30 ліпеня Офіс генэральнагага пракурора Ўкраіны зарэгістраваў зварот з Офісу прэзыдэнта Ўкраіны адносна магчымага завядзеньня крымінальнай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі.
Пра гэта прэс-служба Офісу генпракурора паведаміла Ўкраінскай службе Радыё Свабода.
Як адзначылі ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны, зварот цяпер знаходзіцца на разглядзе, пасьля яго апрацоўкі «заяўнікі будуць апавешчаныя ў адпаведнасьці з працэдурай, устаноўленай законам».
На гэты момант крымінальных спраў па звароту з Офісу гепракурора не зарэгістравана.
Офіс прэзыдэнта Ўкраіны, зь якім зьвязалася Радыё Свабода, пакуль не пракамэнтаваў зварот беларускай апазыцыі.
Аляксандар Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на гэтае паведамленьне.
Што папярэднічала
28 ліпеня стала вядома, што Офіс прэзыдэнта Ўкраіны, як паведаміла агенцтва Reuters, зьвярнуўся да пракуратуры з просьбай разгледзець магчымасьць завядзеньня справы супраць Аляксандра Лукашэнкі.
У той жа дзень Беларускі дэмакратычны форум (кіраўнік Валер Цапкала) у сваім Telegram-канале апублікаваў фота адпаведнага звароту, падпісанага намесьнікам кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Алегам Татаравым.
У згаданым звароце ўтрымлівалася просьба даць прававую ацэнку дзеяньням фактычнага кіраўніка Беларусі Лукашэнкі «ў сувязі з яго роляй у падтрымцы расейскай агрэсіі супраць Украіны, выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі для ўварваньня расейскіх войскаў і інш».
Аўтары звароту прасілі разгледзець магчымасьць завесьці справу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у тым ліку аб вядзеньні агрэсіўнай вайны, ваенных злачынствах, фінансаваньні тэрарызму, замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, прапагандзе вайны і генацыдзе.
Агенцтва Reuters, паведамляючы пра зварот, адзначала, што, хоць пакуль малаверагодна, што Лукашэнка паўстане перад украінскім судом, Кіеў і беларуская апазыцыя могуць выкарыстаць абвінавачваньні супраць яго як аргумэнт, каб пераканаць Захад працягваць ціск на яго.