Згодна з матэрыяламі супольнасьці, у 2025 годзе чыгуначныя перавозкі паміж Беларусьсю і акупаванымі Расеяй тэрыторыямі Ўкраіны працягвалі павялічвацца, прычым у другой палове году прыкметна зьмяніліся прапорцыі паміж увозам грузаў у Беларусь і вывазам іх на ўкраінскія тэрыторыі.
«Калі ў 2024 годзе грузапаток пераважна меў аднабаковы характар і асноўную яго частку складаў увоз у Беларусь сыравіны і прамысловай прадукцыі з акупаваных рэгіёнаў Украіны, то цягам 2025 году аб’ём вывазу беларускіх грузаў пачаў хутка павялічвацца. У студзені–красавіку 2026 году гэтая тэндэнцыя стала яшчэ больш выразнай: экспарт зь Беларусі на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны і ў Крым шматкроць перавысіў сустрэчны грузапаток», — адзначаецца ў паведамленьні.
У 2025 годзе ў Беларусь з акупаваных тэрыторыяў Украіны вывезьлі 911 вагонаў з грузамі ў аб’ёме 57 319 тон. Назад адправілі 470 вагонаў агульнаю вагою 26 392 тоны.
У студзені–красавіку 2026 году ў Беларусь увезьлі 67 вагонаў з грузамі агульнаю вагою 3808 тон, а на ўкраінскім кірунку і ў Крым — 573 вагоны агульнаю вагою 31 519 тон.
«Такім чынам, усяго за чатыры месяцы 2026 году аб’ём вывазу зь Беларусі ўжо перавысіў паказьнік за ўвесь 2025 год як колькасьцю вагонаў, так і танажом. Адначасова аб’ём сустрэчнага імпарту рэзка скараціўся», — адзначылі ў Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў.
Беларусь пастаўляла ў акупаваныя рэгіёны нафтапрадукты, цэмэнт, жалезабэтонныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы й іншыя грузы. Найбольш заўважным, лічаць у супольнасьці, стаў рост паставак бэнзіну, дызэльнага паліва і звадкаваных газаў у Крым, а таксама ў Данецкую і Луганскую вобласьці.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Сёлета ў красавіку стала вядома, што з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Беларусь распрацавала сыравінную схему для сваёй керамічнай галіны і пад яе прасіла ў Расеі перадаць у арэнду ўкраінскае радовішча кааліну (белай гліны), што знаходзіцца ў Дружкаўцы Данецкай вобласьці.
Форум