Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка перадаў у Кіеў аналітычны даклад аб тым, як Беларусь сыстэмна рыхтуецца да вайны

Вучэньні беларускай арміі, 2025 год
Вучэньні беларускай арміі, 2025 год

Ліст і даклад Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) перадалі міністру замежных справаў Украіны Андрэю Сыбігу.

Зварот Паўла Латушкі стаў разьвіцьцём дамоўленасьцяў, дасягнутых у траўні падчас рабочага візыту беларускай дэлегацыі ў Кіеў, паведаміў АПК.

«Мы фіксуем факты, якія ўказваюць на падрыхтоўку Беларусі да патэнцыйнага прамога ўдзелу ў вайне на баку Расеі. Гэтая гатоўнасьць выяўляецца ў зьмене заканадаўства, адмове ад нэўтральнага статусу, мабілізацыі эканомікі і павелічэньні вайсковых выдаткаў, стварэньні „народнага апалчэньня“ і росьце колькасьці ўзброеных сілаў, будаўніцтве вайсковай інфраструктуры, глыбокай інтэграцыі з расейскімі вайскова-прамысловым комплексам і ўзброенымі сіламі, у інфармацыйна-прапагандысцкай працы для фармаваньня антызаходніх настрояў у грамадзтве. Тэрыторыя Беларусі ўжо выкарыстоўваецца як лягістычная база і трэнавальны палігон, а з 2023 году — як месца магчымага разьмяшчэньня тактычнага ядзернай зброі», — гаворыцца ў звароце, падпісаным намесьнікам старшыні АПК Паўлам Латушкам.

З 2022 году Беларусь праводзіць сыстэмную трансфармацыю вайсковай сфэры, якая ўключае зьмены заканадаўства. У тым ліку на так званым рэфэрэндуме была зьмененая Канстытуцыя, у выніку чаго Беларусь перастала быць нэўтральнай і бязьядзернай краінай.

Новая ваенная дактрына, прынятая ў 2024 годзе, афіцыйна дазваляе наносіць прэвэнтыўныя ўдары пры «непасрэднай пагрозе» (так можа быць інтэрпрэтаваная нават канцэнтрацыя войскаў каля межаў або іншыя пагрозы нацыянальнай бясьпекі) і адпраўляць беларускую армію за мяжу, пішуць аўтары справаздачы.

Паводле АПК, расьце колькасьць вайскоўцаў, пастаянна праходзяць іх вучэньні.

«Колькасьць кантрактнікаў з 2022 году вырасла ў 1,5 раза, мабілізацыйныя рэзэрвы ацэньваюцца ў 289 тысяч чалавек. На ўкраінскім кірунку ствараецца Паўднёвае апэратыўнае камандаваньне (агульная колькасьць войскаў можа вырасьці больш за 80 тысяч), ствараецца таксама «народнае апалчэньне». Колькасьць «народнага апалчэньня», як лічаць аўтары справаздачы, можа дасягаць 150 000 чалавек, і яно ёсьць ключавым элемэнтам стратэгіі татальнай вайны. «Гэтыя сілы рыхтуюцца да выкананьня задачаў тэрытарыяльнай абароны і ўнутранага кантролю, уключна з здушэньнем магчымых мяцяжоў. Міністэрства абароны паралельна ўзмацняе спэцыяльныя падразьдзелы ўнутраных войскаў, што сьведчыць аб плянах фармаваньня ўнутранага „другога фронту“ ў выпадку дэстабілізацыі», — гаворыцца ў ранейшым дакладзе АПК, перададзеным у Кіеў.

Паводле аналітычнага дакладу АПК, беларуская эканоміка пераведзеная на ваенныя рэйкі і інтэграваная з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Таксама праводзяцца сумесныя вайсковыя вучэньні, ідзе мілітарызацыя навучальнага працэсу ў ВНУ і школах, ідэалягічная апрацоўка насельніцтва. Працягваюцца рэпрэсіі з мэтай выяўленьня і ізаляцыі нязгодных.

«У шэрагу галін назіраецца мілітарызацыя вытворчых працэсаў, павелічэньне вытворчых магутнасьцяў, узмацненьне кантролю за працоўнай дысцыплінай і доступам да сыравіны. Уводзяцца абмежаваньні на перамяшчэньне спэцыялістаў і павышаецца сакрэтнасьць на ключавых прадпрыемствах», — гаворыцца ў дакладзе.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

19 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўпершыню выступіў з ультыматумам уладам Беларусі аб іх тэхнічнай дапамозе расейцам у карэкцыі ўдараў дронамі па рэгіёнах Украіны. Уладзімір Зяленскі заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня і папярэдзіў аб магчымых наступствах пры адмове гэта зрабіць.

Ад пачатку падтрыманай уладамі Беларусі поўнамаштабнай вайны Расеі Лукашэнка ня раз абразьліва выказваўся на адрас Уладзміра Зяленскага, але сёлета ў траўні ён заявіў аб гатоўнасьці сустрэцца зь Зяленскім і нават дапусьціў свой прыезд ва Ўкраіну. Аднак украінскі бок адразу даў зразумець: ніякага запрашэньня ня будзе. І пасьля гэтага адбыўся візыт у Кіеў Сьвятланы Ціханоўскай.

26 траўня камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Робэрт Броўдзі з пазыўным «Мадзяр» адзначыў, што ўкраінцы маюць на прыкмеце паўтысячы беларускіх аб’ектаў, якія ў выпадку беларускага збройнага нападу на Ўкраіну імгненна могуць стаць баявымі цэлямі.

У адказ на гэта Лукашэнка заявіў, што таксама мае «вельмі сур’ёзную» цэль ва Ўкраіне з дакладнымі каардынатамі, а словы Зяленскага аб «дыпляматычным узьдзеяньні» на Беларусь і іншыя выказваньні на тэму вайны Лукашэнка назваў «балбатнёю».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG