Былы прэзыдэнт М’янмы Ўін М’інт, які быў пад вартай пасьля закалоту 2021 году, атрымаў памілаваньне, піша AFP.
Ён займаў пасаду прэзыдэнта з 2018 году, калі М’янма была на піку дзесяцігадовага экспэрымэнту цывільнага кіраваньня, рэзка спыненага вайсковым пераваротам.
Нягледзячы на тое, што Ўін М’інт займаў кіраўнічую пасаду, яна мела адно цырыманіяльную ролю. Фактычнай кіраўніцай дзяржавы была старшыня ўраду Аўнг Сан Су Чы, якой займаць пасаду прэзыдэнта забараняла канстытуцыя, распрацаваная хунтаю.
Канцылярыя новага прэзыдэнта М’янмы Мін Аўнг Глайнга пацьвердзіла памілаваньне Ўін М’інта, але няясна, ці палітыка вызваляць з-пад варты.
Пасьля пяці гадоў на пасадзе кіраўніка ўзброеных сілаў Мін Аўнг Глайнг прыняў прэзыдэнцкую прысягу. Замежныя назіральнікі адзначаюць, што пакуль дэмакратычных зьменаў у краіне не адбылося — зьмянілася толькі назва пасады, якую займае кіраўнік хунты. Цяперашняя зьмена суправаджалася скасаваньнем пэўных рэпрэсіўных захадаў хунты пасьля перавароту — крокаў, якія кіраўніцтва прасоўвае як «прымірэньне», але крытыкі апісваюць як касмэтычныя захады, накіраваныя на імтацыю рэформаў.
На інаўгурацыю кіраўніка хунты як прэзыдэнта ў М’янму адмыслова прылятала дэлегацыя зь Беларусі на чале з старшынём Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам.
Мін Аўнг Глайнг таксама зьмякчыў усе сьмяротныя прысуды і загадаў вызваліць больш за 4300 зьняволеных у межах амністыі з нагоды Новага году ў М’янме — аднаго зь дзяржаўных сьвятаў, калі звычайна праводзяцца масавыя памілаваньні.
За калючым дротам турмы ў Янгоне журналісты AFP бачылі вызваленую рэжысэрку Шэн Дэўі, якой у 2024 годзе прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне, пазьней замененае на 15 гадоў турмы. Кінематаграфістку судзілі за «саўдзел у тэрарызьме», паведамляла арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў», якая назвала ейны першы тэрмін найбольш суворым прысудам для журналісткі пасьля дзяржаўнага перавароту.
Паводле зьвестак Асацыяцыі дапамогі палітычным зьняволеным, пасьля перавароту больш за 30 000 чалавек у М’янме затрымалі з палітычных матываў. Хунта аднавіла для апазыцыі пакараньні сьмерцю, якіх не было ў краіне дзесяцігодзьдзямі.
Адпаведна лічбам ААН, больш за 130 чалавек былі асуджаныя на сьмерць. Цяпер Мін Аўнг Глайнг замяніў ім сьмяротную кару на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Зрынутая былая кіраўніца ўраду Аўнг Сан Су Чы, 80-гадовая ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру, застаецца пад вартай, адбываючы 27-гадовы тэрмін, які праваабарончыя групы называюць палітычна матываваным. Адвакат Су Чы паведаміў, што турэмны тэрмін ёй скарацілі на адну шостую, але няясна пакуль, ці задаволіла вайсковая хунта хадайніцтва абаронцаў пра перавод зьняволенай з турмы пад хатні арышт.
Таксама застаецца невядомым стан здароўя Аўнг Сан Су Чы і ейны псыхалягічны стан — палітычную дзяячку трымаюць у рэжыме інкамунікада, бяз сувязяў з вонкавым сьветам.
Форум