Кіраўнік хунты М’янмы перад сустрэчай з Лукашэнкам пагаварыў пра эканоміку з Турчыным

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын выступае на адкрыцьці Беларуска-м’янмскага форуму. 20 жніўня 2026

У Менск пасьля візыту ў Маскву прыехаў кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг — ён ачольваў вайсковы пераварот у краіне, а потым, па выніках выбараў, стаў яе прэзыдэнтам. Ён плянуе правесьці сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, а перад ёй сустрэўся з прэм’ерам Беларусі Аляксандрам Турчыным.

Чакецца, што цягам 20 жніўня Беларусь і М’янма плянуюць падпісаць шэраг дакумэнтаў. Мін Аўнг Глайнг таксама прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцьця пасольства Мʼянмы ў Менску.

Турчын: «Мы — аднадумцы»

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын заявіў, што Беларусь і М’янма зьяўляюцца «найбліжэйшымі партнэрамі і аднадумцамі», нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласьць.

«Палітычная воля прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Лукашэнкі і прэзыдэнта М’янмы Мін Аўн Глайнга задае высокую плянку ўзаемадзеяньня», — сказаў Турчын падчас адкрыцьця Беларуска-м’янмскага форуму.

Кіраўнік М’янмы Мін Аўнг Глайнг слухае выступ беларускага прэм'ера на Беларуска-м’янмскім форуме. 20 жніўня

Турчын выказаў думку, што эканомікі дзьвюх краіны «не канкуруюць, а ўзаемна дапаўняюць адна адну». Прэм’ер Беларусі прапанаваў сканцэнтравацца на пераходзе ад простых тавараабменных апэрацый да глыбокай прамысловай каапэрацыі ў наступных сфэрах:

  • лёгкая прамысловасьць,
  • аграпрамысловы комплекс,
  • ахова здароўя і фармацэўтыка,
  • высокія тэхналёгіі, навука і падрыхтоўка кадраў,
  • юрыдычная база для інвэстыцый і стварэньне фінансава-лягістычнай інфраструктуры.


«Мы гатовыя да рэалізацыі праектаў, у аснове якіх — лякалізацыя вытворчасьці ў М’янме шырокай лінейкі запатрабаваных тавараў. Беларусь прапануе М’янме ня проста набываць гатовую тэхніку, а з апорай на беларускія тэхналёгіі супольна працаваць над стварэньнем дабаўленай вартасьці ўнутры вашай краіны», — заявіў Аляксандар Турчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусам далі «бязьвіз» у М’янму, але абавязалі рэгістраваць там свае мабільныя тэлефоны

У М’янме кіруе вайсковая хунта

Паварот замежнай палітыкі афіцыйнага Менску ў бок Глябальнага Поўдня і Паўднёва-ўсходняй Азіі адбыўся з-за канфлікту Беларусі з Захадам.

У М’янме Лукашэнка выказваў захапленьне гэтай краінай і рэжымам, які там кіруе. А між тым М’янма — адна з самых праблемных, бедных і ізаляваных краінаў сьвету. Там кіруе вайсковая хунта. У краіне ідзе грамадзянская вайна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду запрасіў ордэр на арышт кіраўніка вайсковай хунты Мін Аўнг Глайнга, які стаў прэзыдэнтам.

У 2025 годзе Мін Аўнг Глайнг двойчы наведваў Беларусь. Галоўным кампанэнтам абодвух візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрытае ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Вайсковае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.

Праваабарончая арганізацыя Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму. Сталі вядомыя ўмовыПасьля Расеі, Кітаю, Інданэзіі Лукашэнка накіраваўся ў М’янму, дзе кіруе вайсковая хунтаХрэнін хоча ўмацаваць узаемадзеяньне з М’янмай «па лініі ідэалягічнай работы»Улады М’янмы кажуць, што перавялі зьняволеную экс-лідэрку краіны пад хатні арыштУ М’янме палітвязьням замянілі сьмяротныя кары на пажыцьцёвае зьняволеньнеБеларуская дэлегацыя на чале зь Сергяенкам прыбыла ў М’янму на інаўгурацыю кіраўніка вайсковай хунты