Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім порце Усьць-Луга, які выкарыстоўвае Беларусь, пажар пасьля ўкраінскай атакі. Дрон зьбілі і ў Латвіі

Наступствы ўкраінскага ўдару па порце Усьць-Луга ў сакавіку 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы ўкраінскага ўдару па порце Усьць-Луга ў сакавіку 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія сілы з пачатку 2024 году пэрыядычна атакуюць гэты расейскі порт на Балтыйскім моры. Пасьля ўвядзеньня санкцый супраць Беларусі Усьць-Луга стаў асноўным портам для беларускага экспарту.

Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка паведаміў, што над Ленінградзкай вобласьцю ў ноч на 14 жніўня зьбілі 54 украінскія дроны.

«У выніку пашкоджаньня зафіксавалі ўзгараньне ў порце Усьць-Луга», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

Порт забясьпечвае амаль палову экспартных нафтавых паставак Расеі і амаль цалкам — беларускі экспарт. Удары па гэтым порце і спыненьне яго дзейнасьці могуць істотна паўплываць на даходы Беларусі ад замежнага гандлю нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі.

Украінскія афіцыйныя структуры пакуль не камэнтуюць гэтую атаку.

Зьнішчальнікі NATO зьбілі дрон

На тле гэтай украінскай атакі ў Нацыянальных узброеных сілах Латвіі заявілі аб пагрозе ў паветранай прасторы і заклікалі жыхароў чатырох, памежных з Расеяй і Беларусьсю раёнаў, перайсьці ва ўкрыцьці.

Пазьней паведамілі, што ў паветра паднялі зьнішчальнікі NATO, якія зьбілі адзін дрон.

Раней ужо фіксавалі такія выпадкі, калі ў выніку атакі Ленінградзкай вобласьці ўкраінскія дроны заляталі на тэрыторыю краін Балтыі. 19 траўня ўкраінскі дрон зьбілі над тэрыторыяй Эстоніі.

Лукашэнка зацікавіўся Усьць-Лугай у 2020 годзе

Да 2020 году асноўныя пастаўкі беларускіх мінэральных угнаеньняў і нафтапрадуктаў ішлі празь літоўскі порт Клайпеду. Але ён спыніў прыём беларускай прадукцыі пасьля ўводу Эўразьвязам і Літвой санкцыяў за жорсткі разгон акцыяў пратэсту супраць сфальсыфікаваных вынікаў выбараў прэзыдэнта.

Упершыню Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра Усьць-Лугу 25 верасьня 2020 году на сустрэчы з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Аляксандрам Дразьдзенкам.

«Вельмі шмат мы цяпер гаворым і працуем над зьменай лягістыкі пастаўкі нашых тавараў. Порт Усьць-Луга — гэта ж Ленінградзкая вобласьць. Нам трэба дамовіцца што там б ні было. А пытаньне адно — гэта чыгуначныя тарыфы і перагрузка ў партах», — заявіў тады Лукашэнка.

Тады ж Лукашэнка ініцыяваў будаўніцтва «беларускага прычалу» Усьць-Лугі, як ён сказаў, за кошт зэканомленых на будаўніцтве Беларускай АЭС грошай.

5 кастрычніка 2020 году старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько далажыў Лукашэнку аб значным скарачэньні замежнага гандлю цераз мытную мяжу з краінамі Балтыі, Польшчы і Ўкраіны. Тады толькі ў жніўні ён скараціўся на 15 адсоткаў — да 71 мільёна тон тавараў.

У лістападзе 2020 году Лукашэнка з гэтай нагоды патэлефанаваў расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну.

Прэсавая служба Лукашэнкі назвала пытаньне перавалкі беларускіх тавараў з порту Усьць-Луга «іншым актуальным пытаньнем размовы» з Пуціным, хоць ужо тады было зразумела, што спыненьне супрацы з Клайпедай пагражала стратаю галоўнай крыніцы фармаваньня дзяржаўнага бюджэту Беларусі ўжо ў наступным годзе. Таму перабудаваньне лягістыкі патрабавала хуткага рашэньня.

Дамову аб вывазе грузаў праз Усьць-Лугу падпісалі ў пачатку 2021-га

19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб арганізацыі перавалкі нафтапрадуктаў у 2021–2023 гадах у аб’ёме больш за 9,8 мільёна тон.

Гэты дакумэнт прадугледжваў заключэньне кантрактаў на грунце прынцыпу take-or-pay. Гэта азначае, што калі адпраўнік дастаўляе менш грузу, чым прадугледжана, ён усё роўна мусіць заплаціць морскаму тэрміналу за ўвесь узгоднены раней аб’ём. Тады дамаўляліся аб штогадовай перавалцы ў аб’ёме, крыху большым за 3 мільёны тон.

Першыя пастаўкі нафтапрадуктаў пачаліся ўжо ў сакавіку 2021 году.

Наладжаную лягістыку выкарысталі і для мінэральных угнаеньняў

Практычна адразу пасьля першых паставак нафтапрадуктаў праз Усьць-Лугу бакі пачалі абмяркоўваць стварэньне інфраструктуры для вывазу беларускіх угнаеньняў.

Першую лінію для аміячных і сухіх угнаеньняў зь Беларусі на тэрмінале Port Favor адкрылі 13 сьнежня 2024 году. Сёлета празь яго плянавалі экспартаваць 14 мільёнаў тон беларускіх угнаеньняў.

Сярод новых задач кіраўніцтва порту і Ленінградзкай вобласьці вызначыла будаўніцтва новага чыгуначнага падыходу, які дазволіць прымаць грузы зь Беларусі.

«Гэта вельмі важна і для перанакіраваньня грузаў, бо дарога перагружаная і ўжо ёсьць дэфіцыт магутнасьцяў, і мы разьлічваем, што гэтая дарога будзе запатрабаваная і для беларускіх грузаў», — сказаў губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 28 сакавіка 2025 году.

Беларускіх будаўнікоў далучаюць да рэканструкцыі тэрміналаў Усьць-Лугі

У лютым 2024 году дзяржаўнае выданьне «СБ» паведаміла, што ў порце Усьць-Лугі на рэканструкцыі комплексу для перавалцы і фракцыянаваньня стабільнага газавага кандэнсату працавалі арганізацыі беларускага холдынгу «Белбудцэнтар».

Пасьля ўводу санкцыяў за 5,5 году порт Усьць-Луга стаў адным з асноўных хабаў для грузаў зь Беларусі, ключавым у пераарыентацыі беларускага экспарту. Паведамлялі, што ў канцы 2025 году пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз гэты порт вырасьлі ў некалькі разоў.

Беларускі бок ня раз заяўляў аб жаданьні пабудаваць там спэцыялізаваны беларускі тэрмінал і ўвайсьці ў стывідорныя актывы Усьць-Лугі для забесьпячэньня доўгатэрміновай лягістыкі.

Расейскія ўлады не паведамляюць аб маштабах наступстваў украінскіх удараў. Пішуць пра адсутнасьць пацярпелых і ахвяраў, а таксама пра своечасовае тушэньне пажараў на тэрміналах.

Улады Беларусі таксама не камэнтуюць гэтую сытуацыю. Пакуль невядома, ці ад украінскіх атак пацярпелі беларускія грузы.

Украінскі бок сьцьвярджае, што ў порце пасьля ўдараў запаволеная або нават цалкам спыненая адгрузка нафтапрадуктаў на экспарт.

Беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG