Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас спробы перавароту ў Судане пацярпеў грузавы самалёт беларускай кампаніі, там цяпер 10 беларусаў


Пашкоджаныя самалёты ў аэрапорце Хартуму на спадарожнікавых здымках
Пашкоджаныя самалёты ў аэрапорце Хартуму на спадарожнікавых здымках

На спадарожнікавых здымках ад Maxar відаць значныя пашкоджаньні ў аэрапорце Хартуму.

Фота рабілі 16 і 17 красавіка. Сярод 14 спаленых і пашкоджаных самалётаў нібыта ёсьць Іл-76ТД з бартавым нумарам EW-576TH прыватнай беларускай грузавой авіякампаніі Belcanto Airlines.

Кампанія зьявілася ў жніўні 2020 году, а першы рэйс у яе адбыўся ў лістападзе 2022-га. Яна мае толькі адзін самалёт. Сайт кампаніі пра ініцыдэнт не паведамляе.

На гэты момант няма дакладнай інфармацыі, пашкоджаны самалёт ці зьнішчаны. Паводле інфармацыі каналу «Мотолько помоги», беларускі самалёт зьнішчылі.

Экіпаж знаходзіцца ў Хартуме і трымае сувязь з амбасадай Беларусі ў Судане. Ніхто не пацярпеў. Тэлеканал АНТ прызнаў «затрымку» экіпажу ў Афрыцы.

МЗС Беларусі паведамляе, што ў сталіцы Судана Хартуме знаходзіцца тры групы беларускіх грамадзян, усяго 10 чалавек. Усе ў бясьпецы, аднак эвакуацыя пакуль немагчымая з-за боесутыкненьняў у краіне.

«З усімі з іх наша пасольства ў Эгіпце знаходзіцца на сувязі, аказвае кансультацыйную дапамогу і іншае садзейнічаньне. Дваіх удалося вывезьці ў адносную бясьпеку — на тэрыторыю пасольства Расеі, якое аказвае нам усё магчымае садзейнічаньне», — зазначае МЗС.

«Беларускі экіпаж паветранага судна авіякампаніі „Бельканта“ з 7 чалавек знаходзіцца на адносным аддаленьні ад эпіцэнтра боесутыкненьняў, аднак пакідаць месцазнаходжаньне і перамяшчацца ў дадзены момант вельмі небясьпечна. Сытуацыя пакуль застаецца складанай. Пасольства Беларусі ў Эгіпце працягне аказваць усё магчымае садзейнічаньне нашым суайчыньнікам», — паведамляе МЗС.

Забурэньні ў Судане

У Судане адбылося ўзброенае супрацьстаяньне паміж рэгулярным войскам і ваенізаванай групоўкай «Сілы хуткай падтрымкі». Толькі за ноч на 16 красавіка загінулі як сама меней 56 чалавек, каля 600 атрымалі раненьні.

Авіякампанія Saudia тады паведаміла, што пад абстрэл трапіў аэрапорт Хартума, пашкоджаны адзін зь яе самалётаў. Цяпер большасьць авіякампаній адмянілі рэйсы ў Хартум. Дзяржава Чад закрыла сваю мяжу з Суданам.

«Сілы хуткай падтрымкі» — ваенізаванае фармаваньне, якое не ўваходзіць у склад рэгулярнай арміі Судану і не падпарадкоўваецца яго Міністэрству абароны. У 2019 годзе яно падтрымала вайсковы пераварот, у выніку якога адхілілі ад улады аўтарытарнага прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра. У 2021 годзе арганізацыя, у якой каля 100 тысяч чалавек, падтрымала другі вайсковы пераварот, які адклаў перадачу ўлады цывільнай адміністрацыі.

Армія і цывільныя чыноўнікі патрабуюць, каб «Сілы хуткай падтрымкі» ўключылі ў склад узброеных сіл. Перамовы аб гэтым павінны былі скончыцца да 1 красавіка, аднак заплянаванае падпісаньне пагадненьня перанесьлі на няпэўны тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG