.
Папярэдне, сілы супрацьпаветранай абароны, зьбілі 39 ракет і 145 дронаў. Зафіксавалі пацэльваньні на 28 лякацыях, і яшчэ ў двух месцах упалі аскепкі зьбітых боепрыпасаў.
У Кіеве дзясяткі ахвяр і пацярпелых
У Дзяржаўнай службе Ўкраіны ў надзвычайных сытуацыях паведамілі аб 15 загінулых і 33 параненых у выніку расейскай атакі на Кіеў.
Пацярпелі сама меней тры раёны ўкраінскай сталіцы. Пашкоджаныя і зруйнаваныя амаль тры тысячы квадратных мэтраў складоў, жылыя дамы, лякарня. У двух жылых дамах і сховішчы ў школе ратавальнікі спрабуюць вызваліць людзей, якіх заблякавала ў выніку ўдару.
21 жіўня ў Кіеве абвясьцілі днём жалобы.
Пад Кіевам — у Браварах — загінуў яшчэ адзін чалавек і аднаго шпіталізавалі з раненьнем. Расейскія войскі пашкодзілі адно з прамысловых прадпрыемстваў, Але ўлады не ўдакладняюць профіль яго дзейнасьці. На месцы працуе пажарная служба.
У яшчэ адным горадзе пад Кіевам — Барыспалі — таксама адзін чалавек загінуў і 6 параненых. У Барыспальскім раёне пашкоджаныя 14 прыватных будынкаў, 4 склады, АЭС, шматпавярховы жылы дом і аўтамабілі.
Днепрапятроўшчыну расейскія войскі абстралялі з розных відаў зброі
Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі, што ў ноч на 20 жніўня ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі чатыры раёны рэгіёну. Ад штодзённых удараў церпяць Нікапальскі, Крывароскі і Сінельнікаўскі раёны. Расейскія войскі атакавалі бесьпілётнікамі артылерыяй і авіябомбамі. Улады пакуль не ўдакладняюць лык пацярпелых. Удары наносілі па жылым сэктары і інфраструктуры. Пашкоджаныя дом культуры, крамы і аўтамабілі.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў Кіеве пацэлілі па прамысловым прадпрыемстве «Фаер Поінт», што стварае кампанэнты для дронаў вялікай і сярэдняй далёкасьці, а таксама зьбірае і захоўвае дэталі, што выкарыстоўваюць для ракет «Фламінга».
Сярод іншых цэляў у Кіеве назвалі склад кампаніі «Укрспэцсыстэмс», на якім зьбіраюць дроны, а таксама авіяпрадпрыемства «Антонаў», а ў Браварах — транспартна-лягістычны цэнтар, на якім нібыта захоўвалі і разьмяркоўвалі ўдарныя дроны.
Форум