Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, падпісанай прэм’ерам Аляксандрам Турчынам, такія падразьдзелы ствараюць пры ўзгадненьні з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі і яго абласнымі ўпраўленьнямі, упраўленьнем вайсковай контравыведкі КДБ — ва Ўзброеных сілах, органах памежнай службы, унутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў, іншых войсках і вайсковых фармаваньнях.
У той жа час адзначаецца, што начальнік такога падразьдзелу падпарадкоўваецца кіраўніку дзяржаўнага органу, у структуры якога ён будзе створаны.
Сярод асноўных задачаў такога падразьдзелу:
- арганізацыя і кантроль за абаронай дзяржаўных таямніц;
- арганізацыя і вядзеньне сакрэтнага справаводзтва;
- арганізацыя і вядзеньне наданьня допуску да дзяржаўных сакрэтаў.
Штатны лік такіх падразьдзелаў будзе залежаць ад колькасьці падпарадкаваных арганізацыяў, імавернага аб’ёму сакрэтнага справаводзтва, ліку аб’ектаў інфарматызацыі і іншых абставінаў.
Кандыдатуру на пасаду кіраўніка «сакрэтнага» падразьдзелу будуць узгадняць з Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі. Прэтэндэнты будуць праходзіць сумоўе ў КДБ.
У пастанове ўраду адзначаецца, што дзяржаўныя органы могуць выкарыстоўваць дзяржаўныя сакрэты і без стварэньня ў сваёй структуры асобнага падразьдзелу. Але ў такіх выпадках дзяржаўныя органы павінны падпісаць дамову зь іншымі дзяржаўнымі органамі або арганізацыямі, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
МУС замітусілася. Як Лукашэнка перакройвае сілавую вэртыкальШто папярэднічала і што зьмянілася
Такія падразьдзелы ў Беларусі пачалі ствараць выбарачна яшчэ ў канцы 1990-х гадоў, але ўжо ў 2003 годзе кантроль за іх стварэньнем пераняў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Ад 2010 году такія падразьдзелы павінны мець усе дзяржаўныя структуры.
Як вынікае зь цяперашняй урадавай пастановы, улады скарацілі з 10 да 5 дзён тэрмін, цягам якога староньнія арганізацыі, што арганізуюць кантроль за абаронай дзяржаўных сакрэтаў, павінны паведаміць аб форс-мажоры і ў выніку немагчымасьці выконваць свае абавязкі ў гэтай сфэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Самая закрытая, самая ўплывовая, самая нечаканая. Расказваем пра дасьледаваньне, прысьвечанае спэцслужбам БеларусіЧаму гэта важна
Такія падразьдзелы ствараюць, каб перадухіліць выцек сакрэтнай інфармацыі і забясьпечыць кантроль за рэжымам сакрэтнасьці ў дзяржаўных органах.
Пасьля 2020 году і пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны для ўладаў гэта стала асабліва важнай задачай — шэраг беларускіх актывістаў і арганізацыяў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, пэрыядычна публікуюць унутраныя дакумэнты дзяржаўных органаў, у тым ліку аб падтрымцы ўладамі Беларусі агрэсіі Расеі.