Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У парку «Вялікі Камень» запаволілася выкананьне кітайскіх праектаў, пад Менскам тэрмінова дабудоўваюць склад Wildberries

Першы намесьнік генэральнага дырэктара індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» Кірыла Карацееў. Архіўнае фота
Першы намесьнік генэральнага дырэктара індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» Кірыла Карацееў. Архіўнае фота

Першы намесьнік генэральнага дырэктара індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» Кірыла Карацееў заявіў, што рэалізацыя кітайскіх праектаў запаволілася праз геапалітычную напружанасьць, войны і санкцыі.

Як паведаміла выданьне Reform.news, пра гэта Кірыла Карацееў заявіў у этэры беларускай тэлевізіі.

«Калі казаць аб стане выкананьня работ, то тут, напэўна, патрэбна вылучыць дзьве тэндэнцыі. Першая — гэта тыя кампаніі, якія прыйшлі да 2022 году і пачалі свае праекты рэалізоўваць да 2022 году. Адпаведна, яны і працягваюць інвэставаць сёньня. То бок гэта зьвязана з набыцьцём станкоў, абсталяваньня, з мадэрнізацыяй, з пашырэньнем вытворчасьці. Прычым гэтая тэндэнцыя характэрная для ўсіх кітайскіх кампаніяў, бо яны адчулі рынак, яны разьвіваюцца, пашыраюць свае продажы», — працытавала Карацеева выданьне.

Паводле яго, у парку цяпер працуюць 173 рэзыдэнты, 67 зь якіх маюць кітайскі капітал. Кошт рэалізаваных праектаў складае больш за адзін мільярд даляраў — 630 мільёнаў ужо асвоілі, а да 2030 году плянуюць укласьці яшчэ 400 мільёнаў даляраў.

«Разам з тым ёсьць і нэгатыўны трэнд. На жаль, гэта тычыцца новых праектаў. Зноў жа, прычыны аб’ектыўныя — гэта ваенны канфлікт, гэта санкцыйная палітыка Захаду датычна Беларусі. Адпаведна кітайскія кампаніі ацэньваюць рызыкі. Зразумела, што большасьць кітайскіх кампаніяў транснацыянальныя, яны маюць вытворчасьць і збыт у ЗША і Эўропе», — сказаў Кірыла Карацееў.

Wildberries пасьля ўкраінскіх атак у Расеі паскорыла будаўніцтва складу пад Менскам

Кірыла Карацееў паведаміў, што расейская кампанія Wildberries паскорыла будаўніцтва свайго лягістычнага цэнтру ў парку «Вялікі Камень» пад Менскам.

«Эксплюатацыю першых сэкцыяў лягістычнага цэнтру ўжо пачалі. Будаўніцтва ідзе ня тое каб паводле графіку, бо, на жаль, тыя абставіны, якія цяпер складаюцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, прымушаюць інвэстара будаваць хутчэй, максымальна хутка, каб яго цалкам запусьціць у эксплюатацыю», — патлумачыў ён.

Важнасьць кітайскага фактару для Беларусі

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны. У сувязі з гэтым супраць беларускай дзяржавы ўвялі шырокамаштабныя міжнародныя санкцыі.

За гэты час Беларусь стала цалкам падкантрольнай Расеі. У той жа час Аляксандар Лукашэнка спрабуе выкарыстаць кітайскі фактар для дывэрсыфікацыі залежнасьці.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка 17-ы раз наведаў Кітай. Сваімі частымі кантактамі з Кітаем Лукашэнка імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. Гэта дазваляе Лукашэнку дэманстраваць як унутры краіны, так і звонку, што краіна не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі.

Аднак, як сьцьвярджаюць аналітыкі, імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку. Беларуска-кітайскія адносіны разьвіваюцца ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні на высокім узроўні, а ў эканамічным пляне цікавасьць Кітаю да Беларусі невялікая.

Кітай цяпер другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі, ягоная доля ў беларускім замежным гандлі складае 11%. За апошнія 10 гадоў, паводле ўладаў, Беларусь патроіла таваразварот з Кітаем і падвоіла экспарт у гэтую краіну. Аднак імпарт кітайскіх тавараў і паслуг у Беларусь шматкроць перавышае экспарт беларускіх у Кітай. Дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень–лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд.

За апошнія тры гады Кітай стаў адным з найбольшых донараў Беларусі: кітайскі ўрад вылучае крэдыты і тэхнічную дапамогу ў розных сфэрах — ад IT-сэктару да лясной гаспадаркі.

Што варта ведаць пра Wildberries

Wildberries — найбольшая ў Расеі пляцоўка онлайн-продажаў. На ёй прадаюць пераважна спажывецкія тавары — ад адзеньня і касмэтыкі да электронікі, мэблі і прадуктаў харчаваньня.

Сёлета ў ліпені ўкраінскія сілы абароны пачалі сыстэмна атакаваць ударнымі дронамі лягістычныя цэнтры кампаніі на тэрыторыі Расеі. У некаторых рэгіёнах склады кампаніі цалкам згарэлі. Паводле ўкраінскага боку, памяшканьні Wildberries таксама выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы для захоўваньні вайсковых грузаў. За паўмесяца ў выніку ўкраінскіх атак кампанія страціла, паводле розных разьлікаў, да 20% сваіх складзкіх памяшканьняў.

Рашэньне будаваць вялікі лягістычны цэнтар пад Менскам ухвалілі і аформілі ў канцы лістапада 2023 году. Для гэтага кампанія выкупіла 27 гектараў зямлі ў індустрыяльным парку «Вялікі Камень».

Кампанія афіцыйна прыйшла на беларускі рынак у 2012 годзе, а ў 2022–2023 гадах ужо адкрыла чатыры рэгіянальныя сартавальныя цэнтры — у Менску, Гомлі, Берасьці і Горадні.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG