Інтэрактыўная мапа

«Ня толькі пляцдарм»: як Беларусь разбудоўвае вайсковую інфраструктуру

«Схемы» разам зь Беларускай службай Радыё Свабода, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі і адкрытыя крыніцы, нанесьлі на мапу больш за 150 аб’ектаў вайсковай інфраструктуры Беларусі — ад аэрадромаў і складоў боепрыпасаў да закінутых савецкіх базаў

Аўтары: Кірыла Аўсяны, Андрэй Шаўлюга, Кіра Талсьцякова, Валерыя Ягошына, Вольга Іўлева
Дызайн: Іван Гутэрман, Войтэк Гроец
Ілюстрацыя: Хуан Карляс Эрэра Мартынэс
7 жніўня 2026 году

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе афіцыйны Менск намагаўся трымацца рыторыкі пра «пасіўны статус» краіны — што Беларусь нібыта не бярэ беспасярэдняга ўдзелу ў вайне. Аднак тэрыторыя Беларусі стала паўнавартасным пляцдармам для расейскай агрэсіі: менавіта адсюль расейская армія пачала наступ на Кіеў, зьнішчальнікі ўзьляталі і запускалі ракеты зь беларускіх аэрадромаў, а палігоны ператварыліся ў трэнавальныя базы для расейскіх войскаў.

Аляксандар Лукашэнка выступае з прамовай на вайсковым парадзе з нагоды 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нацыстаў.
AFP

Акрамя таго, на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі так званыя «фільтрацыйныя лягеры», якімі кіравалі расейскія вайскоўцы. Там трымалі выкрадзеных украінскіх мірных жыхароў і ваеннапалонных перад далейшай дэпартацыяй у Расею. Адзін зь лягераў, як выявілі журналісты, быў арганізаваны ў будынку на зямельным участку, які належыць дзяржаўнаму беларускаму прадпрыемству.

Журналісты вызначылі месца фільтрацыйнага лягеру ў Беларусі, дзе расейскія вайскоўцы катавалі ўкраінцаў увесну 2022 году
Planet Labs

У апошнія месяцы сытуацыя вакол паўночнай мяжы Ўкраіны зноў істотна абвастрылася. Увесну прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі зьвярнуў увагу на неаднаразовыя спробы Масквы канчаткова ўцягнуць Менск у вайну і падкрэсьліў, што Расея разглядае поўнач Украіны як рэгіён патэнцыйнай эскаляцыі, разбудоўваючы шляхі падыходу і артылерыйскія пазыцыі паблізу мяжы.

прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі
REUTERS/Christian Hartmann/Pool

Пазьней камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт Броўдзі («Мадзяр») публічна заявіў, што Расея выкарыстоўвае беларускую паветраную прастору як калідор для расейскіх «шахедаў» (фактычна гэта расейскія бесьпілётнікі «Герань») і папярэдзіў рэжым Лукашэнкі, што ўкраінскія вайскоўцы ўжо вызначылі прынамсі 500 ключавых цэляў на тэрыторыі Беларусі.

Камандзір Сілаў бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт Броўдзі (пазыўны «Мадзяр»)
REUTERS/Valentyn Ogirenko

У сваю чаргу Лукашэнка прыгразіў Украіне «ўдарамі ў адказ» па «адной вельмі сур’ёзнай цэлі» і адначасова адмежаваўся ад актыўнай падтрымкі расейскіх атак, назваўшы ўдзел Беларусі ў расейскай вайне супраць Украіны «непрымальным». У той жа час ён зрабіў шэраг рэзкіх заяваў на адрас Зяленскага.

Але пазьней Лукашэнка папрасіў прабачэньня за свае словы. Ён заявіў, што, «магчыма, недзе перагнуў палку», назваў Зяленскага «маладым і неспрактыкаваным чалавекам, які ваюе», і дадаў: «Калі Ўладзімір Аляксандравіч пакрыўдзіўся, я выбачаюся за гэтыя словы». Пры гэтым ён традыцыйна запэўніў, што нападу з боку Беларусі ня будзе, бо краіна «як на далоні», і таму ён выдатна разумее наступствы.

На гэта Ўладзімір Зяленскі адказаў: «Яго „выбачаюся“ хай ён пакіне для сябе, яно не працуе», і нагадаў, што рэальнымі крокамі Менску павінна быць спыненьне ўсякай тэхнічнай падтрымкі і дапамогі расейскай арміі (у прыватнасьці, рэтрансьлятарамі для карэктаваньня ўдараў расейскіх дронаў па ўкраінскіх гарадах).

За гэтай публічнай перапалкай і ваяўнічай рыторыкай стаіць рэальная вайсковая інфраструктура Беларусі. У прыватнасьці, пачынаючы з 2022 году, на тэрыторыі краіны пачалі мадэрнізаваць вайсковыя аб’екты — аднаўляць, адбудоўваць і пашыраць. Некаторыя зь іх будуюцца «з нуля» і могуць быць прызначаны для нядаўна створанай групоўкі войскаў Узброеных сілаў Беларусі — Паўднёвага апэратыўнага камандаваньня. Гэтая групоўка, з словаў Аляксандра Лукашэнкі, мае «абараняць паўднёвыя рубяжы», дзе Беларусь мяжуе з Украінай.

Іншыя новыя вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі могуць служыць месцамі разьмяшчэньня ядзернай зброі, пра разгортваньне і выкарыстаньне якой публічна заяўлялі і Лукашэнка, і Ўладзімір Пуцін. У прыватнасьці, гаворка можа ісьці пра ракетны комплекс «Арэшнік», які РФ ужо выкарыстала супраць Украіны.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Маскве, 9 кастрычніка 2024 году
REUTERS/ Sergei Ilnitsky/Pool

Каб наглядна паказаць, якія аб’екты забясьпечваюць патэнцыял для магчымай агрэсіі з поўначы, журналісты Беларускай службы Радыё Свабода разам з расьсьледнікамі праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы» прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі і адкрытыя крыніцы, сыстэматызавалі гэтыя зьвесткі і стварылі мапу больш чым 150 абʼектаў вайсковай інфраструктуры на тэрыторыі Беларусі — гэта, у прыватнасьці, авіябазы і аэрадромы (у тым ліку якія выкарыстоўвала расейская авіяцыя на пачатку поўнамаштабнага ўварваньня), склады боепрыпасаў і паліўна-змазачных матэрыялаў, месцы дысьлякацыі вайсковых частак, вучэбныя цэнтры і палігоны, памежныя атрады і закінутыя савецкія базы — як рэзэрвы, якія рэжым Лукашэнкі і расейскае камандаваньне могуць хутка раскансэрваваць пад новыя падразьдзелы або ракетныя комплексы.

У будучыні гэтая мапа будзе дапаўняцца новымі вайсковымі аб’ектамі як асяродкамі патэнцыйнай ваеннай пагрозы Ўкраіне з паўночнай мяжы.

© MapTiler © OpenStreetMap contributors | Satellite imagery: Planet Labs

1 / 151
52.323 30.526
Апісаньне