На Горадзеншчыне ў памежжы зь Літвой праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС на выпадак «асаблівых умоваў»

Вучэньні падразьдзелаў МУС Беларусі ў Столінскім раёне, які мяжуе з Украінай. Ілюстрацыйнае фота

У Горадні, Лідзе і Вялікай Бераставіцы 29–30 ліпеня праходзяць комплексныя камандна-штабныя вучэньні для праверкі гатоўнасьці падразьдзелаў Міністэрства ўнутраных справаў да дзеяньняў «у асаблівых умовах».

Ва ўпраўленьні ўнутраных справаў Горадзенскага аблвыканкаму не ўдакладнілі, што маюць на ўвазе пад «асаблівымі умовамі».

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у Горадні вучэньні пройдуць на вуліцы Чырвонаармейскай, у Лідзе — на вуліцы Лётнай, а ў Вялікай Бераставіцы — на паўночным уезьдзе ў мястэчка.

«У сувязі з гэтым у вызначаных лякацыях часова абмяжуюць рух усіх відаў транспарту. Паблізу аб’ектаў могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў. Хвалявацца ня варта», — паведамілі ў УУС Горадзенскага аблвыканкаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Баранавічах праводзяць вучэньні міліцыі па спыненьні масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброі

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Сёлета з сакавіка амаль ува ўсіх рэгіёнах Беларусі праводзяць вучэньні падразьдзелаў МУС. У некалькіх выпадках улады ўдакладнялі мэту іх правядзеньня — на выпадак тэрарыстычных актаў, патрэбы прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, стварэньня рэзэрваў і іх своечасовай перадысьлякацыі пры патрэбе або для спыненьня «масавых беспарадкаў».

Такія вучэньні ўжо прайшлі ў Віцебскай, Берасьцейскай і Магілёўскай вобласьцях.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна безь перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых парамілітарных падразьдзелаў.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах ад Украіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычных. Гэта аніразу ня мела пацьверджаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Магілёўскай вобласьці правераць гатоўнасьць дзяржаўных органаў рэагаваць на тэрарызмУ Горадзенскай вобласьці будуць практыкавацца ў вайсковай мабілізацыіУлады рыхтуюцца да новых пратэстаў? Што стаіць за вучэньнямі міліцыі па ўсёй БеларусіУ Магілёве на вучэньнях адпрацавалі выкарыстаньне зброі падчас разгону пратэстаў. ФОТАУ Магілёве падразьдзелы МУС будуць рыхтавацца да дзеяньняў «у асаблівых умовах», з выбухамі і стрэламі