Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму. Сталі вядомыя ўмовы

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам М'янмы Мін Аўнг Глайнгам, 2 ліпеня 2026 году
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам М'янмы Мін Аўнг Глайнгам, 2 ліпеня 2026 году

Празь дзень пасьля візыту Лукашэнкі ў гэтую краіну апублікавалі тэкст пагадненьня, падпісанага летась.

Генэральнае пагадненьне аб наданьні экспартных крэдытаў урады Беларусі і М’янмы падпісалі 28 лістапада 2025 году ў м’янмскай сталіцы, і з той даты яно пачало часова дзейнічаць.

Цяпер бакі паведамілі адзін аднаго аб завяршэньні адпаведных унутрыдзяржаўных працэдур, што дае старт для яго паўнавартаснага выкарыстаньня. Тэкст дакумэнту 3 ліпеня апублікавалі на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі.

Якія банкі будуць крэдытаваць і страхаваць экспартныя пастаўкі ў М’янму

Крэдыторамі вызначаныя Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і «Белінвестбанк». Яны ж будуць і страхаваць экспартныя пастаўкі. Дадатковым страхаўшчыком будзе «Белэксімгарант».

Атрымальнікам экспартных крэдытаў ад імя ўраду М’янмы вызначана Міністэрства фінансаў і даходаў краіны.

Умовы крэдытаваньня будуць розныя, залежна ад катэгорыі прадукцыі. Іх дзьве — інвэстыцыйныя тавары і прамежкавыя, спажывецкія і іншыя тавары (работы, паслугі).

Крэдыты могуць выдавацца ў расейскіх і беларускіх рублях, кітайскіх юанях, далярах ЗША ці эўра.

Умовы крэдыту

М’янмскі бок павінен вярнуць крэдыты цягам ня больш за 5 гадоў. Адтэрмінаваць іх выплаты магчыма будзе ня больш, чым на год.

Базавая стаўка залежыць ад валюты, у якой выдаецца крэдыт, і вызначаецца залежна ад стаўкі рэфінансаваньня рэгулючых органах краін паходжаньня гэтай валюты.

Пагашэньне крэдыту павінна адбывацца пасьлядоўнымі паўгадавымі плацяжамі.

Што папярэднічала

2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пасьля Расеі, Кітаю і Інданэзіі Лукашэнка накіраваўся ў М’янму.

Прэсавая служба Лукашэнкі абнародавала ягоныя выказваньні толькі з пратакольнай часткі сустрэчы з прэзыдэнтам М’янмы Мін Аўнг Глайнгам. Яны былі агульныя і даволі фармальныя:

  • «Мы з вамі павінны даць старт новай ступені разьвіцьця дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі, якія будуць характарызвацца, як прыклад для іншых краін гэтага рэгіёну».
  • «Мы не сябруем супраць кагосьці, мы сябруем і разьвіваем нашыя дачыненьні на карысьць нашым народам».

Лукашэнка павіншаваў Мін Аўнг Глайнга з безумоўнай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах — яны праходзілі ў тры этапы з сьнежня 2025-га да студзеня 2026 году.

Трэцяга ліпеня на афіцыйным сайце Лукашэнкі апублікавалі ягонае віншаваньне Мін Аўнг Глайнга з 70-годзьдзем.

Асноўная сфэра супрацы — абарона

Гэта была пятая сустрэча Лукашэнкі і кіраўніка вайсковай хунты М’янмы.

Мін Аўнг Глайнг тройчы наведваў Менск — у 2014 і двойчы ў 2025 — у сакавіку і чэрвені. Галоўным кампанэнтам трох візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны па паглыбленьні абароннага супрацоўніцтва.

Ваеннае супрацоўніцтва каардынуецца праз сумесную камісію па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, у рамках якой абмяркоўваюцца пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгій і навучаньня.

Чаму гэта важна

Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўлены ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключэньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграм.

Justice For Myanmar заклікае заходнія юрысдыкцыі каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на судах і самалётах, якія курсіруюць паміж Беларусьсю і М’янмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, праз якія могуць накіроўвацца грузы з Беларусі ў Мʼянму.

Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускае саўдзел у Мʼянме. У прыватнасьці, БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць падвергнутыя санкцыям і шырэйшаму акадэмічнаму байкоту з прычыны іх сувязяў з мʼянманскай хунтай.

27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG