Журналісты Радыё Свабода і «Схемы» стварылі інтэрактыўную мапу вайсковай інфраструктуры Беларусі

Беларуская служба Радыё Свабода разам з украінскім расьсьледніцкім праектам «Схемы» Ўкраінскай службы Радыё Свабода падрыхтавалі інтэрактыўную мапу больш як 150 ключавых элемэнтаў вайсковай інфраструктуры Беларусі. Праект заснаваны на аналізе спадарожнікавых здымкаў, адкрытых крыніц, дасьледаваньняў вайсковых экспэртаў і ранейшых журналісцкіх расьсьледаваньнях Свабоды.


>>> ГЛЯДЗЕЦЬ МАПУ ПА СПАСЫЛЦЫ <<<


За тры з паловай гады Беларусь істотна зьмяніла сваю вайсковую інфраструктуру. На мапе пазначаныя вайсковыя часткі, аэрадромы, палігоны, склады боепрыпасаў і паліва, прадпрыемствы абароннай прамысловасьці, радыёлякацыйныя вузлы і іншыя аб’екты. Сярод іх — аэрадромы, якія расейская авіяцыя выкарыстоўвала падчас наступу на Ўкраіну ў 2022 годзе, склады, празь якія праходзіла забесьпячэньне расейскага войска, новыя вайсковыя мястэчкі і элемэнты інфраструктуры, што ўзьніклі ці былі мадэрнізаваныя ўжо пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ня толькі пляцдарм»: як Беларусь разбудоўвае вайсковую інфраструктуру

Частку адзначаных на мапе аб’ектаў вайсковыя аналітыкі і дасьледнікі называюць ключавымі для разуменьня таго, як Расея пры падтрымцы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі можа выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў выпадку новай агрэсіі супраць Украіны або стварэньня пагрозаў краінам NATO.

На мапе таксама адзначаныя некаторыя закінутыя савецкія вайсковыя базы. Паводле ацэнак вайсковых аналітыкаў, частку зь іх можна разглядаць як інфраструктурныя рэзэрвы для разгортваньня новых вайсковых падразьдзелаў. За апошнія гады журналісты Свабоды ўжо выявілі некалькі такіх прыкладаў. У прыватнасьці, на месцы былога вайсковага мястэчка каля вёскі Паўлаўка ў Слуцкім раёне з 2024 году таемна будуецца, імаверна, завод вытворчасьці артылерыйскіх боепрыпасаў. А на тэрыторыі закінутага вайсковага аэрадрому «Крычаў-6» з восені 2025 году ствараецца інфраструктура для магчымага разьмяшчэньня расейскага стратэгічнага ракетнага комплексу «Орешник».

Праект будзе абнаўляцца. Журналісты плянуюць дадаваць на мапу новыя вайсковыя аб’екты, якія зьявяцца ў Беларусі або будуць мець значэньне для разуменьня вайсковай інфраструктуры краіны.

Перадгісторыя

Армія Беларусі не прымае беспасярэдняга ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны, але з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну тэрыторыя Беларусі стала пляцдармам для расейскіх атак і рыхтаваньня расейскіх войскаў.

Акрамя таго, у 2022 годзе ў Беларусі дзейнічаў так званы «фільтрацыйны лягер», якім кіравалі расейскія вайскоўцы. Там трымалі выкрадзеных украінскіх мірных жыхароў і ваеннапалонных перад далейшай дэпартацыяй іх ў Расею. Лягер знаходзіўся ў будынку на зямельным участку, які належыць дзяржаўнаму беларускаму прадпрыемству.

Гэтым летам Уладзімір Зяленскі папярэдзіў, што Расея працягвае падбухторваць Беларусь да вайны і выкарыстоўвае правакацыі, у тым ліку атакі бесьпілётнікаў, каб уцягнуць у канфлікт беларусаў.

15 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка папрасіў прабачэньня ў прэзыдэнта Украіны за свае рэзкія заявы і чарговы раз запэўніў, што нападу з боку Беларусі ня будзе. У той жа час ён прызнаў, што Беларусь «вельмі ўразьлівая ў вайсковым пляне, калі Ўкраіна пачне атакаваць Беларусь гэтак жа, як яна атакуе Расею». Паводле словаў Лукашэнкі, Беларусь — «як на далоні» для ўкраінскіх вайскоўцаў, і гэта адна з прычын, чаму краіна ня хоча ўдзельнічаць у вайне.

«Мы выдатна разумеем, што пад ударам будуць нашы асноўныя аб’екты жыцьцезабесьпячэньня — вытворчасьць і лягістыка. Як яны заявілі, яны ўжо заплянавалі 500 такіх цэляў на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Ён яшчэ раз запэўніў, што ўкраінскаму народу і вайскоўцам няма чаго баяцца небясьпекі з боку Беларусі, што гэта нікому ня выгадна. У той жа час у дакладзе намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі, перададзеным украінскаму боку ў чэрвені сёлета, адзначаецца высокая ступень гатоўнасьці да беспасярэдняга ўступленьня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў вайну супраць Украіны на баку Расеі.

30 ліпеня Офіс генэральнагага пракурора Ўкраіны зарэгістраваў зварот з Офісу прэзыдэнта Ўкраіны наконт магчымага завядзеньня крымінальнай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі. Зварот зьмяшчае просьбу даць праўную ацэнку дзеяньням фактычнага кіраўніка Беларусі Лукашэнкі «ў сувязі зь яго роляй у падтрымцы расейскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі для ўварваньня расейскіх войскаў і г.д.».

Аўтары звароту прасілі разгледзець магчымасць завядзеньня справы паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у тым ліку аб вядзеньні агрэсіўнай вайны, ваенных злачынствах, фінансаваньні тэрарызму, замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, прапагандзе вайны і генацыдзе.