Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія дроны атакавалі НПЗ і склад Wildberries у расейскай Разані

Пажар на адным з складоў Wildberries. Архіўнае фота
Пажар на адным з складоў Wildberries. Архіўнае фота

Расея даўно атакуе ўкраінскія гарады і цывільную інфраструктуру ракетамі і дронамі. Пуцін адхіліў прапанову Кіева спыніць удары ўглыб дзьвюх краін. Украіна ў адказ атакуе расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) і склады, адкуль расейскія войскі атрымліваюць тавары падвойнага прызначэньня.

Украінскія дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ) і лягістычны цэнтар Wildberries, паведамляюць расейскія і ўкраінскія маніторынгавыя тэлеграм-каналы.

Сартавальны комплекс Wildberries, паводле зьвестак Astra, разьмешчаны на тэрыторыі індустрыяльнага парку «Разанскі» ў раёне вёскі Цюшава Разанскага муніцыпальнага раёну. У самой кампаніі паведамілі, што супрацоўнікаў складу эвакуавалі адпаведна патрабаваньням бясьпекі.

Разанскі нафтаперапрацоўчы завод уваходзіць у першую пяцёрку найбуйнейшых НПЗ Расеі, на яго прыпадае амаль 5 працэнтаў агульнага аб’ёму перапрацоўкі нафты ў краіне. Яго раней ужо атакавалі некалькі разоў. Пасьля ўдараў УСУ 15 траўня 2026 году завод прыпыніў працу. Прадпрыемства ўваходзіць у структуру кампаніі «Роснефть».

Губэрнатар Разанскай вобласьці Павел Малкоў заявіў, што ў «выніку падзеньня абломкаў БПЛА» ёсьць пажар на прамысловых тэрыторыях, шпіталізаваныя шэсьць чалавек, пагрозы іх жыцьцям няма.

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юры Сьлюсар заявіў, што над рэгіёнам зьбілі «каля шасьці дзясяткаў БПЛА і ракету».

У «выніку падзеньня абломкаў ракеты на жылы шматкватэрны дом», паводле яго, загінула жанчына, пацярпелі двое мужчын. «Жыхары пашкоджанага ў выніку падзеньня абломкаў БПЛА і ракет шматкватэрнага дому эвакуаваныя і знаходзяцца ў пункце часовага разьмяшчэньня. Людзям аказана патрэбная дапамога», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Міністэрства абароны Расеі заявіла аб 295 зьбітых украінскіх бесьпілётніках над тэрыторыямі Белгарадзкай, Бранскай, Варонескай, Калускай, Курскай, Арлоўскай, Растоўскай, Разанскай вобласьцяў, Краснадарскага краю, анэксаванага Крыму, Чуваскай Рэспублікі, Рэспублікі Татарстан.

Ранейшыя атакі на склады Wildberries

Раней у выніку атак бесьпілётнікаў гарэлі іншыя лягістычныя цэнтры гандлёвай пляцоўкі Wildberries — у тым ліку ў Пецярбургу, Краснадары і Нявіннамыску Стаўрапольскага краю, Маскоўскай і Тамбоўскай вобласьцях Расеі.

Зяленскі раней патлумачыў удары

Уладзімір Зяленскі раней заявіў, што «далёкабойныя санкцыі Ўкраіны пасьпяхова паразілі лягістычныя цэнтры, якія займаюцца забесьпячэньнем расейскай арміі кампанэнтамі бесьпілётнікаў, навігацыйным абсталяваньнем і тэхнікай, а таксама чарговыя нафтабазы».

«Мы справядліва вяртаем вайну дадому — у Расею. Патрэбен мір, і Ўкраіна дала расейскаму боку ўсе прапановы. Мы павінны прымусіць яго зьвярнуцца да дыпляматыі».

Ён заявіў, што вайну трэба завяршаць, і гэта магчыма толькі праз узмацненьне ціску на адзіную прычыну гэтай вайны — Расею.

У Расеі распачалі справу аб тэрарыстычным акце.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG