Расейскія войскі ўдарылі паблізу дзіцячай лякарні ў Кіеве, у Запарожжы шмат параненых. У Расеі гарыць склад

абноўлена
Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 11 жніўня 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 11 жніўня 2026 году

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл пацьвердзілі ўчорашняе пацэльваньне па найбольшым у Татарстане нафтаперапрацоўчым комплексе.

У ноч на 11 жніўня расейскія войскі абстралялі шэраг украінскіх рэгіёнаў. Кіеў атакавалі балістычнымі ракетамі і дронамі.

У Кіеве каля дзіцячай лякарні дзьве вялікія вырвы

Ва ўкраінскай сталіцы ад удару расейскіх войскаў пацярпела тэрыторыя дзіцячай лякарні, а таксама згарэў чарговы склад.

«На тэрыторыі адной зь дзіцячых лякарняў з’явіліся дзьве вырвы, пашкоджаныя шыбы і газавая труба. Супрацоўнікі газавай службы зьліквідавалі выцек газу. На шчасьце, дзеці і мэдыкі знаходзіліся ва ўкрыцьці. Без ахвяр і пацярпелых», — паведамілі кіеўскія ратаўнікі.

Паводле іх, у выніку абстрэлу згарэў і зьнішчаны склад. Агонь ахапіў плошчу 1 200 квадратных мэтраў. Папярэдне, адзін чалавек атрымаў раненьне.

У Запарожжы 7 чалавек загінулі, 24 атрымалі раненьні. Расейскія войскі нанесьлі магутны ўдар па абласным цэнтры балістычнымі ракетамі і авіябомбамі. Пашкоджаны жылы і нежылы сэктар.

Сумы 11 жніўня расейцы атакавалі 4 кіраванымі авіябомбамі. Загінуў чалавек, які ехаў аўтамабілем. Раней у горадзе загінуў ратавальнік, які тушыў пажар ад папярэдняй атакі дрона — на яго абрынулася бэтонная пліта.

У Адэскай вобласьці ад расейскага ўдару загарэўся бэнзавоз і легкавік, які быў паблізу. Загінулі два чалавекі, трое пацярпелі.

У Варонежы гарыць чарговы склад Wildberries

У кампаніі паведамілі аб эвакуацыі лягістычных аб’ектаў у Варонескай вобласьці «адпаведна патрабаваньням бясьпекі».

Губэрнатар Варонескай вобласьці Аляксандар Гусеў заявіў, што над абласным цэнтрам і пяцьцю раёнамі рэгіёну зьнішчылі 15 бесьпілётнікаў.

«У выніку падзеньня БПЛА адбыліся загараньні на двух складах буйной кампаніі. На адным аб’екце пажар лякалізавалі на плошчы 16 тысяч квадратных мэтраў, на другім пажар тушаць на 20 тысячах квадратных мэтрах. На месцы знаходзяцца апэратыўныя службы», — адзначыў губэрнатар.

Паводле яго, у выніку падзеньня аскепкаў дронаў у Наваўсманскім раёне цяжка паранены 49-гадовы мужчына, які знаходзіўся ў той момант на вуліцы. Ён памёр у лякарні. Яшчэ двух параненых шпіталізавалі, адзін зь іх у момант атакі знаходзіўся на пляцоўцы вялікага лягістычнага цэнтру.

Апроч таго, пашкоджаныя тры грузавыя аўтамабілі і адзін легкавы.

У Арэнбурскай вобласьці атакаваны нафтаперапрацоўчы завод «Орскнефтеоргсинтез» у Орску, перадалі ўкраінскія маніторынгавыя каналы. Горад месьціцца больш як за 1400 кілямэтраў ад украінскай мяжы.

Supernova+ піша, што ў Орску пад удар таксама трапіў «Мэханічны завод».

Губэрнатар Арэнбурскай вобласьці напісаў, што «ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА пачалося ўзгараньне на адным з прамысловых прадпрыемстваў. Паводле папярэдніх зьвестак, пацярпелых няма».


​
XS
SM
MD
LG