Расейскі порт Усьць-Луга зноў гарыць ад удару. Ва Ўкраіне ад абстрэлаў Расеі цярпіць энэргетыка

Пажар у порце Усьць-Луга раніцай 27 сакавіка 2026 году
Пажар у порце Усьць-Луга раніцай 27 сакавіка 2026 году

Улады Ленінградзкай вобласьці заявілі, што за апошнія содні над рэгіёнам зьбілі 36 дронаў.

Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, удар ужо трэці раз быў накіраваны на нафтаналіўныя парты ў Прыморску і Усьць-Лузе.

На спадарожнікавых фота можна пабачыць, што пажар у Усьць-Лузе разгарэўся з новай сілай.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што за апошнія сем дзён у адказ на ўкраінскія атакі расейскай тэрыторыі нанесьлі адзін інтэнсіўны і пяць групавых удараў.

У ведамстве сьцьвярджаюць, што ва Ўкраіне пацэлілі па прадпрыемствах ВПК, аб’ектах паліўна-энэргетычнай, транспартнай і аэрадромнай інфраструктуры, па вытворчасьці безэкіпажных морскіх дронаў і па пунктах дысьлякацыі ўкраінскай арміі.

Ва Ўкраіне заявілі аб атаках Расеі на цывільную інфраструктуру

У Палтаўскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу спынілі здабычу газу на адным з аб’ектаў кампаніі «Нафтагаз». У выніку пажару, як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, істотна пашкоджана абсталяваньне. З пачатку гэтага году расейскія войскі 40 разоў атакавалі інфраструктуру кампаніі.

Апроч таго, расейцы пацэлілі ў адно зь мясцовых прамысловых прадпрыемстваў, у выніку чаго больш за 5 тысяч спажыўцоў засталіся бяз газу.

Без электраэнэргіі засталіся і жыхары Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў. Энэргетыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, каб найхутчэй аднавіць энэргазабесьпячэньне.

У Харкаўскай вобласьці пацярпелі 25 чалавек, у Сумскай — адзін чалавек загінуў і 8 параненыя, у Чарнігаўскай — адзін чалавек атрымаў раненьні, у Херсонскай — сама меней два параненыя.

Праз расейскія абстрэлы поўдня Ўкраіны Малдова мае праблемы з электраэнэргіяй

Улады Малдовы заклікалі сваіх грамадзян абмежаваць выкарыстаньне электраэнэргіі ў пікавыя гадзіны з прычыны яе значнага дэфіцыту пасьля лучаньня расейскіх войскаў па лініі электраперадач.

«Існуе рэальная рызыка часовых адключэньняў для падтрыманьня балянсу электрасыстэмы», — адзначаецца ў паведамленьні ўраду.

Улады паведамілі, што прыярытэтным застаецца энэргазабесьпячэньне крытычна важнай інфраструктуры для функцыянаваньня дзяржавы і абароны грамадзян.

Энэргаёмістым прадпрыемствам прапанавалі перанесьці вытворчыя працэсы на няпікавыя пэрыяды спажываньня энэргіі, а грамадзянам парупіцца аб зарадцы сваіх мабільных прыладаў і ўнікаць ліфтаў.

Праблемы з энэргазабесьпячэньнем у Малдове пачаліся пасьля расейскага абстрэлу Ўкраіны 24 сакавіка. Тады на поўдні выйшла з ладу высакавольтная лінія электраперадач, і, каб падтрымліваць энэргазабесьпячэньне, апэратар энэргетычнага рынку краіны Moldelectrica ў каардынацыі з калегамі з Румыніі і Ўкраіны падключылі альтэрнатыўныя маршруты паставак, у тым ліку 4 міжсеткавыя лініі 110 кВ паміж Румыніяй і Малдовай.

​
XS
SM
MD
LG