Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Высокія кітайскія чыноўнікі прыяжджаюць у Беларусь па дарозе з Расеі», — Карбалевіч

Сустрэча Лукашэнкі і намесьніка старшыні КНР Хань Чжэна ў Менску. 8 чэрвеня 2026 году
Сустрэча Лукашэнкі і намесьніка старшыні КНР Хань Чжэна ў Менску. 8 чэрвеня 2026 году

Сьцісла

  • Пасада віцэ-старшыні Кітаю, які наведаў Менск па дарозе з Масквы, ёсьць больш цырыманіяльнай.
  • Імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку.
  • Чым больш расьце гандаль з Кітаем, тым больш павялічваецца адмоўнае сальда для Беларусі.
  • Спадзевы на тое, што на Кітай стане значным інвэстарам беларускай эканомікі, ня спраўдзіліся.

Аляксандар Лукашэнка імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. У гэтым сэнсе візыт намесьніка старшыні КНР Хань Чжэна — гэта важны палітычны рэсурс для ўладаў Беларусі.

Дэманстрацыя сяброўства

У беларуска-кітайскіх адносінах адбылася важная падзея. 8 чэрвеня Менск наведаў намесьнік старшыні КНР Хань Чжэн.

У тыя часы, калі ў кіраўніцтве Кітаю кожныя дзесяць гадоў адбывалася ратацыя, пасада намесьніка старшыні азначала, што гэтая другая асоба ў кітайскай герархіі стане наступным лідэрам КНР. Цяпер, калі ратацыю адмянілі, Сі Цзіньпін бестэрмінова захоўвае ўладу, другім па палітычнай вазе ў краіне зьяўляецца прэм’ер дзяржсавету. А пасада віцэ-старшыні стала больш цырыманіяльнай. Хань Чжэн не ўваходзіць у склад Пастаяннага камітэту Палітбюро Кампартыі Кітая — найвышэйшага ўладнага арэапагу гэтай краіны.

Хань Чжэн не ўваходзіць у склад Пастаяннага камітэту Палітбюро Кампартыі Кітая

Хань Чжэн наведаў Менск пасьля Санкт-пецярбурскага эканамічнага форума, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным, выступаў у панэльнай дыскусіі. Ужо стала традыцыяй, што высокія кітайскія чыноўнікі прыяжджаюць у Беларусь па дарозе з Расеі.

Пад візыт кітайскага госьця беларускія ўлады прымеркавалі правядзеньне Беларуска-кітайскага форуму прамысловага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва. З ім правялі перамовы Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер Аляксандр Турчын.

Візыт Хань Чжэна азначае, што адносіны паміж Менскам і Пэкінам застаюцца на высокім палітычным узроўні. Для кіраўніцтва Беларусі адносіны з КНР вельмі важныя. Ва ўмовах абмежаваных кантактаў з Захадам Менск традыцыйна імкнецца паказваць наяўнасьць моцных зьнешнепалітычных партнэраў. Кітай застаецца адным з глябальных цэнтраў сілы, з якім кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае рэгулярны палітычны дыялёг.

Кітай як процівага ўплыву Расеі

Лукашэнка хацеў бы, каб КНР стала пэўнай процівагай расейскаму ўплыву. Вялізная залежнасьць ад Расеі ўвесь час выклікала і працягвае выклікаць у афіцыйнага Менску пэўны дыскамфорт. Лукашэнка традыцыйна імкнецца паказаць, што Беларусь мае ня толькі расейскі, але і кітайскі вэктар, мае падтрымку такога глябальнага сілавога цэнтру, як Кітай. Гэта дазваляе яму дэманстраваць як унутры краіны, так і звонку, што краіна не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. У гэтым сэнсе візыт Хань Чжэна — гэта важны палітычны, сымбалічны рэсурс для ўладаў Беларусі. Каштоўнасьць падтрымкі Кітая асабліва значная цяпер, калі Беларусь аказалася ў складанай сытуацыі з прычыны эскаляцыі расейска-ўкраінскай вайны.

Абодва бакі падкрэсьліваюць асаблівы характар беларуска-кітайскіх адносін. Хань Чжэн падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным заявіў: «Беларусь для Кітая — гэта ўсепагодны, усебаковы стратэгічны партнэр. Такіх партнэраў у Кітая не было». У сваю чаргу Турчын узгадаў пра дырэктыву «Аб практычным напаўненьні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнэрства Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай», якую Лукашэнка падпісаў сёлета ў траўні і адзначыў: «Сёньня Кітай — адзіная замежная дзяржава, адносна якой прымаюцца дакумэнты такога ўзроўню».

Гандлёвы дэфіцыт

Аднак імкненьне Менску манэтызаваць сваю геапалітычную ляяльнасьць Кітаю не дае жаданага выніку. Можна сказаць, што беларуска-кітайскія адносіны разьвіваюцца ў дзьвюх паралельных плашчынях. Палітычныя дачыненьні знаходзяцца на высокім узроўні. А вось што тычыцца эканамічных зносін, то тут цікавасьць Кітая да Беларусі невялікая.

10 гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень-лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд

Хоць чыста вонкава ў эканамічным супрацоўніцтве дзьвюх краін, выглядае, усё нармальна. Кітай цяпер — другі гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі. Ягоная доля ў беларускім вонкавым гандлі складае 11%. Першы намесьнік прэмʼер-міністра Мікалай Снапкоў даводзіць, што Беларусь за 10 гадоў патроіла тавараабарот з Кітаем і падвоіла экспарт у гэтую краіну.

Але ёсьць некалькі праблем. Чым больш расьце гандаль з Кітаем, тым больш павялічваецца адмоўнае сальда для Беларусі. То бок імпарт кітайскіх тавараў і паслуг у Беларусь шматкроць апярэджвае экспарт беларускіх у Кітай. Дзесяць гадоў таму дэфіцыт у гандлёвых адносінах з КНР складаў $1,5 млрд, а за студзень-лістапад 2025 году ён ужо налічваў $5,5 млрд.

Вельмі паказальна разьвіваецца галоўная вітрына супрацы дзьвюх краін — індустрыяльны парк «Вялікі камень». Гэты аб’ект будавалі дзеля таго, каб паправіць гандлёвы балянс, зрабіць яго станоўчым. Ён павінен быў стаць беларускімі варотамі для кітайскіх тавараў у Эўропу. Але адносіны з Эўразьвязам у Беларусі ня склаліся, гэтыя вароты аказаліся напалову зачыненыя. У выніку дэфіцыт гандлёвага балянсу Парку за студзень-верасень мінулага году павялічыўся ў 11 разоў.

Нерэалізаваны патэнцыял кітайскага інвэстара

Па вялікім рахунку не атрымалася роля Кітаю як інвэстара беларускай эканомікі. КНР больш зацікаўленая даваць Беларусі зьвязаныя крэдыты, чым інвэставаць у тутэйшую гаспадарку. А калі ўжо і інвэставаць, то на вельмі льготных для сябе ўмовах, як гэта адбылося ў выпадку індустрыяльнага парку «Вялікі камень».

Першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў, выступаючы на беларуска-кітайскім форуме і зьвяртаючыся да госьця з Кітая, заявіў: «Любы тавар, выраблены ў Беларусі, атрымлівае свабодны доступ на рынак ЭАЭС — гэта больш за 180 млн спажыўцоў у пяці краінах. Інвэстуючы ў нас, вы атрымліваеце вытворчую базу ня толькі для Беларусі, але і для ўсёй Эўразіі». Але тут узьнікае лягічнае пытаньне: каб трапіць на рынкі краін ЭАЭС, навошта кітайцам так далёка ехаць, каб ладзіць інвэстыцыі. Геаграфічна ўсе іншыя краіны-чальцы Эўразійскага саюзу знаходзяцца значна бліжэй да Кітаю, чым Беларусь.

Пастаянныя канфлікты афіцыйнага Менску з суседзямі, выявілі ненадзейнасьць беларускага партнэра

Кітай разглядае Беларусь як важнага транзытнага партнэра, пра тэрыторыю якога ідзе вялізны аб’ём кітайскага экспарту ў Эўропу. Аднак пастаянныя канфлікты афіцыйнага Менску з суседзямі, у выніку чаго Польшча, Літва закрывалі памежныя пераходы ці ўвогуле мяжу, выявілі ненадзейнасьць беларускага партнэра.

Можна меркаваць, што ў беларуска-кітайскіх адносінах завязваецца яшчэ адзін канфліктны вузел. Вядома, што Кітай зьяўляецца адным з галоўных імпартэраў беларускага калію. Можна меркаваць, што кітайскія кампаніі былі б ня супраць увайсьці ў калійны бізнэс Беларусі ў любой якасьці. Але Лукашэнка прапанаваў прадаць калійнае радовішча «Нежын» не найлепшым сябрам, зь якімі ў яго «ўсепагоднае партнэрства», а амэрыканцам — галоўным праціўнікам Кітаю. Наўрад ці, у Пэкіне на гэта глядзяць з энтузіязмам.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG