Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 ліпеня: стаў вядомы прысуд афіцэру Чарамных, якога абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»

Берасьцейскі абласны суд, архіўнае фота
Берасьцейскі абласны суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Стаў вядомы прысуд экс-вайскоўцу Чарамных, якога абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»

Палітвязьня Антона Чарамных утрымліваюць у зьняволеньні амаль тры з паловай гады. Увесну 2024 года былога вайскоўца асудзілі паводле ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца) і ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці). Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што суд прызначыў Антону 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Антон Чарамных — падпалкоўнік, былы намесьнік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалягічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгады гвардыі. У палітвязьня двое дзяцей.

У палітычнай справе асудзілі мэнэджарку з Кобрыня

38‑гадовую Алену Вароніну з Кобрыня асудзілі ў палітычнай справе, як мяркуецца, у «справе Гаюна».

Алене 38 гадоў. Яна выхоўвае 13‑гадовае дзіця, працуе мэнэджаркай у працы з кліентамі і продажах, піша «Наша ніва».

Алену асудзілі ў Берасьцейскім абласным судзе паводле часткі 1 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прысудзілі «хатнюю хімію».

Вырак за «замах на здраду дзяржаве»

У Магілёўскім абласным судзе вынесьлі вырак 58-гадоваму жыхару Мазыра Аляксандру Яжэўскаму. Яго абвясьцілі вінаватым паводле часткі 1 артыкулу 356 праз частку 1 артыкула 14 Крымінальнага кодэкса («замах на здраду дзяржаве»).

Дакладны тэрмін, які прызначылі Аляксандру, невядомы, але, хутчэй за ўсё, ён зьвязаны з пазбаўленьнем волі, паведаміла «Гомельская Вясна».

Жыхара Нароўлі асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму»

У Гомельскім абласным судзе 51-гадовага жыхара Нароўлі Сяргея Яскаўца прызналі вінаватым у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Падобна, яму прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Сяргей Яскавец родам зь вёскі Зашыр’е Ельскага раёну. Стала жыве ў Нароўлі, працаваў выкладчыкам у мясцовым прафэсійным ліцэі. Таксама зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам ў сфэры таксі, піша «Гомельская Вясна».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG