Сустрэчу зь Сьвятланай Ціханоўскай і былымі палітвязьнямі 29 ліпеня ў Варшаве ініцыявалі актывісты Беларускай асацыяцыі палітвязьняў «ДаВолі», зарэгістраванай у Польшчы. Асацыяцыя дзейнічае з 2023 году і аб’ядноўвае каля 200 сяброў — уключна з тымі, хто і цяпер жыве ў Беларусі.
«Даўно плянавалі размову і вось сабраліся. Тут ёсьць і сябры „ДаВолі“, ёсьць і людзі, чульлівыя да нашай справы, а таксама сваякі палітвязьняў», — пачаў сустрэчу кіраўнік арганізацыі Алег Кулеша і прапанаваў абмеркаваць ня толькі праблемы дапамогі былым палітвязьням, але і палітычную сытуацыю ў Беларусі, тэму санкцыяў і пэрспэктывы дэмакратычнага руху.
Алег Кулеша паведаміў, што арганізацыя дапамагае ня толькі беларусам, якія пасьля вязьніцы зьехалі з радзімы, але і тым палітвязьням, хто там застаўся.
«Такія ў нас таксама ёсьць, зь імі наладжана асобная сувязь, яны ў асобным асяродку, а мы стараемся ўлічваць іхныя інтарэсы і дапамагаць чым можам», — сказаў Алег Кулеша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навіны палітвязьняў: былога мытніка Гурыновіча, які мае інваліднасьць і ходзіць на мыліцах, прымушаюць працавацьНекаторыя праекты непублічныя
Але публічна ахарактарызаваць некаторыя праекты, якімі займаецца «ДаВолі», Алег Кулеша ня змог празь іх закрытасьць. Такім праектам акурат і ёсьць праца з палітвязьнямі ў Беларусі, сказаў актывіст.
«Наш рэсурс абмежаваны, фактычна мы жывем за кошт складак і прыватных фундатараў, але і ў Беларусі трацім грошы, прыкладна 1,5–2 тысячы эўра штомесяц», — расказаў кіраўнік «ДаВолі».
Паводле Алега Кулешы, арганізацыя вядзе працу праз уласны фонд. «Толькі нядаўна мы атрымалі першы грант, зь якога ўжо засвоілі 55 тысяч злотых», — паведаміў кіраўнік асацыяцыі.
«Магу сказаць таксама, што і мы вядзем перамовы з амэрыканскім бокам аб вызваленьні вязьняў, вынікам гэтага стала вызваленьне 38 чалавек. Можа, гэта мала, але лічым, што калі кожны прыкладзе намаганьні, дык гэта будзе спрыяць паляпшэньню сытуацыі з палітвязьнямі. Мы не падтрымліваем ніякіх сварак і лаянкі, гэта не наша мэта. Бо лічым, што калі ня будзем аб’яднаныя — гэта будзе параза», — сказаў Алег Кулеша.
Сярод праблемаў, названых Алегам Кулешам, быў выпадак непаразуменьня з бухгальтэрыяй офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Падчас сустрэчы была дасягнута дамова яшчэ раз усё праверыць і знайсьці паразуменьне.
«А яшчэ некаторыя праекты, якімі мы займаліся, у нас спрабавалі перахапіць „сумежныя арганізацыі“», — сказаў Алег Кулеша і выказаўся за большую каардынацыю працы паміж арганізацыямі дапамогі былым палітвязьням, а таксама праваабарончымі ініцыятывамі. Пра тое ж сказала і Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка атрымаў новыя прапановы з ЗША. Кавалеўскі лічыць, што для ўлады перамовы з Вашынгтонам — прыярытэтНа што зьвяртаюць увагу былыя палітвязьні
Што да праблемаў палітвязьняў, то, паводле Алега Кулешы, цяпер больш увагі трэба надаваць асуджаным з палітычных прычын на «хатнюю хімію». Такіх пацярпелых ад рэжыму Лукашэнкі апошнім часам становіцца ўсё больш, між тым «іх не прызнаюць палітвязьнямі», нагадаў былы палітвязень.
Асобна ўдзельнікі размовы абгаварылі тэму санкцыяў супраць кіроўнага ў Беларусі рэжыму: ці варта іх паслабляць, каб стымуляваць новыя вызваленьні? Думкі тут разыходзяцца, пры гэтым прагучала прапанова: варта рэкамэндаваць замежным партнэрам шырэй уводзіць санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукцыю вайсковага прызначэньня, што пастаўляецца ў Расею. Удзельнікі сустрэчы згадалі, як на прадпрыемствах пры калёніях даводзілася вырабляць скрыні для снарадаў ды розны вайсковы рыштунак.
«З 2023 году такая праца актывізавалася, але не чуваць, каб хоць на каго наклалі санкцыі», — прагучала думка.
Асобная тэма — асуджэньне з палітычных прычын маладых людзей, якім яшчэ ня споўнілася 18 гадоў. Паводле аднаго з удзельнікаў сустрэчы, такіх у вязьніцы таксама трапляе шмат, а калі яны выходзяць на волю, маюць патрэбу ня проста ў дапамозе, а ў тэрміновай эвакуацыі. Як яе правесьці, калі малады чалавек яшчэ ня мае магчымасьці самастойна перасекчы мяжу? Арганізатары дапамогі былым палітвязьням і праваабаронцы занепакоеныя гэтай праблемай і шукаюць зь яе выйсьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Заканапаціць шчыліны». Эканамічны аглядальнік Махоўскі пра новыя санкцыі ЭЗ супраць БеларусіШто адказала Ціханоўская
Шмат разоў падчас размовы давялося выказвацца Сьвятлане Ціханоўскай. Дэмакратычная лідэрка патлумачыла, што офіс найперш займаецца палітычнымі пытаньнямі і ў гэтым дамогся пэўных вынікаў. Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, беларусы, якія апынуліся за мяжой, працягваюць змагацца, ціснуць на ўладны рэжым, і па-ранейшаму вельмі важна захаваць волю да барацьбы.
«Наша задача тут — пераканаць мясцовых палітыкаў, каб ня зьмешвалі нас з расейцамі, каб да беларусаў захоўваўся асобны падыход у пытаньнях знаходжаньня, візаў ды іншага. Гэта тое, што мы вырашаем з палітыкамі Польшчы і Літвы. А калі для Беларусі зьявіцца вакно магчымасьцяў? Ніхто гэтага ня можа ведаць. Лукашэнка зьмяніў тон адносна Польшчы, ён падкладае саломку. Але мы просім партнэраў не паддавацца на гэта і настойваць на вызваленьні ўсіх палітвязьняў і на спыненьні рэпрэсіяў. Польшча і Літва працягваюць гэта рабіць. А мы, беларусы, мусім разумець, што апынуліся ў складанай сытуацыі», — сказала Ціханоўская.
Паводле яе, паміж беларускімі ініцыятывамі могуць быць складанасьці, але галоўнае — іх нацэленасьць на сумесную працу.
«Магу ў любую беларускую арганізацыю пазваніць, і мы будзем працаваць разам», — падзялілася яна досьведам. У канцы размовы Ціханоўская падзякавала былым палітвязьням і актывістам за шчырасьць і зацікаўленьне.
«Для мяне вельмі важна чуць людзей, якія перажылі рэпрэсіі. Іх досьвед і патрэбы застаюцца ў цэнтры нашай увагі. Дзякуй кожнаму за гэтую размову — і тым, хто прыйшоў асабіста, і тым, хто быў на сувязі онлайн. Дзякуй усім, хто штодня дапамагае былым палітвязьням і робіць усё магчымае, каб сыстэма падтрымкі працавала эфэктыўна», — сказала Ціханоўская пасьля сустрэчы з актывістамі асацыяцыі «ДаВолі» .