«Мы з калегамі крыху перажываем за ўласную бясьпеку, — тлумачыць у размове з Свабодай адзін з аўтараў дасьледаваньня Дзьмітры (імя суразмоўцы зьмененае. — РС). — Яно больш скіраванае на замежную экспэртную супольнасьць, каб яна лепш разумела тое, што адбываецца ў Беларусі».
Праца над публікацыяй ішла на падставе адкрытых крыніцаў і сэрыі інтэрвію з экспэртамі, дзейнасьць якіх тым ці іншым чынам была зьвязаная з спэцслужбамі і кантрольнымі органамі Беларусі. Зьвесткі зьбіралі зь ліпеня па сьнежань 2025 году. Экспэрты апісваюць дзейнасьць трох сілавых органаў Беларусі, якія пераважна займаюцца кантролем дзейнасьці іншых дзяржаўных і грамадзкіх структураў, — Камітэту дзяржаўнай бясьпекі (КДБ), Аб’яднанага аналітычнага цэнтру (ААЦ) і Камітэту дзяржаўнага кантролю (КДК), асабліва яго структурнага падразьдзелу — Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў (ДФР).
«Нас у першую чаргу цікавілі структуры, якія займаюцца ў Беларусі кантролем, — тлумачыць Дзьмітры. — Гэта КДК, ААЦ (у першую чаргу празь яго неймаверныя магчымасьці кантраляваць інфармацыйную прастору) і КДБ у кантэксьце яго кантрольных функцыяў. Бо КДБ выконвае яшчэ і іншыя функцыі — выведка, контравыведка. Гэта нас зараз не цікавіла».
Дзьмітры падкрэсьлівае, што той жа Камітэт дзяржаўнага кантролю нельга ў поўным сэнсе назваць спэцслужбай. Гэтая структура пераважна займаецца каардынацыяй праверак на ўзроўні ўсёй краіны. Аднак у склад КДК уваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, які мае шэраг прыкметаў спэцыяльнай службы.
«КДБ і ААЦ — гэта адназначна спэцслужбы, мы можам нават гаварыць, што яны такія неклясычныя спэцслужбы ў агульным разуменьні гэтага слова, — кажа Дзьмітры. — Мы дасьледуем найперш іх кантрольныя функцыі. Гэта вельмі спэцыфічная функцыя».
Хто самы моцны
Якая з згаданых у дасьледаваньні структураў самая ўплывовая, якая можа кантраляваць іншыя? З словаў дасьледнікаў, адназначна можна сказаць толькі тое, што тройку найбольш уплывовых у Беларусі кантралёраў будзе замыкаць Камітэт дзяржаўнага кантролю.
«Камітэт дзяржаўнага кантролю ў істоце складаюць цывільныя службоўцы, — тлумачыць суразмоўца. — Акрамя Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Але разам з тым у кантрольнай сфэры КДК мае самыя вялікія магчымасьці. Падатковая, пажарная інспэкцыі таксама могуць правяраць, але менавіта КДК гэтым усім кіруе. Аднак з гледзішча ўплыву на сілавыя структуры КДК заўсёды будзе на трэцім месцы».
А вось зь першым і другім месцам паводле магчымасьцяў кантраляваць працу дзяржаўных і прыватных структураў у Беларусі ўсё складаней. Дасьледнікі адзначаюць, што тут можна нават гаварыць аб пэўнай канкурэнцыі паміж КДБ і ААЦ.
«У галіне інфармацыйнай бясьпекі і, скажам так, выведкі ўнутры дзяржаўных структураў ААЦ выконвае глыбейшыя функцыі, чым КДБ, — кажа Дзьмітры. — Бо ААЦ наўпрост падпарадкоўваецца Лукашэнку. І папраўдзе ніхто больш ААЦ глябальна не кантралюе. Але калі ацэньваць усю карціну сістэмы кіраваньня ў Беларусі, то, напэўна, на першае месца трэба паставіць КДБ. Асабліва апошнімі гадамі. Тут я магу адзначыць ролю Тэртэля ў перамовах з амэрыканцамі, ролю КДБ у прызначэньнях на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады. Кіраўніцтва Сьледчага камітэту, Генэральнай пракуратуры — зараз гэта ўсё выхадцы з КДБ».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Цяпер падвесьці пад артыкул можна каго заўгодна. Твае адносіны з адным дэпартамэнтам не гарантуюць, што іншы ня будзе табою цікавіцца. Гэта стварае нездаровыя падставы для абсалютнага недаверу ўнутры сыстэмы, бо проста ня ведаеш, што з табой заўтра будзе адбывацца».
Дзьмітры дадае, што на карысьць КДБ гуляюць таксама рэсурсы. Гэтая структура мае сваю ўласную сыстэму прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, з выняткам калёніяў або турмаў. Ад моманту затрыманьня чалавека да перадачы справы ў суд Камітэт дзяржаўнай бясьпекі можа цалкам кантраляваць яго лёс. КДБ мае сваіх уласных апэратыўнікаў, сьледчых, свае сьледчыя ізалятары і сілавыя спэцпадразьдзелы.
«КДБ можа самастойна весьці перасьлед чалавека, кіруючыся ўласнымі палітычнымі мэтамі, — расказвае суразмоўца. — ААЦ валодае неймавернымі інфармацыйнымі магчымасьцямі. Падобна, ААЦ мае кампраматы нават на найвышэйшых чыноўнікаў. Магчыма, ААЦ такі своеасаблівы блізкі дарадца Лукашэнкі. Але ААЦ не мае ніякага сілавога складніку. Яны ня могуць самі затрымліваць людзей. Не маюць рэсурсу, каб фактычна ажыцьцяўляць перасьлед».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Лічылася, што сыстэма, якую будуюць супрацоўнікі КДБ, іх ляяльнасьць — гэта рэчы абсалютныя. Пасля 2010 года Лукашэнка прыняў рашэньне прызначаць на адказныя пасады людзей з КДБ, у кіраўніцтва сілавога блёку — людзей найбольш правераных. І вось Шуневіч быў прызначаны ў МУС і пачаў ствараць архітэктуру МУС паводле сцэнару КДБ. Прыкладна тое ж самае было і ў КДК у 2020-м».
ААЦ і Сьвятлана Ціханоўская
Экспэрты адзначаюць, што ў сваім сучасным выглядзе Апэратыўна-аналітычны цэнтар можна назваць унікальнай вынаходкай Лукашэнкі, які ня мае поўных аналягаў у іншых краінах. Хоць раней гэта было ня так. ААЦ паходзіць з створанага ўжо ў незалежнай Беларусі Дзяржаўнага цэнтру бясьпекі інфармацыі, які меў адпаведнік яшчэ ў СССР.
«Там такія структуры найперш ахоўвалі вайсковыя сакрэты і ўсё, што было зьвязана з інфармацыяй, — кажа Дзьмітры. — Яны падпарадкоўваліся Міністэрству абароны. Калі не памыляюся, у 1994 годзе Цэнтар бясьпекі інфармацыі перайшоў у падпарадкаваньне Савету бясьпекі. І ўжо ў пачатку 2000-х гэтая структура стала падпарадкоўвацца наўпрост Лукашэнку. З 2008 году ААЦ надалі самыя высокія паўнамоцтвы. Указы Лукашэнкі, прысьвечаныя дзейнасьці гэтай структуры, пачалі месцамі выходзіць з засакрэчаным тэкстам. Прыход у Савет бясьпекі Віктара Лукашэнкі быў зьвязаны акурат з тым, што ААЦ атрымаў такія высокія функцыі. Пачалася супэрпадпарадкаванасьць асабіста Лукашэнку. Паміж сілавымі блёкамі падзяліўся балянс сілаў».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Гэта галоўны канкурэнт для КДБ, бо Лукашэнка ўсё сваё жыццё баяўся КДБ. Проста стварыў альтэрнатыву КДБ — больш падкантрольную, больш сучасную, больш абсталяваную ў тэхнічным пляне… Функцыя ААЦ — размыць манаполію. Гэта галоўны складнік і палітычнага перасьледу, і палітычнага вышуку. І, вядома, гэта абслугоўваньне фінансавых і эканамічных інтарэсаў сям'і Лукашэнкі».
Дзьмітры згадвае, што ў «нулявыя» і «дзясятыя» гады часта можна было пачуць пра так званыя «войны» паміж МУС і КДБ. Асноўнай мэтай іх была большая блізкасьць да Лукашэнкі і яго рашэньняў. З стварэньнем ААЦ у той форме, у якой структура існуе зараз, Лукашэнка змог асабіста сачыць за тым, што адбываецца ўнутры ягонай сыстэмы. Сачыць у тым ліку за найвышэйшым кіраўніцтвам дзяржавы.
«Апытаныя намі экспэрты пагаджаюцца, што ААЦ дагэтуль застаецца „нефармальнай“ асабістай спэцслужбай Лукашэнкі, якая можа правяраць каго заўгодна, — кажа Дзьмітры. — Такі падыход шмат у чым характарызуе саму сыстэму сілавых органаў Лукашэнкі. Ён дазваляе ім сачыць адно за адным. Каб ніводная структура ня стала максымальна рэсурснай».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Орган створаны, каб прыносіць „у дзюбцы“ інфармацыю, якая не залежыць ні ад кога. Яна такая выразная, праўдзівая, нават пра саміх сілавікоў. Можна сказаць, ААЦ — орган нагляду за самімі сілавікамі, каб праверыць іх кампэтэнтнасьць, адданасьць, праўдзівасьць іх справаздачаў. ААЦ павінен яму [Лукашэнку] расплюшчваць вочы, каб ён бачыў, што адбываецца ў краіне».
Ці застаецца ААЦ надалей падкантрольным Віктару Лукашэнку, што ўвогуле адбылося з структурай пасьля 2020 году? Суразмоўца адзначае, што адназначных адказаў на гэтае пытаньне няма. ААЦ застаецца самай сакрэтнай і закрытай ад навакольнага сьвету спэцслужбай Беларусі.
«Віктар Лукашэнка і раней не ўваходзіў у структуру ААЦ, ён быў у Савеце Бясьпекі і ўсе ведалі, што ААЦ падпарадкоўваецца асабіста яму, — кажа Дзьмітры. — Туды на пасады прыходзілі ў асноўным тыя, хто працаваў у Службе бясьпекі Лукашэнкі. Ледзьве не асабістыя яго ахоўнікі, якім давяралі супэрдалікатныя рэчы. Згадайце, хто суправаджаў Сьвятлану Ціханоўскую падчас яе вывазу ў Літву. Гэта быў кіраўнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка. Ад кватэры да мяжы. Ні ў воднай іншай дзяржаве кіраўнік спэцслужбы такую функцыю выконваць ня будзе».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Паўлючэнка паходзіць з Службы бясьпекі Лукашэнкі, чалавек не па спэцыяльнасьці, гэта значыць невялікі спэцыяліст, калі казаць пра адпаведныя навыкі, характэрныя для IT, і таму абсалютна адданы чалавек і прызначаны непасрэдна Лукашэнкам, але ўзгоднены і прадстаўлены для подпісу менавіта Віктарам Лукашэнкам».
Дасьледнік дадае, што пасьля жніўня 2020 году ўплыў Віктара Лукашэнкі на самыя далікатныя справы ў дзяржаве мог скончыцца.
«Шмат хто кажа, што Віктар Лукашэнка не падтрымаў тую лінію брутальнага гвалту, якая была падчас здушэньня пратэстаў, — гаворыць Дзьмітры. — І яго перавялі на пасаду прэзыдэнцкую, але ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, дзе не было афіцыйнага ўплыву на падзеі. Зараз яго роля зьменшаная. Магчыма, недзе за кулісамі ён мае ўладу, але яна скарацілася пасьля 2020 году».
2020 год і спэцслужбы
Аўтары дакладу адзначаюць, што падзеі 2020 году адназначна ўмацавалі ўвесь сілавы блёк у Беларусі. Больш рэсурсаў і магчымасьцяў атрымалі абсалютна ўсе сілавыя структуры дзяржаваы. Цяпер яны маюць і больш уплыву на Лукашэнку.
«Да 2020 году дзейнасьць Камітэту дзяржаўнага кантролю і ДФР не была наўпрост зьвязаная з палітычным перасьледам, — зьвяртае ўвагу Дзьмітры. — Гэтым часта займаўся КДБ. І нават унутры КДБ палітычнымі рэчамі займалася адно з упраўленьняў, якое ня мела высокага месца ў самой сыстэме КДБ. ААЦ заўсёды дапамагаў перасьледаваць апанэнтаў улады. Але 2020 год перанакіраваў асноўныя рэсурсы ААЦ і КДБ менавіта на барацьбу з апанэнтамі ўлады. ДФР да 2020 году ў асноўным займаўся так званай „каўнерыкавай злачыннасьцю“. Яны ня білі, прапаноўвалі філіжанку кавы. Але ў 2020 годзе менавіта яны затрымлівалі Бабарыку, вялі справу „Белгазпрамбанку“, апэратыўна яе забясьпечвалі».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Неафіцыйныя даручэньні Лукашэнкі, зьвязаныя, як правіла, з палітычнымі рэпрэсіямі… Выкананьне функцыі, калі трэба падрыхтаваць нешта ня ў рамках заканадаўства, якія-небудзь сакрэтныя даручэньні або ўказы, дэкрэты, якія могуць быць зьвязаныя з наданьнем асобных ільготаў, асобных прэфэрэнцыяў для кагосьці. То бок (КДК) — гэта такое дзяржаўнае падразьдзяленьне, якое часта выкарыстоўваецца для асабістага ўзбагачэньня сям'і Лукашэнкі».
Дасьледнік таксама згадвае актыўны ўдзел ДФР у перасьледзе за данаты беларускім грамадзкім структурам і фондам дапамогі палітвязьням. ААЦ, з словаў Дзьмітрыя, пасьля 2020 году актыўна займаецца так званай кібэрвыведкай, зьбірае інфармацыю аб дзейнасьці апанэнтаў Лукашэнкі як унутры краіны, так і за мяжой.
Зь іншага боку, зьвяртае ўвагу дасьледнік, у жніўні і ў першыя восеньскія месяцы 2020 году Лукашэнка быў моцна незадаволены тым, як сілавыя структуры працавалі падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Гэта праявілася ў тым, як ён мяняў кіраўнікоў некаторых структураў.
«Пачынаючы ад новага кіраўніка КДБ і сканчаючы генэральным пракурорам, — кажа суразмоўца. — Лукашэнка тады быў незадаволены дзейнасьцю спэцслужбаў. У тым ліку дзейнасьцю ААЦ. Бо менавіта ААЦ павінен быў спрагназаваць такія паводзіны насельніцтва. ААЦ павінен быў паказаць, якія дзеяньні былі небясьпечнымі для сыстэмы».
Прарасейскія настроі і магчымасьць здрады Лукашэнку
У дасьледаваньні, праведзеным групай экспэртаў, апісваецца ў тым ліку кадравы склад кантрольных спэцслужбаў Беларусі, адсочваюцца карʼерныя шляхі некаторых іх кіраўнікоў. Аднак Дзьмітры прызнаецца, што глыбока і дасканала апісаць, хто і як кіруе КДБ і ААЦ, даволі праблематычна.
«Мы спрабавалі ацаніць, дзе адбываўся прафэсійны рост кіраўнікоў базавага ўзроўню, якія працуюць у гэтых спэцслужбах, — расказвае суразмоўца. — Але калі ў КДК кіраўнікі больш-менш вядомыя, іх можна знайсьці, то ў КДБ і ААЦ можна ацаніць толькі тых, хто больш-менш мэдыйны. Цяжка ацаніць іх прарасейскасьць. Такога інструмэнту няма. На гэта могуць уплываць паходжаньне, адукацыя. Асабліва калі навучаньне другога ўзроўню або перападрыхтоўка адбываліся ў Расеі».
Паводле Дзьмітрыя, адназначна можна сказаць, што спэцслужбы Беларусі неразрыўна зьвязаныя з спэцслужбамі Расеі. Яны праводзяць сумесную падрыхтоўку, трэнінгі, сустрэчы. Маюць трывалыя сувязі. Разам з тым беларускі КДБ працуе як пасярэднік паміж Украінай і Расеяй у арганізацыі абменаў ваеннапалоннымі, што сьведчыць пра пэўную долю нэўтральнасьці. Або жаданьне захаваць субʼектнасьць.
«Вельмі цяжка сказаць, што будзе, калі памрэ Лукашэнка, — кажа суразмоўца. — Ці будуць супрацоўнікі КДБ Беларусі здавацца расейцам? Мы, вядома, высновы пакуль ня можам зрабіць. Але ўзаемапранікальнасьць там дакладна ёсьць».
Пры гэтым частка апытаных падчас рыхтаваньня дасьледаваньня экспэртаў, кажа суразмоўца, згадала неадназначнае стаўленьне Лукашэнкі да праяваў прарасейскіх настрояў у кіраўніцтве спэцслужбаў.
«Такіх людзей Лукашэнка стараецца, скажам так, накіроўваць на іншыя пасады, — расказвае Дзьмітры. — Каб яны ня мелі такой вялікай улады, якую КДБ мае ў Беларусі».
ЦЫТАТА з дасьледаваньня:
«Калі казаць пра Вакульчыка, то яго кар’ера крыху „змазалася“ пасьля 2020 году, бо КДБ сапраўды правароніў тую сытуацыю, якая разьвівалася ў Беларусі, бо яны не чакалі, яны не прааналізавалі, не змаглі пралічыць тыя настроі, якія панавалі. Ён усё жыцьцё працаваў у сыстэме КДБ, пачынаючы з 2010 нараканьняў у ягоны адрас не было, яго ляяльнасьць і адданасьць былі правераныя гадамі».
Суразмоўца таксама гаворыць пра дзьве распаўсюджаныя думкі, якія існуюць у асяродку экспэртаў і былых беларускіх сілавікоў. Паводле першай, пасьля 2020 году Лукашэнка стаў больш насьцярожана ставіцца да сваіх спэцслужбаў. І калі не баяцца іх кіраўніцтва, то ўсё ж пэрыядычна публічна тлумачыць яму пэўныя свае крокі.
«Напрыклад, прычыны вызваленьня палітычных зьняволеных, — кажа Дзьмітры. — Гульню са Злучнымі Штатамі. Ён пачынае штосьці камусьці тлумачыць публічна. І гэтыя тлумачэньні накіраваныя ў першую чаргу на сілавікоў. А іншая думка — што Лукашэнка па-ранейшаму жыве ў сыстэме, дзе хто заўгодна можа баяцца за свой лёс, але толькі ня ён сам. Вядома, КДБ пастаўляе яму эфэктыўныя кадры. Але Лукашэнка ў кожны момант можа памяняць каго заўгодна. І калі ты трапіў у няміласьць ці праявіў слабасьць, то цябе ня будзе. Тут можна паглядзець на таго ж самага Вакульчыка, які пасьля 2020 году страціў уплыў. Хоць да гэтага быў на найвышэйшых пазыцыях. Цяпер ён кіруе апаратам Савету міністраў».
Форум