Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ацанілі, у якіх мэтах Расея стварыла пускавыя пляцоўкі каля Беларусі

Беспілётнікі «Герань» на аўтамабільных плятформах на комплексе пад Цымбуловай,  Арлоўская вобласьць. Архіўнае фота
Беспілётнікі «Герань» на аўтамабільных плятформах на комплексе пад Цымбуловай, Арлоўская вобласьць. Архіўнае фота

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што Расея пашырае ўздоўж мяжы з Украінай і Беларусьсю пускавыя пляцоўкі для сваіх далёкабойных ударных бесьпілётнікаў для ўзмацненьня ўдараў па заходняй частцы Ўкраіны, а ў будучым, імаверна, і па краінах NATO.

Такім чынам, як адзначаецца ў справаздачы, амэрыканскія экспэрты ацанілі інфармацыю брытанскага выданьня The Telegraph аб 10 пабудаваных Расеяй уздоўж мяжы з Украінай і Беларусьсю пляцоўках, на якіх разьмешчана сама меней 59 новых мэханічных плятформаў для запуску ўдарных дронаў. На кожнай зь іх можна разьмясьціць да 1000 бесьпілётнікаў.

Сёлета ў чэрвені Свабода выявіла і прааналізавала сетку расейскіх аэрадромаў і пускавых комплексаў, якія апошнімі гадамі ўзьніклі каля беларускай мяжы і могуць выкарыстоўвацца для запуску сотняў ударных бесьпілётнікаў.

«Расея, імаверна, будуе гэтыя дадатковыя пускавыя пляцоўкі на захадзе Расеі, каб павялічыць сваю здольнасьць запускаць больш вялікія залпы далёкабойных бесьпілотнікаў для абстрэлу ўсёй Украіны. Расея, падобна, таксама імкнецца выкарыстоўваць рэактыўныя бесьпілётнікі „Герань-4“ і „Герань-5“ для нанясеньня ўдараў у глыб заходняй Украіны, выкарыстоўваючы большую хуткасьць і ўстойлівасьць бесьпілётнікаў для пранікненьня праз украінскую супрацьпаветраную абарону», — адзначылі экспэрты.

Апроч таго, паводле іх, Расея, перамяшчаючы свае пускавыя пляцоўкі, спрабуе абараніць сваю інфраструктуру для дронаў, а таксама рыхтуецца да выкарыстаньня свайго аналягу Starlink — «Рассвет».

«Новыя расейскія пускавыя базы бесьпілётнікаў таксама могуць падтрымліваць будучыя расейскія ўдары супраць NATO, калі Крэмль вырашыць гэта зрабіць, паколькі базы дазволяць павялічыць аб’ём залпаў, а пускавыя станцыі будуць падтрымліваць дасяжнасьць бесьпілётнікаў на тэрыторыі NATO», — мяркуюць у ISW.

Што папярэднічала

Украіна неаднаразова заяўляла, што Расея выкарыстоўвала рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі для атакі Жытомірскай і Ровенскай вобласьцяў для зьнішчэньня лягістыкі замежнай вайсковай дапамогі.

«Ідзе выбіваньне чыгункі, зьнішчэньне транспартнай інфраструктуры, і гэта датычыць Корасьценя, Алеўска, Ровенскай вобласьці. То бок яны імкнуцца выбіць транспартныя вузлы, ідзе паляваньне за рухомым складам чыгункі. Ціск пэрманэнтны», — заявіў сёлета ў чэрвені загадчык навучальна-навуковай лябараторыі супрацьдзеяньня дэзынфармацыі Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўнівэрсытэту Віталь Кулік.

Паводле яго, такімі дзеяньнямі на памежжы Расеі імкнецца перарэзаць асноўную артэрыю паставак з заходняй Украіны на фронт. «Мова ідзе пра дарогу Кіеў-Чоп», — удакладніў ён.

У чэрвені прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Менск адключыць рэтрансьлятары, празь якія расейскія дроны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для навігацыі. Паводле Зяленскага, адказу не было, і Ўкраіна «сама вырашыла гэтую праблему».

Пазьней Зяленскі заявіў, што чатыры такія рэтрансьлятары ў Гомельскай і Берасьцейскай абласьцях перасталі працаваць. Былы галоўнакамандуючы Ўзброеных сілаў Украіны Аляксандар Сырскі таксама казаў, што адзін зь іх яшчэ ненадоўга ўключалі, але выказаў сумнеў, што гэта паўторыцца.

Афіцыйна ні Беларусь, ні Ўкраіна не паведамлялі пра ўдары па гэтых аб’ектах.

Аднак у канцы ліпеня стала вядома, што беларускі мабільны апэратар МТС абвясьціў тэндэр на аднаўленьне базавай станцыі ў вёсцы Тонеж Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. На рамонт 39-мэтровай вышкі кампанія гатовая выдаткаваць каля 9 тысяч даляраў. Новая закупка МТС можа быць першым ускосным сьведчаньнем таго, што адна з такіх вышак сапраўды была сурʼёзна пашкоджаная.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG