У Нджамэне мяркуюць, што дзейнасьць Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) засяроджаная толькі на Афрыцы, піша AFP і спасылаецца на афіцыйных асоб гэтай дзяржавы.
Дзяржавы-сяброўкі МКС 24 ліпеня прагаласавалі за звальненьне пракурора Карыма Хана пасьля спрэчных абвінавачваньняў у тым, што ён зьдзейсьніў сэксуальны гвалт з супрацоўніцы арганізацыі.
56-гадовы Хан катэгарычна адмаўляе абвінавачваньні. Ягоны адвакат заявіў, што будзе аспрэчваць «законнасьць і справядлівасьць рашэньня».
Заява Чаду зьявілася пасьля «паглыбленага агляду функцыянаваньня Міжнароднага крымінальнага суду з моманту пачатку ягонай працы ў 2002 годзе, а таксама яго дзейнасьці, эфэктыўнасьць якой застаецца абмежаванай і нераўнамернай», заявіў прадстаўнік ураду краіны.
Ён таксама раскрытыкаваў тое, што, паводле яго, было засяроджанасьцю дзейнасьці МКС на афрыканскіх краінах.
Паводле слоў ураду афрыканскае дзяржавы, з 13 расьсьледаваньняў, распачатых судом за час дзейнасьці, 9 тычацца афрыканскіх дзяржаў, у той час як толькі чатыры былі распачаты ў іншых рэгіёнах сьвету, «але безь якога-небудзь вызначанага разьвіцьця».
Заява афіцыйнай Нджамэны прагучала на тле расьсьледаваньня МКС меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых пры ўрадзе выкрадзенага прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадура.
Якая справа супраць Чаду?
Міністар замежных спраў Чаду Абдулае Сабрэ Фадул паінфармаваў, што краіна пачынае працэс выхаду з МКС не падбухтораная Злучанымі Штатамі, прэзыдэнт якіх Дональд Трамп раней выказваў незадаволенасьць працай МКС, а самастойна.
На выхад Чад наважыўся на тле абвінавачваньняў нацыянальных і міжнародных арганізацый у меркаваным удзеле Чаду ў канфлікце паміж войскам і парамілітарнымі фармаваньнямі ў суседнім Судане.
Суданскае войска і няўрадавыя арганізацыі абвінавачваюць Чад у садзейнічаньні пастаўкам зброі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў парамілітарным фармаваньням Сілаў хуткай падтрымкі.
Узброенае процістаяньне ў Судане адбываецца паміж рэгулярным войскам і ваенізаванай праўрадавай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі», якая не ўваходзіць у склад рэгулярнай арміі Судану і не падпарадкоўваецца яго Міністэрству абароны. У 2019 годзе яна падтрымала вайсковы пераварот, у выніку якога быў адхілены ад улады аўтарытарны прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі вайсковы пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.
Раней, пад назвай «Джанджавід» яна дзейнічала за праўрадавыя войскі ў вайне ў Дарфуры, дзе паўстанцы выступілі са зброяй супраць этнічных чыстак неарабскага насельніцтва.
Ведама, што цяпер Беларусь пастаўляе гэтай групоўцы зброю.
Хто яшчэ заявіў пра выхад з-пад юрысдыкцыі МКС?
Буркіна-Фасо, Малі і Нігер — усе краіны Сахэлю пад кіраўніцтвам вайскоўцаў і з адчувальнай расейскай прысутнасьцю — назвалі суд «інструмэнтам неакаляніяльных рэпрэсій у руках імпэрыялізму».
Названыя краіны разам з Вэнэсуэлай пачалі працэс выхаду з МКС, які месьціцца ў нідэрляндзкай Гаазе і перасьледуе асоб за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці.
Асобныя экспэрты зьвязваюць такія пасьлядоўныя выказваньні гэтых краінаў з тым, што ўсе яны маюць добрыя стасункі з Масквою.
Прысутнасьць Расеі
Вялікую прысутнасьць у рэгіёне Сахель мае Расея. Раней яна навязала сувязі з урадамі мясцовых краінаў. Зь Нігеру выйшлі францускія войскі, урадавым войскам пачала дапамагаць Расея, сярод іншых, баевікі «Вагнэру», якія таксама ўдзельнічалі ў баях супраць Украіны.
З 2012 году сытуацыя ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Ґоіта. Ён утрымлівае ўладу ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структураў, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».
У Нігеры і Малі кіраваньне ажыцьцяўляюць вайсковыя ўрады, якія прыйшлі да ўлады гвалтоўным шляхам, у выніку перавароту. Адразу пасьля гэтага абедзьве краіны выйшлі з абаронных дамоваў з Францыяй і зьвярнуліся па вайсковую дапамогу да Расеі. Нігер таксама разарваў вайсковае пагадненьне з ЗША.
Таксама і ў Буркіна-Фасо адбылася гвалтоўная зьмена ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 2022 годзе. Новы кіраўнік дзяржавы Ібрагім Траарэ запрасіў для дапамогі і навучаньня ўрадавых войскаў расейцаў. Расея стварыла каля сталіцы краіны Ўагудугу сваю вайсковую базу.
Ступень удзелу расейскіх вайскоўцаў у апэрацыях супраць ісламісцкіх баевікоў застаецца нявывучанай з прычыны недахопу інфармацыі. Ісламісты ў Сахелі не разьбітыя, працягваюць атрымліваць зброю і рэгулярна праводзіць апэрацыі супраць урадавых войскаў і цывільнага насельніцтва.
Міжнародны крымінальны суд і «справа Лукашэнкі»
Неўзабаве будзе два гады, як Літва падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. Літоўскія ўлады прасілі расьсьледаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненыя ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь — ня ўдзельніца Міжнароднага крымінальнага суду, але Літва, дзяржава — удзельніца МКС, заявіла, што частка меркаваных злачынстваў учыненая на яе тэрыторыі.
У дакумэнце Ўправы пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суду акцэнт робіцца на «прымусовыя дзеяньні, якія прывялі да дэпартацыі». Прычым палітвязьняў выпускаюць пасьля перамоваў з ЗША і найчасьцей працягваюць прымусова вывозіць з краіны.
Пра далейшую хаду расьсьледаваньня на гэты момант невядома нічога.
Але МКС не адзіная арганізацыя, якая зьвярнула ўвагу на злачынствы рэжыму Лукашэнкі. У чэрвені 2025 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) унесла дапаўненьне ў прынятую рэзалюцыю, у якім гаворыцца, што Аляксандар Лукашэнка нясе адказнасьць за прымусовае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей з тэрыторыяў, акупаваных Расеяй.
Форум