Рада Эўразьвязу вырашыла працягнуць санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку абмежаваньні працягваюць дзейнічаць супраць беларускіх угнаеньняў. У Клайпедзкім порце падлічылі, што праз забарону на перавозку беларускіх угнаеньняў празь Літву порт недаатрымлівае каля 14 мільёнаў эўра даходу штогод, піша LRT.
Генэральны дырэктар Управы Клайпедзкага дзяржаўнага марскога порту Альгіс Латакас зазначае, што да ўвядзеньня санкцыяў у 2021 годзе перавалка беларускіх калійных угнаеньняў у порце сягала амаль 12 млн тонаў і складала амаль траціну ўсёй перавалкі (45,6 млн тонаў).
Паводле ацэнак Адміністрацыі порту, праз забароны на перавалку ўгнаеньняў празь Літву з 2022 па 2026 гады было страчана каля 56 мільёнаў эўра даходу.
Латакас дадаў, што не атрымліваюць даходаў праз адсутнасьць такіх грузаў таксама экспэдытарныя і іншыя кампаніі, якія раней зараблялі на беларускіх угнаеньнях.
Выручка тэрміналу насыпных грузаў, якія перагружаў беларускія ўгнаеньні ў Клайпедзе, у 2021 годзе дасягнула 95 мільёнаў эўра, а чысты прыбытак склаў 16,1 мільёна эўра, паводле зьвестак Цэнтру рэестраў. У 2024 годзе кампанія заявіла аб атрыманьні 3,2 мільёна эўра выручкі і панесла чыстыя страты ў памеры 6,1 мільёна эўра.
У адказ на зьмены Клайпедзкі порт актыўна шукае новыя рынкі і грузы. Пры гэтым дасягнуць колішняй магутнасьці пакуль не ўдаецца. Калі ў 2021 годзе перавалка дасягнула 45,6 млн тонаў, дык летась 39 млн т.
«Пры ацэнцы беларускага і расейскага напрамкаў летась асноўнымі таварамі, якія перавозіліся праз Клайпедзкі порт, былі жывёльныя і расьлінныя тлушчы, алеі, харчовыя прадукты, напоі, тытунь і расьлінная прадукцыя».
ЗША зьнялі санкцыі зь беларускіх калійных угнаеньняў 13 сьнежня 2025 году пасьля перамоваў памочніка Дональда Трампа Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. У той дзень на загад Лукашэнкі з турмаў выпусьцілі 123 палітычных зьняволеных.
Эўропа, у адрозьненьне ад Злучаных Штатаў, сваіх санкцый супраць беларускіх калійных угнаеньняў не зьняла.
Альгіс Латакас у сьнежні ўжо папярэджваў, што порт у Клайпедзе гатовы да перавалкі беларускіх угнаеньняў. Але ў літоўскім урадзе рашэньне амэрыканцаў выклікала дыскусіі. Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс зьняпраўджваў інфармацыю пра тое, што Літва абмяркоўвала з ЗША зьняцьце санкцый зь беларускага калію.
Форум