Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэрарыстычная атака на аэрапорт у Ніямэі. Забітыя 11 чалавек. Уладам Нігеру дапамагаюць расейскія сілы

Вайскоўцы ў Нігеры
Вайскоўцы ў Нігеры

Урад афрыканскай дзяржавы заявіў, што ў выніку нападу на аэрапорт і вайсковую авіябазу ў сталіцы загінулі 11 супрацоўнікаў сілаў бясьпекі і два мірныя жыхары.

Пры гэтым улады Нігеру не назвалі вінаватых. Па словах відавочцаў, першыя выбухі былі чутныя каля 6-й раніцы мясцовага часу. Праз амаль дзьве гадзіны ў аэрапорце Ніямэю, які ў студзені ўжо быў мішэньню рэгіянальнага філіялу «Ісламскай дзяржавы», была чутная страляніна. Адказнасьць за напад пакуль ніхто на сябе ня ўзяў.

Урадавыя сілы адбілі напад і забілі 22 нападнікаў, у той час як каля 20 чалавек арыштаваныя, а розная зброя сканфіскаваная, гаворыцца ў заяве, якую зачыталі на дзяржаўнай тэлевізіі. Да поўдня сытуацыя выглядала пераважна спакойнай, толькі чулася спарадычная страляніна, магчыма, зьвязаная з шырокамаштабнымі апэрацыямі войска, паведамілі Reuters сьвежка падзей і два жыхары, адзначыўшы, што сілы бясьпекі заблякавалі раён.

Урад падкрэсьліў, што ўзяў становішча пад уласны кантроль. Агенцтва цывільнай авіяцыі Нігеру пазьней паведаміла, што аэрапорт цалкам аднавіў сваю працу.

Што адбываецца?

Нігер, як і яго суседзі ў рэгіёне Сахель Малі і Буркіна-Фасо, зь цяжкасьцю стрымлівае напады джыхадысцкіх груповак, зьвязаных з «Аль-Каідай» і «Ісламскай дзяржавай». У выніку нападаў загінулі тысячы людзей, а мільёны былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў гэтых трох краінах.

Аэрапорт і вайсковая авіябаза знаходзяцца ў адным комплексе, прычым база разьмешчаная насупраць грамадзянскага тэрміналу. Нападнікі прыбылі ў аэрапорт на двух белых аўтамабілях, паведаміла крыніца ў сілавых структурах Нігеру. Другая крыніца ў сілавых структурах паведаміла, што група нападнікаў хавалася ў будынку мытні каля аэрапорту.

Напад на аэрапорт выглядае часткай больш шырокай апэрацыі баевікоў, якія, праўдападобна, паходзяць з ісламісцкіх колаў. 17 чэрвеня баевікі распачалі скаардынаваныя напады на вайсковыя базы Банібангу і Інатас у заходнім рэгіёне Тылабэры. Адна з крыніц у сілавых структурах паведаміла пра 10 загінулых у Банібангу і больш за 40 параненых. Таксама крыніца заявіла, што вайскоўцы пакінулі сваю базу ў Інатасе.

Зрэшты, сувязь паміж нападамі 17 і 18 чэрвеня пакуль толькі вэрсія сілавікоў, афіцыйна гэтую інфармацыю не пацьвердзілі.

Прысутнасьць Расеі

Вялікую прысутнасьць у рэгіёне Сахель мае Расея. Раней яна навязала сувязі з урадамі мясцовых краінаў. Зь Нігеру выйшлі францускія войскі, урадавым войскам пачала дапамагаць Расея, сярод іншых, баевікі «Вагнэру», якія таксама ўдзельнічалі ў баях супраць Украіны.

З 2012 году сытуацыя ў Малі нестабільная з прычыны актыўнасьці радыкальных сэпаратысцкіх груповак. У 2022 годзе ў выніку вайсковага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла хунта на чале з палкоўнікам Асімі Ґоіта. Ён утрымлівае ўладу ў тым ліку дзякуючы ўдзелу ўзброеных структураў, зьвязаных з расейскай ПВК «Вагнэр».

У Нігеры і Малі кіраваньне ажыцьцяўляюць вайсковыя ўрады, якія прыйшлі да ўлады гвалтоўным шляхам, у выніку перавароту. Адразу пасьля гэтага абедзьве краіны выйшлі з абаронных дамоваў з Францыяй і зьвярнуліся па вайсковую дапамогу да Расеі. Нігер таксама разарваў вайсковае пагадненьне з ЗША.

Таксама і ў Буркіна-Фасо адбылася гвалтоўная зьмена ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў 2022 годзе. Новы кіраўнік дзяржавы Ібрагім Траарэ запрасіў для дапамогі і навучаньня ўрадавых войскаў расейцаў. Расея стварыла каля сталіцы краіны Ўагудугу сваю вайсковую базу.

Ступень удзелу расейскіх вайскоўцаў у апэрацыях супраць ісламісцкіх баевікоў застаецца нявывучанай з прычыны недахопу інфармацыі. Ісламісты ў Сахелі не разьбітыя, працягваюць атрымліваць зброю і рэгулярна праводзіць апэрацыі супраць урадавых войскаў і цывільнага насельніцтва.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG