Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Трамп «ратуе» беларускі калій? Адказвае Жыгар з «Белполу»

Джон Коўл і Аляксандар Лукашэнка
Джон Коўл і Аляксандар Лукашэнка

Злучаныя Штаты афіцыйна папрасілі Літву, Польшчу і Украіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іх тэрыторыю. Пра гэта сьведчыць ліст амэрыканскага спэцпрадстаўніка па Беларусі Джона Коўла на адрас трох сталіц.

У аднастаронкавым дакумэнце гаворыцца: «Цяпер, калі Злучаныя Штаты зьнялі амэрыканскія санкцыі зь «Беларуськалію«, амэрыканскія кампаніі зацікаўленыя ў набыцьці і транспартаваньні беларускага калію. Для гэтага спатрэбіцца транзыт праз краіны ЭЗ, якія мяжуюць зь Беларусьсю, або праз Украіну, каб пазьбегнуць транспартаваньня праз Расею».

Чаму Злучаныя штаты хочуць паспрыяць беларускаму калію? Тлумачыць Уладзімер Жыгар з арганізацыі «Белпол».

0:00 Асноўныя падзеі тыдня
01:40 Галоўная асаблівасьць ядзерных вучэньняў. Юры Фёдараў
04:33 Якія наступствы ад ядзернага шантажу могуць чакаць Беларусь. Валер Кавалеўскі
34:03 Навошта Трамп ратуе беларускі калій. Уладзімер Жыгар
45:10 Вынікі выбараў у Каардынацыйную раду: правал альбо новы шанец. Юры Губарэвіч
50:07 Колькі каштавала ўладам кібэратака на сайт галасаваньня. Павал Лібер
53:35 У Менску затрымалі сьпевака Аляксея Хлястова

Жыгар: Рэжым Лукашэнкі намагаецца зрабіць зьдзелку з ЗША. Але санкцыі, якія былі раней скасаваныя, не прынесьлі ніякага выніку. Я маю на ўвазе зьняцьце санкцый зь «Белавіі». Беларускія самалёты не паляцелі ў ЭЗ. Зьняцьце санкцыяў зь «Беларуськалія» таксама не спрыяе прыходу грошай у беларускі бюджэт, бон няма транзыту праз краіны ЭЗ. Таму ўжо некалькі месяцаў ЗША ціснуць на Літву. Але літоўскія санкцыі інтэграваныя з эўрапейскімі, а тыя завяршаюцца ў 2027. Таму ЗША прынялі рашэньне цяпер ціснуць яшчэ і на Ўкраіну. Яны матывуюць гэта тым, што такім чынам нібыта Беларусь адарвуць ад Расеі. Гэта глупства. Гэта так не працуе«.

Аляксандар Лукашэнка пры гэтым сьцьвярджае, што ў Беларусі няма свабоднага калію на продаж. Нібыта ўсё, што краіна прадукуе, ужо забраніравана іншымі краінамі, таму толькі прадавай.

Жыгар: Лукашэнка павінен гэта казаць. Ён мае паказваць, што не залежыць ад гэтых санкцый, што санкцыі ня б’юць па сыстэме, што яны нават карысныя. Яму трэба паказаць, што санкцыі не праблема і што ўсё цудоўна. Але гэта лухта. Продаж калію праз чыгунку і Расею моцна абніжае прыбытак сыстэмы.

Ці ёсьць нейкая цана за адмену санкцый супраць калію, якая будзе апраўданая для дэмакратычнага грамадзтва і ня будзе выклікаць пратэсту ў тых людзей, якія падтрымлівалі ўвядзеньне такіх санкцый?

Жыгар: Калі б былі спыненыя рэпрэсіі і вызваленыя ўсе палітычныя вязьні. Усе, а ня толькі тыя, хто ў сьпісе Трампа. І гэта толькі ўзамен за калій. А калі мы кажам пра зьняцьце ўсіх санкцыяў, то гэта мусіць адбыцца толькі тады, калі ў Беларусі пачнуцца фундамэнтальныя зьмены. Зараз Лукашэнка хутка замяняе тых, каго вызваляе. Гэта бясконцы працэс, як кажа Алесь Бяляцкі.

Беларускі калій, апрача нафтаапрацоўкі, дае самыя вялікія паступленьні ў беларускі бюджэт. З аднаго боку Лукашэнка сьцьвярджае, што санкцыі Захаду дапамаглі беларускай эканоміцы знайсьці новыя рынкі, а зь іншага, просіць Амэрыку паспрыяць зьняцьцю ўсіх абмежаваньняў. Дык як насамрэч санкцыі паўплывалі на беларускі калій?

Жыгар: Я пакажу на прыкладзе «Белазу». Яго транспарціроўка ў любы пункт сьвету ў апошнія гады павялічылася ўтрая. Тая ж сытуацыя і з каліем. Калі ты ня можаш пастаўляць тым, каму хочаш, ты прадаеш яго тым, хто згодны яго браць. І цана можа быць значна ніжэйшай, чым хочацца прадпрыемству. Цана за транспарт таксама расьце. І гэта ўсё адбіваецца на прыбытку, які атрымлівае ўся галіна.

  • У сьнежні 2025 году ЗША зьмякчылі санкцыі супраць трох беларускіх калійных кампаній пасьля вызваленьня Менскам 250 палітвязьняў у межах дамоўленасьцяў з ЗША. Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць падоўжаны.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG