«Ваш візыт у Беларусь ня проста пацьвярджае ўзаемны інтарэс да супрацы, але і ў значнай ступені будзе спрыяць рэалізацыі палажэньняў падпісанай у лістападзе 2025 году дарожнай мапы супрацы на 2026–2028 гады», — працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба ведамства.
У сваю чаргу Зо М’ё Тын заявіў аб пазытыўнай дынаміцы супрацы, якая адпавядае «нацыянальным інтарэсам» дзьвюх дзяржаваў. «Абаронныя ведамствы нашых краін пасьпяхова знаходзяць пункты судакрананьня, адкрываючы новыя магчымасьці для ўзаемавыгаднай супрацы», — адзначыў ён.
22 красавіка вайсковая дэлегацыя М’янмы наведала Менскі аўтамабільны завод, які актывізаваў працу ў інтарэсах вайскова-прамысловага комплексу Расеі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Дэлегацыя таксама плянуе яшчэ наведаць Віцебск.
Беларусь і М’янма пачалі вайсковую супрацу ў 2021 годзе, адразу пасьля вайсковага перавароту ў гэтай краіне, калі вайсковы ўрад ачоліў Мін Аўнг Глайнг. 27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на яго арышт паводле абвінавачваньня ў злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны — народу рагінг’я.
У 2019 і 2021 гадах Беларусь і М’янма папісалі кантракты аб пастаўках сыстэмаў апэратыўнага камандаваньня супрацьпаветранай абаронай MADOC, радыёлякацыйнай сыстэмы V3D (меркавана, «Усход 3D») і комплексу GMS-II — падобна, мадэрнізаванай вэрсіі савецкай сыстэмы «Квадрат-М».
У 2025 годзе кіраўнік м’янманскай хунты Мін Аўнг Глайнг двойчы наведаў Беларусь. Ён сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам абароны Віктарам Хрэніным і кіраўнікамі абаронных прадпрыемстваў. Абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны паглыбленьня абароннай супрацы.
Вайсковую супрацу каардынуе сумесная камісія, у рамках якой абмяркоўваюць пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгіяў і навучаньня.
М’янма (іншая назва Бірма) — шматнацыянальная дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, мяжуе з Індыяй, Банглядэшам, Кітаем, Лаосам і Тайляндам. У 2021 годзе ў краіне адбыўся вайсковы пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. У краіне дагэтуль ідзе грамадзянская вайна паміж вайсковай хунтай і этнічнымі ўзброенымі групоўкамі.
- Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Мʼянмай устаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, заключаныя пагадненьні, укладзеныя сумесныя абаронныя праграмы.
- Праваабарончая ініцыятыва Justice For Myanmar (дзейнічае ў экзылі) заклікае заходнія краіны каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на караблях і самалётах, якія курсуюць паміж Беларусьсю і Мʼянмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, празь якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.
- Арганізацыя таксама заклікае пашыраць санкцыі ў адказ на беларускі саўдзел у вайсковых захадах кіраўніцтва Мʼянмы. У прыватнасьці, яны прапануюць санкцыі супраць шэрагу навучальных установаў, у тым ліку БДУІР, БДТУ і БДУ, і іх кіраўніцтва за сувязь з мʼянманскай хунтай.
Форум