Аўтар кнігі аповедаў пра падзеі за кратамі «Зэкамэрон», былы палітзьняволены Максім Знак 20 ліпеня сустракаўся зь беларусамі, якія пасьля падзей 2020 мусілі выехаць з радзімы і цяпер жывуць у Літве. Дзень сустрэчаў пачаўся з акцыі салідарнасьці, а завяршыўся канцэртам і шчырымі размовамі ў Доме нацыянальных меншасьцяў.
На сымбалічную акцыю каля амбасады Беларусі, якая месьціцца на віленскай вуліцы Міндоўга, сабралася больш за 30 чалавек з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. Тут, насупраць будынку амбасады, больш за два гады вісеў банэр з партрэтам вядомага беларуса-палітвязьня, на якім па-ангельску было напісана «Stop torturing Maksim Znak» («Спыніце катаваньні Максіма Знака»).
Зварот адрасаваўся ўладам Беларусі, якія з 2020 году ў найгоршых умовах трымалі за кратамі Максіма Знака і больш за тысячу іншых палітвязьняў. У сьнежні 2025 году Знака памілавалі і прымусова вывезьлі зь Беларусі, цяпер ён жыве ў Варшаве.
Былы палітвязень патлумачыў, што прыехаў у Вільню, каб асабіста «зьняць свой партрэт са сьцяны».
«У 2023 годзе сядзеў у ПКТ, быў у рэжыме інкамунікада. А раней атрымаў 6 тысяч лістоў падтрымкі, гэта сапраўды натхняла. Пра гэты банэр даведаўся ўжо на волі, гэта была рэальная падтрымка, але цяпер ведаць, што ты ёсьць прыкладам катаваньня — адчуваньні ня вельмі. Трэба нагадваць пра тых, хто цяпер за кратамі», — сказаў Максім Знак.
Ён падзякаваў за падтрымку калегам, беларускім і літоўскім адвакатам, якія яго абаранялі, праводзілі акцыі салідарнасьці, у тым ліку вывесілі насупраць амбасады гэтую расьцяжку, ці «проста сьпявалі ягоныя песьні, каб пра яго не забыліся».
Асобныя словы ўдзячнасьці Знак адрасаваў уладам ЗША і супрацоўнікам амэрыканскай амбасады за працу ў вызваленьні соцень беларускіх палітвязьняў.
«Ведаю, што гэтая праца не спыняецца, над гэтым працуюць, за што я вельмі ўдзячны», — сказаў Максім Знак і выказаў спадзеў, што неўзабаве на волю выйдуць усе палітвязьні, якіх за кратамі яшчэ больш за 800 чалавек.
На месца банэра з партрэтам Максіма Знака дзеячы цэнтру «Дапамога» вывесілі вялікі фотаздымак удзельнікаў адной з акцый пратэсту ў Беларусі.
Максім Знак сказаў, што гэтае фота будзе нагадваць мінакам пра рэпрэсіі ў Беларусі, а прадстаўнікам рэжыму — што змаганьне з антыдэмакратычнымі ўладамі працягваецца і за катаваньні беларусаў ім давядзецца адказаць. Паводле юрыста, маральныя пакуты беларусаў, якіх прымусілі выехаць за мяжу, таксама варта адносіць да катаваньняў.
«Мы працягваем заставацца ў сытуацыі няволі, бо ня можам вярнуцца дамоў, карыстацца сваёй маёмасьцю. Увесь час рэжым дасылае нам напаміны, што мы ня вольныя людзі. Але паводле міжнародных нормаў, маральныя зьдзекі з грамадзянаў з іншымі палітычнымі поглядамі таксама ўважаецца за катаваньне. Таму нам трэба працягваць нашу працу. Прыйдзе час, вінаватыя за пакуты людзей адкажуць паводле закону», — мяркуе Знак.
Максім Знак: «Па памяці аднавіў шмат з сваіх запісаў»
Цяпер былы палітвязень жыве ў Варшаве. «Свабодзе» Знак паведаміў, што з часу вызваленьня «збольшага аднавіў здароўе», цяпер адчувае сябе «здольным працаваць і быць карысным».
Яшчэ калі Максім Знак быў за кратамі, на волі выйшла з друку ягоная кніга аповедаў і вершаў «Зэкамерон», па якой былыя купалаўцы паставілі аднайменны спэктакль. Апошнія месяцы на волі Максім у асноўным прысьвячае літаратурнай і музычнай творчасьці.
«Аднаўляю тое, што напісаў за кратамі — у мяне ж усё забралі па вызваленьні. Але па памяці, галавой, можна аднавіць, і я сапраўды шмат што ўжо аднавіў. Гэтак зьявіліся шмат новых песень, якія сёньня пакажу публіцы на канцэрце. А яшчэ ёсьць новая кніга пра жыцьцё ў няволі. Назву для яе прыдумаў — „Каляністы“. Спадзяюся і яе ўбачыць у друку», — сказаў Максім пра сваю творчую дзейнасьць.
У Беларусі Максім Знак абараніў дысэртацыю і атрымаў званьне кандыдата юрыдычных навук, ён працаваў адвакатам, старэйшым выкладчыкам у БДУ, экспэртам і кансультантам. Ад адвакацкай дзейнасьці ва ўмовах эміграцыі, паводле Максіма Знака, ён адмаўляцца не зьбіраецца, але з гэтым давядзецца пачакаць. «Трэба прайсьці дадатковае навучаньне і атрымаць ліцэнзію», — заўважыў былы палітвязень.
У перадвыбарным штабе Віктара Бабарыкі Максім Знак адказваў за юрыдычныя пытаньні. Ці зоймецца ён палітыкай — пытаньне засталося без простага адказу.
«А тое, што я тут раблю, гэта што?! Але ў палітыцы цяпер такое вызначэньне, што лепей казаць, што ня буду ёй займацца, каб не пераблыталі з тым, што буду рабіць. Агульная сытуацыя мяне сапраўды моцна разачароўвае: тое, што зрабілі зь беларусамі, што яны масава мусілі зьехаць з краіны. А тое, што ў беларусаў тут розныя погляды, дык гэта натуральна», — сказаў Максім Знак.
Хто такі Максім Знак
Максім Знак — адвакат, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году, а праз год, 6 верасьня 2021 году Менскі абласны суд прызнаў юрыста вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
Знак атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і адбываў пакараньне ў ПК№ 3 «Віцьба», доўгі час правёў ва ўмовах інкамунікада ў ШЫЗА і ПКТ.
На волі апынуўся 13 сьнежня 2025 году — у складзе вялікай групы былых палітвязьняў яго прымусова вывезьлі з Беларусі спачатку ва Ўкраіну. Затым перасяліўся ў Польшчу.
Форум