Палітвязьня, які атрымаў інваліднасьць пасьля пабіцьця пры затрыманьні, прымушаюць працаваць у калёніі і зьмяшчаюць у ШЫЗА, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Былы супрацоўнік мытнай службы Яўген Гурыновіч знаходзіцца пад вартай зь вясны 2022 году. Ініцыятыва dissidentBY раней апавядала, што пры затрыманьні палітвязьня жорстка білі і ён доўгі час ня мог хадзіць, быў вымушаны карыстацца інвалідным вазком і мыліцамі. Паводле інфармацыі ад крыніцы «Вясны», падчас пабіцьця Яўгену зламалі хрыбетку. Паводле зьвестак праваабаронцаў, палітвязень дагэтуль перасоўваецца на мыліцах.
У 2024 годзе яму прызначылі 13,5 году калёніі паводле шасьці крымінальных артыкулаў. З прычыны праблемаў здароўя Гурыновіча судзілі проста ў СІЗА-1, на «Валадарцы».
Паводле зьвестак «Вясны», у магілёўскай калёніі № 15 Яўгена трымаюць у гаспадарчым атрадзе асобна ад іншых асуджаных. Нягледзячы на інваліднасьць, яго пачалі выводзіць на працу ў прамзону, куды ён мусіць дабірацца на мыліцах. Іншыя палітвязьні кажуць, што адміністрацыя калёніі робіць гэта для дадатковага пакараньня Яўгена.
Таксама вядома, што яму пэрыядычна выпісваюць спагнаньні, у тым ліку зьмяшчаюць у ШЫЗА, прычым, як адзначаюць крыніцы «Вясны», без істотных прычын.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.