Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ува Ўкраіне не выключаюць крымінальнай справы супраць Лукашэнкі

Сядзіба Генэральнага пракурора Ўкраіны
Сядзіба Генэральнага пракурора Ўкраіны

Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны зьвярнулася да Генэральнай пракуратуры дзяржавы з просьбай разгледзець магчымасьць завядзеньня справы супраць нелегітымнага кіраўніка Беларусі.

Адіністрацыя Ўладзіміра Зяленскага накіравала зварот генэральнаму пракурору Ўкраіны з просьбай разгледзець магчымасьць крымінальнай справы супраць Аляксандра Лукашэнкі, піша Reuters са спасылкай на ліст з канцылярыі Зяленскага.

Лукашэнка, блізкі хаўрусьнік кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна, дазволіў Маскве выкарыстоўваць Беларусь у якасьці стартавай пляцоўкі для паўнамаштабнага ўварваньня ўва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Адміністрацыя прэзыдэнта Ўкраіны ў лісьце заявіла, што гэта адказ на зварот апазыцыйнай групы ў выгнаньні «Беларускі дэмакратычны форум» (БДФ), якая ў траўні напісала Зяленскаму з просьбай прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці за ваенныя злачынствы, генацыд і «дзяржаўны тэрор».

БДФ абвінаваціў яго ў саўдзеле ў вайне Расеі ва Ўкраіне і ў прымусовым перавязеньні ня меней як 2442 украінскіх дзяцей у Беларусь праз праграму, задакумэнтаваную Ельскай гуманітарнай дасьледчай лябараторыяй.

Адміністрацыя Лукашэнкі не адказала на просьбу агенцтва аб камэнтары. Сам Лукашэнка ў 2023 годзе заяўляў, што Беларусь часова прыняла некаторых дзяцей з Украіны, каб дапамагчы ім акрыяць ад траўмаў, выкліканых вайной.

28 ліпеня Алег Татараў, высокапастаўлены чыноўнік у канцылярыі Зяленскага, напісаў Форуму, што зварот перадалі ў пракуратуру з просьбай «прыняць адпаведныя меры рэагаваньня», калі для гэтага будуць законныя падставы.

Прадстаўнікі Зяленскага і Генэральная пракуратура Ўкраіны не адразу адказалі на просьбы аб далейшых камэнтарох.

Хоць у цяперашні час няма ніякіх пэрспэктыў таго, што Лукашэнка стане перад украінскім судом, абвінавачваньні супраць яго могуць быць выкарыстаныя Кіевам і беларускай апазыцыяй як аргумэнт для Захаду, каб працягваць ціск на яго — нават калі ён вядзе перамовы з адміністрацыяй прэзыдэнта Дональда Трампа аб зьняцьці дадатковых санкцый ЗША ў абмен на вызваленьне палітычных зьняволеных, падагульняе Reuters.

Папярэднія справы супраць Лукашэнкі

Беларуская апазыцыя, і ў прыватнасьці намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павал Латушка неаднаразова ўзьнімала пытаньне пра прыцягненьне Лукашэнкі да адказнасьці паводле ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Пра нейкі істотны поступ у гэтай справе дагэтуль нічога не вядома.

Таксама супраць Лукашэнкі справу пачаў Міжнародны крымінальны суд, зрабіўшы гэта на стараньне Літвы. Літоўскія ўлады прасілі расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь — ня ўдзельніца Міжнароднага крымінальнага суду, але Літва, дзяржава — удзельніца МКС, заявіла, што частка меркаваных злачынстваў учыненая на яе тэрыторыі.

У дакумэнце Ўправы пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) акцэнт робіцца на «прымусовыя дзеяньні, якія прывялі да дэпартацыі». Прычым палітвязьняў выпускаюць пасьля перамоваў з ЗША і найчасьцей працягваюць прымусова вывозіць з краіны.

Пра далейшую хаду расьсьледаваньня на гэты момант невядома нічога.

Пры гэтым МКС не адзіная арганізацыя, якая зьвярнула ўвагу на злачынствы рэжыму Лукашэнкі. У чэрвені 2025 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG