Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі павінны адкрыць да 1 лістапада 2026 году.
Кіраўнік ураду Беларусі даручыў Міністэрству фінансаў вылучыць на адкрыцьцё і ўтрыманьне амбасады сродкі, прадугледжаныя для Міністэрства замежных справаў.
Трэцяга ліпеня стала вядома, што Беларусь будзе крэдытаваць пастаўкі сваёй прадукцыі ў М’янму.
Што папярэднічала
2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка пасьля Расеі, Кітаю і Інданэзіі накіраваўся ў М’янму.
Прэсавая служба Лукашэнкі абнародавала ягоныя выказваньні толькі з пратакольнай часткі сустрэчы з прэзыдэнтам М’янмы Мін Аўнг Глайнгам. Яны былі агульныя і даволі фармальныя:
- «Мы з вамі павінны даць старт новай ступені разьвіцьця дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі, якія будуць характарызавацца як прыклад для іншых краін гэтага рэгіёну».
- «Мы не сябруем супраць кагосьці, мы сябруем і разьвіваем нашыя дачыненьні на карысьць нашым народам».
Лукашэнка павіншаваў Мін Аўнг Глайнга з безумоўнай перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах — яны праходзілі ў тры этапы з сьнежня 2025 да студзеня 2026 году.
Трэцяга ліпеня на афіцыйным сайце Лукашэнкі апублікавалі ягонае віншаваньне Мін Аўнг Глайнгу з 70-годзьдзем.
Асноўная сфэра супрацы — абарона
Гэта была пятая сустрэча Лукашэнкі і кіраўніка вайсковай хунты М’янмы.
Мін Аўнг Глайнг тройчы наведваў Менск — у 2014 і ў сакавіку і чэрвені 2025 году. Галоўным пунктам трох візытаў была вайскова-тэхнічная супраца — на сустрэчах найперш абмяркоўвалі пытаньні паставак, мадэрнізацыі тэхнікі, а таксама пляны паглыбленьня абароннай супрацы.
Вайсковая каапэрацыя каардынуецца праз сумесную камісію вайскова-тэхнічнай супрацы, на якой абмяркоўваюць пытаньні вытворчасьці, рамонту, трансфэру тэхналёгіяў і навучаньня.
Чаму гэта важна
Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і М’янмай былі ўстаноўленыя ў 1999 годзе. Ганаровае консульства Беларусі ў Янгоне адкрыта ў 2011 годзе. За апошнія дзесяць гадоў актывізаваліся афіцыйныя візыты, падпісаньне пагадненьняў і арганізацыя сумесных абаронных праграмаў.
Justice For Myanmar заклікае заходнія дзяржавы каардынаваць адсочваньне і надгляд падазроных грузаў на караблях і самалётах, якія курсуюць паміж Беларусьсю і М’янмай, у прыватнасьці праз транзытныя краіны, а таксама ўзмацніць мытны кантроль у транзытных вузлах, празь якія могуць накіроўвацца грузы зь Беларусі ў Мʼянму.
Арганізацыя таксама заклікае пашырыць санкцыі ў адказ на беларускі саўдзел у чыннасьцях мʼянманскай хунты. У прыватнасьці, супраць БДУІР, БДТУ і БДУ і іх кіраўніцтва павінны быць уведзеныя санкцыі і шырокі акадэмічны байкот з прычыны іх сувязяў з хунтай.
27 лістапада 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Мін Аўнг Глайнга. Яго абвінавачваюць у злачынствах супраць мусульманскай меншасьці краіны — народу рагінг’я.
Форум