Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам далі «бязьвіз» у М’янму, але абавязалі рэгістраваць там свае мабільныя тэлефоны

У М'янме, ілюстрацыйнае фота
У М'янме, ілюстрацыйнае фота

Гэта трэба рабіць, калі раней чалавек не наведваў гэтай краіны. Такія правілы ўвяла хунта.

Нацыянальнае агенцтва турызму паведаміла пра навацыю, якая чакае беларусаў, якія падарожнічаюць у М’янму. Цяпер у гэтай краіне трэба рэгістраваць мабільныя тэлефоны, калі яны раней у краіне не выкарыстоўваліся. Такое патрабаваньне два тыдні таму апублікавалі мясцовы Цэнтральны рэестар ідэнтыфікацыі абсталяваньня (CEIR) і Кіроўчы камітэт праекту сыстэмы EIR М’янмы, заўважыў dev.by.

Пасажыры, якія прыбываюць у М’янму празь міжнародныя аэрапорты (Янгон, Нэйп'іда і Мандалай), пры ўмове абавязковай рэгістрацыі могуць увозіць у краіну ня больш за два тэлефоны на працягу году, улучна з тым, што выкарыстоўваецца ў час уезду.

Калі тэлефон яшчэ не зарэгістраваны ў CEIR, яго трэба запісаць на стойцы мытнай прверкі на лётнішчы, запоўніўшы пасажырскую дэклярацыю з пазначэньнем IMEI-нумару.

Калі тэлефон будзе выкарыстоўвацца ў М’янме больш за 30 дзён, давядзецца заплаціць адпаведны падатак і падаць дадатковыя дакумэнты, інакш чалавек атрымае штраф.

У сьпісе дакумэнтаў — заява на рэгістрацыю ў сыстэме CEIR, копія пашпарту, пасадачны талён (арыгінал і копія), авіябілет (арыгінал і копія) і арыгінал формы пасажырскай дэклярацыі.

Падзеі ў М’янме

М’янма (колішняя назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яна мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам.

Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы урад М’янмы ў выніку перавароту ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт.

У краіне дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.

ЗША, Эўразьвяз і Канада ўвялі супраць М’янмы санкцыі за зьвяржэньне законнага кіраўніка краіны Аўнг Сан Су Чы.

Зь ліпеня 2024 году Мін Аўнг Глайнг выконваў абавязкі прэзыдэнта М’янмы — тады абвясьцілі, што прызначаны ў выніку захопу ўлады прэзыдэнт М’інг Сўэ праз стан здароўя ўзяў водпуск па хваробе і перадаў свае паўнамоцтвы прэм’ер-міністру. Пазьней кіраўнік вайсковай хунты канчаткова абвясьціў сябе прэзыдэнтам і правёў адмысловую цырымонію, запрасіўшы туды і прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан выдаў ордэр на арышт М’янмы Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Дачыненьні зь Беларусьсю

Антыдэмакратычныя ўлады Беларусі і М'янмы шчыльна супрацоўнічаюць, дамаўляюцца на вайсковыя пагадненьні, рэгулярна сустракаюцца з розных нагодаў, як на роўні міністэрстваў, так і на роўні кіраўнікоў.

8 ліпеня 2026 году паміж М'янмай і Беларусьсю пачаў дзейнічаць бязьвізавы рэжым. Грамадзяне краінаў наўзаем могуць вандраваць у гэтыя краіны, маючы толькі дзейны нацыянальны пашпарт.

Пры гэтым беларусам, якія разважаюць, ці варта ім наведваць гэтую азіяцкую краіну, варта памятаць, што ў М'янме дагэтуль трывае грамадзянская вайна. Дзейнічаюць групы партызанаў, якія не скарыліся ўраду вайскоўцаў і ваююць супраць яго. Таму спакой у М'янме можа быць толькі адносным.

М'янма паводле шэрагу чыньнікаў называцца адной з найбольш несвабодных дзяржаваў сьвету.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG