У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб сустрэчы Віктара Хрэніна зь міністрам абароны М’янмы Тун Аўнгам, які прыехаў у Менск з першым пасьля яго прызначэньня візытам.
«Як сьведчыць досьвед, супраца ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай сфэрах часта зьяўляецца лякаматывам разьвіцьця двухбаковых сувязяў паміж дзяржавамі ў цэлым. мяркую, што мы на правільным шляху і ўпэўненымі крокамі ідзем наперад. Супольнымі намаганьнямі мы можам адкрыць новыя гарызонты для супрацы», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба ведамства.
Міністар абароны Беларусі адзначыў «канструктызны дыялёг» М’янмы з Дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэтам, а таксама зьвяпнуў увагу на супрацу ў сфэрах вайсковай адукацыі, баявой падрыхтоўкі. «Віктар Хрэнін [...] адзначыў неабходнасьць умацаваньня ўзаемадзеньня па лініі органаў ідэалягічнай работы і прывітаў абмен досьведам Беларусі і М’янмы ў галіне супрацьпаветранай абароны (СПА)», — паведаміла прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Міністар абароны М’янмы заявіў аб цікаўнасьці да абмену досьведам у сфэрах СПА, сувязі, вайсковай прамысловасьці і ў падрыхтоўцы кадраў.
Чым вядомая М’янма
У выніку перавароту ў жніўні 2021 году да ўлады ў М’янме прыйшла вайсковая хунта на чале з Мін Аўнг Глайнгам, які тройчы наведваў Менск — у 2014 і двойчы ў 2025 — у сакавіку і чэрвені.
Тун Аўнг стаў міністрам абароны сёлета ў красавіку. Да гэтага быў галоўным камандуючым вайсковапаветраных сіл М’янмы.
М’янма (колішняя назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, яна мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам. У 2021 годзе ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. У краіне дагэтуль працягваецца грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.
ЗША, Эўразьвяз і Канада ўвялі супраць М’янмы санкцыі за зьвяржэньне законнага кіраўніка краіны Аўнг Сан Су Чы.
27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт кіраўніка М’янмы Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.
Форум