Асуджаных у справе Green Network палітвязьняў пакаралі шасьцю гадамі калёніі
Як піша «Вясна», вынесьлі выракі палітвязьням Глебу Герасімовічу і Аляксандру Мількамановічу. Суд прызначыў ім па шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафы. Іх абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»).
Затрыманьне і крымінальны перасьлед фігурантаў зьвязаныя з рашэньнем КДБ ад 30 ліпеня 2025 году прызнаць кааліцыю ініцыятываў Green Network «экстрэмісцкім фармаваньнем». У сьпіс праектаў, аб’яднаных гэтаю назваю, улады ўключылі ініцыятывы Belarus Beehive, «Зялёны Партал» і грамадзкае абʼяднаньне «Экадом». Пра Герасімовіча і Мількамановіча таксама вядома, што яны выступілі заснавальнікамі беларускай стартап-школы Malimon.
Дакладныя акалічнасьці крымінальнай справы і падрабязнасьці судовага працэсу на гэты момант застаюцца невядомымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 24 ліпеня: пінскага сьвятара пакаралі на 2 гады «хатняй хіміі»За паўгода ў Беларусі за «злачынствы супраць дзяржавы» асудзілі 12 непаўналетніх
Паводле афіцыйнай судовай статыстыкі Вярхоўнага Суду Беларусі, за першае паўгодзьдзе 2026 года суды вынесьлі прысуды 239 падлеткам, зь якіх 12 былі асуджаныя па палітычна матываваных артыкулах.
Як вынікае са справаздачы Вярхоўнага Суду, сярод іх дзевяць непаўналетніх асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Таксама непаўналетніх судзілі за «заклікі да шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «зьдзек з дзяржаўных сімвалаў».
Паводле агульных зьвестак Вярхоўнага Суда аб прызначаных пакараньнях для непаўналетніх, 22 падлеткі атрымалі рэальныя тэрміны зьняволеньня, піша «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 23 ліпеня: уладальніка кампаніі — прадаўца на Wildberries у Менску асудзілі ў палітычнай справеАйцішніка асудзілі за «фінансаваньне экстрэмізму» і зброю
Паводле зьвестак «Наша Нівы», менчука Мікалая Бурага асудзілі па палітычнай справе. Яго затрымалі ў верасьні 2025 года і зьмясьцілі ў СІЗА. Праз больш чым паўгода яго асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле двух артыкулаў: ч. 1 арт. 361‑2 (фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеяньні са зброяй ці выбухоўкай).
Дакладны прысуд невядомы.
Мікалай Буры працуе ў IT-сфэры больш за дзесяць гадоў, пачынаў з EPAM.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 20 ліпеня: стаў вядомы прысуд афіцэру Чарамных, якога абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хроніка перасьледу 21 ліпеня: стаў вядомы вырак гукарэжысэру, які вярнуўся ў Беларусь з ПольшчыЯк рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».