Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная кампанія «Белмытсэрвіс» атрымала доступ да расейскага порту на Балтыцы

У расейскім порце на Балтыйскім моры, архіўны здымак
У расейскім порце на Балтыйскім моры, архіўны здымак

Пра гэты расейскі порт улады Беларусі гаварылі ўжо ня першы год. Цяпер пагадненьне падпісалі.

Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белмытсэрвіс» афіцыйна паведаміла пра новае пагадненьне з портам Бронка ў расейскім Санкт-Пецярбургу, якое адкрывае магчымасьці для паскоранай перавалкі і спрашчэньня транзытных працэдураў.

Дасягнутая дамоўленасьць пра тое, што «Белмытсэрвіс» атрымаў поўны доступ да інфраструктуры порту.

Гэта дазволіць выкарыстоўваць магутнасьці аднаго з найбуйнейшых балтыйскіх тэрміналаў для паскоранай перавалкі генэральных, навалочных і кантэйнэрных грузаў.

Лягісты кампаніі зараз ужо могуць адпраўляць транспарт на рэжымную тэрыторыю без затрымак, а таксама карыстацца ўсімі магутнасьцямі для апрацоўкі грузаў.

У траўні стала вядома, што Беларусь з пачатку 2026 году павялічыла перавалку грузаў праз расейскія порты на 11%.

Што папярэднічала

Улады Беларусі шмат гадоў вялі размовы пра тое, што Беларусь хоча пабудаваць у Расеі порт, якім будзе паўнавартасна карыстацца. На расейскую Балтыку, а менавіта ў Бронку, у чэрвені 2022 году прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. А задоўга да гэтага, у 2020-м ён прапанаваў губэрнатару Ленінградзкай вобласьці пабудаваць у порце Усьць-Лугі тэрмінал для беларускіх грузаў.

Шукаць магчымасьці перавалкі тавараў праз расейскія порты Беларусь пачала яшчэ да ўвядзеньня міжнародных санкцый, калі ж для яе закрыліся балтыйскія порты, і ў першую чаргу ў Клайпедзе, попыт на тэрміналы ў расейскай частцы Балтыйскага мора абвастрыліся.

У лютым 2023 году ў Маскве падпісалі пагадненьне пра адзіную прамысловую палітыку Расеі і Беларусі. Сярод іншага, дакумэнт забясьпечваў стварэньне альтэрнатыўных маршрутаў пастаўкі экспартнай прадукцыі. Перавозка грузаў у трэція краіны прадугледжвалася як праз марскія порты, так і праз наземную транспартную інфраструктуру. Ужо ў траўні таго году тагачасны прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка наведаў Расею і глядзеў месцы пад патэнцыйнае будаўніцтва порту.

Акрамя Бронкі, гаворка вялася і пра пабудову тэрміналу для беларускіх тавараў у порце Мурманску, на заходнім беразе Кольскай затокі.

Порт Бронка месьціцца на паўднёвым беразе Фінскай затокі. Ён збудаваны ў 2015 годзе.

На гэты момант невядома, у якой ступені выкарыстаньне тэрміналу ў Бронцы задаволіць патрэбы беларускай эканомікі. Пра поступ у будаваньні тэрміналаў, пра якія вялася гаворка раней, нічога не вядома.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG