Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіравы расейскі парасон: Беларусь пад пагрозай новай эскаляцыі вайны

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на вайсковых вучэнбнях у Калінінградзскай вобласьці Расеі, архіўнае фота
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на вайсковых вучэнбнях у Калінінградзскай вобласьці Расеі, архіўнае фота

Сьцісла

  • У момант паліўнага крызісу і крымскай драмы Пуцін ня можа пайсьці на спыненьне вайны, бо расейскае грамадзтва ўспрыме гэта як паразу.
  • У выпадку эскаляцыі вайны, уцягненьня ў яе Беларусі, Расея мала чым зможа дапамагчы саюзьніку, бо яна сама сябе ня ў стане абараніць
  • Пагроза больш актыўнага выкарыстаньня Беларусі ў расейскіх мілітарысцкіх мэтах застаецца высокай.
  • Украіна цяпер дзейнічае з пазыцыі сілы. Напад на яе з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе прайшоў для рэжыму Лукашэнкі беспакарана, але цяпер гэта не паўторыцца.

Расея і Украіна ідуць па шляху ваеннай эскаляцыі. Такая сытуацыя для афіцыйнага Менску даволі дыскамфортная, бо ваеннае абвастрэньне можа закрануць Беларусь. Аднак існы рэжым ня мае стратэгіі, як дыстанцыявацца ад гэтай небясьпекі, і разьлічвае на шчасьлівы зьбег абставінаў.

Год таму Крэмль мог «прадаць» перамогу

У ноч з 18 на 19 ліпеня адбылася наймаштабнейшая балістычная атака на Кіеў. У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы з дапамогай дронаў наносяць усё новыя ўдары па стратэгічных аб’ектах на тэрыторыі Расеі. Вайна РФ супраць Украіны разгараецца з усё большай лютасьцю, яе эскалююць абодва бакі. І з кожным новым ударам пэрспэктывы замірэньня звужаюцца.

Праблема ў тым, што ні Масква, ні Кіеў ня могуць пайсьці на кампраміс менавіта з палітычнага гледзішча. У гэтым пляне сытуацыя горшая, чым, напрыклад, было год таму, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп імкнуўся пасадзіць бакі канфлікту за стол перамоваў.

У прынцыпе год таму кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін мог бы пайсьці насустрач амэрыканскім заклікам і спыніць баявыя дзеяньні на тагачаснай лініі фронту. Тады Крэмль мог бы «прадаць» і ўласнаму грамадзтву, і сусьветнай супольнасьці прамежкавыя вынікі вайны як сваю перамогу. Маўляў, мы захапілі і далучылі новыя тэрыторыі з расейскамоўным насельніцтвам, прабілі сухапутны калідор у Крым, і аб’яднаны Захад, NATO не змаглі нас спыніць. Значыць, мы перамаглі.

Цяпер для Пуціна мір як параза

А вось цяпер сытуацыя моцна зьмянілася. За апошнія паўгоду Расею напаткалі моцныя праблемы. Тут і ступар на полі бою, праблемы з рэкрутынгам у войска, вялікі дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту.

Аднак галоўная праблема выявілася ў іншым. Вайна паўнавартасна прыйшла ў Расею, закранула лад жыцьця людзей, стала фактам сьвядомасьці шараговага абывацеля. Яе ўжо немагчыма схаваць за маскай «СВО».

Спачатку зьявіліся праблемы з інтэрнэтам, якія самі ўлады зьвязалі з ваеннымі дзеяньнямі. Украінскія дроны сталі лётаць па ўсёй эўрапейскай частцы РФ, залятаюць у Маскву і Санкт-Пецярбург. Удары па НПЗ стварылі востры паліўны крызіс, зьявіўся дэфіцыт бэнзіну, чэргі на запраўках.

Асаблівая драма разгортваецца вакол Крыму. Ён фактычна знаходзіцца ў паўблякадзе, паліўны крызіс вядзе да дэфіцыту электраэнэргіі, харчаваньня і інш.

Крым для Расеі — гэта ня проста далучаная гвалтоўным шляхам тэрыторыя. Гэта палітычны сымбаль. З захопу Крыму ў 2014 годзе пачалося палітычнае бранзавеньне рэжыму Пуціна. Сумна знакаміты «Крымскі кансэнсус» стаў ідэалягічнай асновай расейскай імпэрскай велічы, на якой грунтуецца цяперашняя падтрымка вайны насельніцтвам РФ. І вось цяпер высьвятляецца, што гэты здабытак з ганаровага сымбалю на вачах ператвараецца ў «ахілесаву пятку».

І ў такой сытуацыі Пуцін ня можа аб’явіць пра перамогу. Цяпер спыненьне вайны, заключэньне міру будзе ўспрымацца і грамадзтвам, і элітай як параза. У момант, калі па ўсёй краіне чэргі па бэнзін, а з Крыму бягуць людзі, кампраміс, прымірэньне будзе разглядацца як тое, што Расею прымусілі спыніць вайну. І ніякая прапаганда ня зможа пераламаць такое ўражаньне.

Пуцін гэта добра разумее. Для яго спыненьне вайны цяпер — гэта палітычны крах. Таму ў крамлёўскага дыктатара няма іншага выйсьця, як працягваць вайну і чакаць нейкага больш спрыяльнага моманту.

Украіна дзейнічае з пазыцыі сілы

Зь іншага боку, Украіна адчула сваю моц, яна гэтага не хавае і спрабуе скарыстацца новымі абставінамі. Кіеў стаў больш сьмела весьці сябе на міжнароднай арэне.

Пра гэта сьведчыць канфлікты з Вугоршчынай (у часы кіраваньня Віктара Орбана), Славаччынай, Польшчай, псыхалягічная атака на Беларусь, адкрыты тролінг Уладзіміра Пуціна Ўладзімірам Зяленскім. Нават Дональд Трамп фактычна прызнаў, што ва Ўкраіны зьявіліся «карты», і стаў больш зважаць на пазыцыю Кіева.

Украінскі прэзыдэнт адчуў сябе так упэўнена, што, як лічыць палітоляг Уладзімір Пастухоў, гатовы восеньню правесьці выбары. Каб скарыстацца «дывідэндамі адноснай перамогі». Магчыма з гэтым зьвязана зьмена ўраду ў краіне. У такой сытуацыі ў Кіева няма падставаў ісьці на саступкі, шукаць кампрамісы.

Такім чынам, пазыцыя абодвух бакоў штурхае іх да ваеннай эскаляцыі.

«Дзіравы парасон»

Як гэта адбіваецца на Беларусі? Такая сытуацыя для афіцыйнага Менску даволі дыскамфортная, нават больш складаная, чым на пачатку вайны з шэрагу прычын.

Найперш, шмат праблем зьяўляецца ў адносінах з Расеяй. Для Аляксандра Лукашэнкі хаўрус з Крамлём быў аптымальным спосабам палітычнага выжываньня. Вядома ж, вялізная залежнасьць ад Расеі мае мінусы. Масква выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі ў 2022 годзе для нападу на Ўкраіну, ня вельмі зважаючы на інтарэсы самой Беларусі і дзейнага тут рэжыму.

Але, зь іншага боку, Расея раскрыла ваенны парасон над Беларусьсю. Было аб’яўлена аб разьмяшчэньні тут расейскай ядзернай зброі, ракет «Арэшнік». Лукашэнка лічыў гэта гарантыяй сваёй бясьпекі. Як ён калісьці казаў, «краіну зь ядзернай зброяй не бамбяць».

І вось цяпер высьвятляецца, што расейскі парасон — дзіравы, Расея сама сябе ратаваць ня можа, ня здольная абараніць сваю тэрыторыю ад украінскіх дронаў. РФ сёньня для Беларусі з ваеннага гледзішча ня столькі гарантыя бясьпекі, колькі праблема.

Эскаляцыя праз Беларусь?

Другі момант. Каб выпутацца з той сытуацыі, у якую патрапіў Крэмль, Пуцін будзе імкнуцца да эскаляцыі вайны рознымі шляхамі. Як адзначыў беларускі аналітык Сяргей Чалы ў інтэрвію «DW. Беларусь», «любы сцэнар эскаляцыі мае на ўвазе ўдзел Беларусі: гэта альбо выкарыстаньне тактычнай ядзернай зброі, альбо вайна жывой сілай і тэхнікай, альбо гібрыдная вайна з краінамі NATO».

Можна спрачацца, наколькі такі алярмісцкі падыход слушны, але пагроза больш актыўнага выкарыстаньня Беларусі ў расейскіх мілітарысцкіх мэтах застаецца высокай. Аднак гэта зусім не пасуе інтарэсам Лукашэнкі. Бо ўцягвацца ў вайну, якая ідзе яўна не на карысьць Расеі, калі сам пуцінскі рэжым, магчыма, знаходзіцца напярэдадні крызісу, было б палітычным самазабойствам для дзейнага рэжыму Беларусі.

Нарэшце, Украіна цяпер дзейнічае з пазыцыі сілы. Напад на яе з тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе прайшоў для існага рэжыму беспакарана, але цяпер гэта не паўторыцца. Сам Лукашэнка прызнаў, што беларуская тэрыторыя цяпер уразьлівая перад украінскімі дронамі.

Тактыка Лукашэнкі

Ці ўсьведамляе Лукашэнка гэтыя пагрозы, ці разумее, што сытуацыя за год моцна памянялася з стратэгічнага гледзішча не на яго карысьць? Здаецца, што так. Іншая рэч, што ён не бачыць нейкага ўцямнага выйсьця.

Міралюбівая рыторыка, якая пачасьцілася апошнім часам, разьлічана, хіба, толькі на ўнутраную аўдыторыю. Нядаўнія закрытыя перамовы паміж Лукашэнкам і Пуціным на Валдаі, як можна меркаваць, сьведчаць пра рост напружаньня паміж хаўрусьнікамі. Ці выратуе Кітай, кіраўнік якога Сі Цзіньпін заявіў пра падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі? Наўрад ці Пэкін гатовы ісьці дзеля абароны рэжыму Лукашэнкі на канфлікт зь суседзямі Беларусі. Узгадайма, як асьцярожна паводзіў сябе Кітай падчас беларуска-польскага памежнага супрацьстаяньня 1-2 гады таму.

А больш у Менску асабліва няма хадоў. У былыя часы Лукашэнка, трапіўшы ў складаную сытуацыю, пачынаў вызваляць палітвязьняў і казаць пра шматвэктарную палітыку. А цяпер такая тактыка для яго не варыянт. Бо лібэралізацыя для рэжыму — ня меншая пагроза, чым эскаляцыя вайны.

Таму ўся лёгіка выжываньня грунтуецца на спадзеве: а раптам пранясе? Можа неяк само рассмокчацца?

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода

    Кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі «Александр Лукашенко. Политический портрет» (2010), адзін з самых цытаваных палітычных камэнтатараў Беларусі.

    На Свабодзе — ад 1999 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG