Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя на чале зь Сергяенкам наведала інаўгурацыю прэзыдэнта М’янмы

Беларуская дэлегацыя на інаўгурацыі кіраўніка вайсковай хунты М’янмы ў якасьці прэзыдэнта краіны
Беларуская дэлегацыя на інаўгурацыі кіраўніка вайсковай хунты М’янмы ў якасьці прэзыдэнта краіны

Азіяцкай краінай М’янмай ужо некалькі гадоў жорстка кіруе вайсковая хунта, зь якой улады Беларусі маюць добрыя дачыненьні.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка ўзяў удзел у цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта Рэспублікі М’янма. Ім стаў кіраўнік вайсковай хунты, якая гвалтоўна захапіла ўладу ў дзяржаве некалькі гадоў таму ў выніку дзяржаўнага закалоту.

Мін Аўнг Глайнг зачытаў прысягу ў прысутнасьці сяброў абедзьвюх палат м’янманскага парлямэнту (Асамблеі Зьвязу), судзьдзяў Вярхоўнага суду, іншых афіцыйных асобаў і замежных гасьцей.

Мін Аўнг Глайнг
Мін Аўнг Глайнг

Кандыдатуру Мін Аўнг Глайнга на пасаду прэзыдэнта 3 красавіка 2026 году падтрымала большасьць дэпутатаў Асамблеі Зьвязу, паведамілі дзяржаўныя СМІ гэтай краіны.

Прэзыдэнт абіраецца на 5-гадовы тэрмін. Разам зь Мін Аўнг Глайнгам прысягу прынялі першы і другі віцэ-прэзыдэнты Ньо Са і Нан Ні Ні Эй.

У час інаўгурацыі
У час інаўгурацыі

У рамках візыту Ігар Сергяенка правёў кароткія гутаркі са старшынём Палаты нацыянальнасьцяў Асамблеі Зьвязу Аўнам Лін Двэ і сваім расейскім калегам — намесьнікам старшыні Дзяржаўнай думы Расеі Шалбанам Кара-аолам.

Пазьней прэс-служба Палаты прадстаўнікоў апублікавала відэа ўдзелу Сергяенкі ў цырымоніі ў Найпʼіда.

Дзяржаўны закалот у Мʼянме 2021 году

У выніку перавароту ў Мʼянме 1 лютага 2021 году ўладу ў краіне захапілі вайскоўцы. Яны ўзялі пад варту Аўнг Сан Су Чы — кіраўніцу «Нацыянальнай лігі за дэмакратыю», якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе 2020 году. Вайскоўцы абвінавацілі яе партыю ў маштабных фальсыфікацыях. Яны распусьцілі ранейшы склад выбарчай камісіі.

У краіне пасьля перавароту пачаліся маштабныя акцыі супраць вайскоўцаў. На пратэстах у першыя тыдні загінулі больш за 400 чалавек. Затым у краіне фактычна разгарнулася партызанская вайна супраць новых уладаў. Апошнім часам паведамленьняў пра новыя ўспышкі амаль не паступае, што можа сьведчыць пра тое, што вайсковай хунце ўдалося ўзяць пад кантроль усе асноўныя ўчасткі ў дзяржаве.

Мін Аўнг Глайнг ачоліў вайсковы ўрад М’янмы ў жніўні 2021 году. Да гэтага ён камандаваў Узброенымі сіламі краіны. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт — яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны, народу рагінг’я.

Улады забаранілі дзейнасьць Нацыянальнай лігі за дэмакратыю (НЛД) Аўнг Сан Су Чы, якая пераканаўча перамагла падчас апошняга дэмакратычнага галасаваньня ў краіне.

У 2023 годзе выбарчая камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў хунты, абвясьціла аб роспуску НЛД за тое, што яна не прайшла перарэгістрацыю паводле новага жорсткага закону, распрацаванага вайскоўцамі.

Сустрэчы на ўзроўні Беларусь — М’янма

7 сакавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнгам, які прыяжджаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

У канцы таго ж месяца беларуская дэлегацыя наведала М’янму зь візытам у адказ. Яе ачоліў міністар абароны Віктар Хрэнін. Афіцыйна ён прыехаў у Азію для ўдзелу ў вайсковым парадзе, «прымеркаваным да 80-й гадавіны стварэньня Ўзброеных сіл М’янмы». Міністар абароны М’янмы Маўнг Маўнг Эй прысутнічаў з Хрэніным на парадзе, а Мін Аўнг Глайнгу міністар зь Беларусі падарыў кнігу пра Лукашэнку.

Па перамовах зь міністрам абароны М’янмы бакі падпісалі пратакол аб умацаваньні вайсковай супрацы.

На сустрэчы зь Мін Аўнг Глайнгам Хрэнін тады заявіў, што супраца Беларусі і М’янмы патрабуе «маштабнай перазагрузкі ўзаемадзеяньня». Тады ж праз Хрэніна м’янманскі ўрад запрасіў наведаць краіну зь візытам самога Лукашэнку, і ўжо ў лістападзе паездка адбылася.

Прадстаўнікі м’янманскай хунты таксама прыяжджалі ў Менск, каб «вывучыць беларускую выбарчую сыстэму». Пазьней у дзяржаве зарганізавалі парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, нра якіх хунта ўмацавала свае пазыцыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG