Палітвязьню Будаю дадалі 1,5 года няволі
Асуджанага на 15 гадоў калёніі 48-гадовага палітвязьня Андрэя Будая зноў судзілі па артыкуле аб непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі (артыкул 411 КК), паведамляе «Гомельская Вясна».
Палітвязьню дадалі 1,5 года няволі і перавялі ў калёнію ў Ваўкавыску (раней ён знаходзіўся ў калёніі ў Мазырскім раёне).
Андрэя асудзілі па гэтым артыкуле ўжо другі раз. У 2024 годзе суд у Бабруйску дадаў яму 2 гады калёніі. Агульны тэрмін палітвязьня зараз — 18 гадоў і 6 месяцаў.
Андрэя Будая асудзілі ў верасьні 2022 году па справе ініцыятывы «Буслы ляцяць». Улады прызналі арганізацыю «тэрарыстычнай».
Шасьцёра фігурантаў атрымалі вялікія тэрміны, іх абвінавачвалі па артыкулах аб стварэньні «тэрарыстычнай арганізацыі», акце тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага дзеяча, распальваньні варожасьці.
У менскай кватэры дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій прайшоў ператрус
14 ліпеня ў менскай кватэры Ігара Станкевіча, вядомага дасьледчыка сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне, прайшоў ператрус. Яго праводзілі 5-6 чалавек, сярод якіх — супрацоўнікі КДБ. Знаёмых Станкевіча распытвалі пра ініцыятыву «Нацыя лідараў», якая ладзіць онлайн-курсы па розных накірунках: ад грамадзкага актывізму да складаньня ўласнага радаводу, піша «Віцебская Вясна».
Пазьней Ігар Станкевіч даведаўся, што ператрусы ў Менску прайшлі мінімум у яшчэ трох чалавек, прычым супрацоўнікі КДБ пабывалі ня толькі ў іхных кватэрах, але і ў кватэрах іх сваякоў ці блізкіх. Іх цікавіла тое самае: датычнасьць да ініцыятывы «Нацыя лідараў».
У кастрычніку 2024 года КДБ унёс рэсурсы «Нацыі лідараў» і некалькі дваравых чатаў у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» пад агульнай назвай «Ордэн».
Ігар Станкевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь праз пагрозу палітычнага перасьледу. Старонкі ягонай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» ў сацыяльных сетках беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй», а самога дасьледчыка ўнесьлі ў агульную базу вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расеі.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.