Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Маракоў — улюбёны паэт Купалы, застрэлены ў менскай турме НКВД


27 сакавіка 1909 году нарадзіўся паэт Валеры Маракоў. Ён праславіўся як творца яшчэ непаўналетнім. Яго эмацыйныя, лірычныя, выразныя вершы вучылі на памяць школьнікі і студэнты, радкамі Маракова прызнаваліся ў каханьні.

Калі ў 30-я яго прымушалі быць як усе, ён як быццам пачаў складаць дрындушкі пра ўдарнікаў і сацыялістычныя дасягненьні. Але колькі ў іх было прыхаванай іроніі!

Калі ў 1936 годзе Валерыя Маракова арыштавалі, то сьледчыя зьдзіўляліся яго нязломнасьці. Ён не прызнаў сябе вінаватым і нікога ня выдаў.

1. Лічыў, што беларускіх паэтаў ХІХ ст. ня трэба вывучаць у школах

А. Дудар, В. Маракоў, М. Нікановіч. 1932 год
А. Дудар, В. Маракоў, М. Нікановіч. 1932 год

«Звычайна ў нашых школах — у сямігодках, тэхнікумах, інстытутах — пачынаюць вывучэньне беларускай літаратуры з Рыпінскага, Чачота, Баршчэўскага і канчаюць Александровічам. Можа, гэта з гістарычнага і акадэмічнага пунктаў погляду і правільна, але дазвольце на гэты раз не згадзіцца. Баршчэўскі, Неслухоўскі, Марцінкевіч! — Ды, па сутнасьці кажучы, якія гэта паэты? Што ў іх агульнага з паэзіяй?! Можа, толькі тое, што яны пісалі рыфмованай прозай /.../

Апроч настаўленьня „дурным мужыкам“ ня піць гарэлкі і слухацца „бацькі-пана“, мы нічога тут не знаходзім. Калі ж браць фармальны бок творчасьці „старыкоў“, то трэба сказаць, што вучні звычайнай сярэдняй сямігодкі пакінулі іх на сёньняшні дзень далёка па-за сабой. /.../ Першае слова беларускай паэзіі сказалі Янка Купала і Якуб Колас. Вось вытокі беларускай паэзіі»[6].

2. Любіў вітацца, цытуючы Максіма Багдановіча альбо Аляксандра Пушкіна

«Пры сустрэчы ў яго з вуснаў зрывалася не абвыклае „здароў“ ці „дабрыдзень“, а які-небудзь вершаваны радок. Часьцей гэта было пушкінскае „Мою любовь, широкую, как море“ ці Багдановічава „Ёсьць на сьвеце такія бадзягі“. /.../ З гэтага чырванашчокага юнака, здавалася, так і тачылася паэзія: зь сьветлага позірку, размашыстых рухаў, з красамоўнага маўчаньня»[5].

3. Засмучаўся, што беларускія пісьменьнікі слаба знаёмыя з амэрыканскай пралетарскай паэзіяй

Вокладка першай кніг іпаэта «Пялёсткі». 1926 год
Вокладка першай кніг іпаэта «Пялёсткі». 1926 год

«Гэтыя паэты ня так даўно яшчэ нарадзіліся, але ім належыць будучыня. Цяжкім шляхам прыходзіцца ісьці да яе, некаторыя зь іх, як Джозэф Гілстрэм і Ральф Чаплін, сталі ахвяраю прасьледваньняў амэрыканскай буржуазіі /.../

...Пралетарская паэзія ў Амэрыцы нараджаецца і будзе расьці. /.../ Добра было б, кааб нашыя чытачы мелі магчымасьць знаёміцца і сачыць за разьвіцьцём пралетарскай паэзіі Амэрыкі не эпізадычна, /.../ а сыстэматычна. /.../ Трэба нашым выдавецтвам /.../ зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на... гэтую літаратуру»[10].

4. Іранічна ставіўся да эпічных паэм

«Калісьці даўно ў сівой мінуўшчыне складаліся доўгія падрабязныя паэмы пра жыцьцё і славу адысэяў. На многіх старонках гэтых цягучых паэм апавядалася пра тое, як людзі елі, пілі, кахаліся і ваявалі. Гэта і зразумела: куды было сьпяшацца? Над галавой зьзяла празрыстае элінскае неба, вялікія багі лагодна ўсьміхаліся людской мудрасьці /.../ У наш дваццаты век — век электрычнасьці, век радыё, век вялікіх клясавых боек — нельга апавядаць на дваццаці старонках пра тое, як чалавек зьеў міску заціркі або выпіў куфаль піва. (Успаміны Гамэра!)[6]

5. Паблажліва ставіўся да Байрана, бо лічыў, што яго мэтавая аўдыторыя — сытая, гультаяватая моладзь

Джордж Байран на карціне Рычарда Ўэстала, фрагмэнт (1813)
Джордж Байран на карціне Рычарда Ўэстала, фрагмэнт (1813)

«І ўсё ж зусім зразумела тое, што Байран быў уладаром дум свайго веку. Сытыя, узгадаваныя на жабрацтве мільёнаў, маладыя гультаі з багатых і славутых сем’яў ня ведалі, куды кінуцца ад нуды. Працаваць яны не хацелі і не маглі, і адно, што ім заставалася — распуста, віно, прыгоды. Паэзія ж Байрана, дзякуючы суроваму і мяцежнаму генію яе творцы, была сугучна гэтым людзям. Бунт Байрана — бунт сытага чалавека»[6].

6. У сваёй паэзіі інтрыгаваў чытача вобразамі экзатычных красуняў

Валеры Маракоў зь сябрамі. 1928 год
Валеры Маракоў зь сябрамі. 1928 год

У вершы «Маўрытанка» чытаем:

«Ах, якая ты!.. якая дарагая,
І на сцэне сонца прадаеш,
Бо сама, як радасьць, маладая,
Бо сама, як сонца, цьвіцеш...
Маўрытанка, песьня ты, ці казка,
Ці прыгожай радасьці прыбой,
Бо ў тваіх вачах зусім няцяжка
Піць чужую песенную боль?!»
1927 [7]

7. Бянтэжыў юную Эдзі Агняцвет прызнаньнямі ў каханьні

Трэцяя кніга паэта «Вяршыні жаданьняў». 1930 год
Трэцяя кніга паэта «Вяршыні жаданьняў». 1930 год

«Я была рэдактарам курсавой насьценгазэты. /.../...Да мяне падбег Маракоў. Сіні дагледжаны гарнітур, блакітны гальштук вельмі пасавалі да яго вачэй і залацістай галавы. І вось дастаў ён зь верхняй кішэні пінжака некалькі сьпісаных лісточкаў:

— Прачытай і падумай, Каму гэты верш адрасаваны?

Загаловак быў такі: „Мая каханая — рэдактар газэты“. /.../ Чытаю радкі гарачыя...: На тысячы вёрст / Маё каханьне. / Рэйкі аорт / Узьнімаюць гарачую кроў...» /.../

Валеры кажа:

— Гэта табе!

— Не мані! Прычым тут я?

— А хто рэдактар газэты? А ў каго тонкія бровы, як два кавалкі іспанскіх мячэй?»[1]

8. За некалькі гадоў да першай хвалі рэпрэсіяў любіў складаць любоўныя вершы, дзе галоўнымі героямі былі прадстаўнікі ідэалягічна варожай клясы

Валеры Маракоў, 1934 год
Валеры Маракоў, 1934 год
«Ён адчыніў вакно
І доўга ў сад глядзеў.
Ў душу ўліваўся непакой язьміну.
І так хацелася
Да маладых грудзей
Зноў прыгарнуць каханую дзяўчыну.
Прайшла Наташа задрамаўшым садам
І абудзіла сум
Ў яго грудзёх,
І гэты сум
Узварухнуўся гадам,
Каб атруціць юнацкае жыцьцё.
Ў сваім прыгожым дарагім убраньні
Пад ружай дзіўнага заката
Яна прайшла
Якойсьці тайнай зданьню,
І ён шаптаў,
Як сімвал шчасьця:
— Ната... / /...
І ўспомніў ён былыя захапленьні. /
І свой фальварак,
Згублены ў палёх,
Сваіх надзей
Сьвятло І цені,
І успамін на сэрца болем лёг...» 1928 [7].

9. Кіевам захапляўся больш, чым родным Менскам

«Кіеў на нас робіць іншае ўражаньне, чым родны Менск. Дамы высокія, прыгожыя. Вуліцы прасторныя і чыстыя. А вакол дамоў сады і сады. /.../...Які прастор! Як прыгожа!.»[9].

Валеры Маракоў (зьлева) разам зь Янкам Туміловічам і Яўгеніяй Пфляўмбаўм
Валеры Маракоў (зьлева) разам зь Янкам Туміловічам і Яўгеніяй Пфляўмбаўм

10. Яго раздражняла тагачаснае дакумэнтальна-хранікальнае беларускае кіно перадусім за тое, што яно ня так, як трэба, асьвятляла юбілей Сталіна

«Перш за ўсё, што зьяўляецца недахопам, гэта тое, што юбілей т. Сталіна адзначаецца са спазьненьнем на месяц. Апрача ўсяго гэтага, зазьняты партрэт Сталіна, якога вітае аўдыторыя, — жывога Сталіна няма. Такі малюнак у кіно зьяўляецца проста непісьменнасьцю. /.../ Дзьве наступныя старонкі кіначасопіса падносяць гледачу ня больш ня менш як „мудрую“ галаваломку. Два палітычна-важныя актуальныя моманты зманціраваны так, што ў гледача зусім блытаецца разуменьне. Раптоўны пераскок прысуду па справе забойства Варавы да чысткі партыі і надпіс „...ён сапраўдны член партыі“ ствараюць уражаньне, што гэтым членам партыі зьяўляецца забойца Варавы»[8].

Валеры Маракоў з паплечнікамі, фота 1929(?) году. Злева направа: 1-ы шэраг — В.Маракоў, украінскі пісьменьнік, П.Глебка, Я.Пушча; 2-і шэраг — М.Нікановіч, В.Каваль, М.Лужанін, Н.Вішнеўская, А.Звонак, К.Чорны
Валеры Маракоў з паплечнікамі, фота 1929(?) году. Злева направа: 1-ы шэраг — В.Маракоў, украінскі пісьменьнік, П.Глебка, Я.Пушча; 2-і шэраг — М.Нікановіч, В.Каваль, М.Лужанін, Н.Вішнеўская, А.Звонак, К.Чорны

11. Не разумеў рэлігійнага мастацтва

«Мне былі далёкімі і незразумелымі тыя мастацкія рэчы, якія былі зьвязаны з жыцьцём і сьмерцю Хрыста. Я самы маладзейшы з маіх падарожнікаў, вучыўся толькі ў савецкай школе і ніякіх „боскіх запаветаў“ не вывучаў...» [9]

12. З пачаткам рэпрэсіяў не хаваў свайго страху, разгубленасьці і вялікага непакою, што адлюстраваў у вершах і паэмах

У паэме «Муляр» чытаем:
«Надрыўны боль. Так ціха ў полі.
І з болю месяц акалеў.
І не стрымаць нам злога болю,
І не пусьціць яго на лес.
Цяпер няма нідзе прыпынку...
Дзе ж родны дом маёй душы?
За хлеба чэрствую скарынку
Няўжо я мучыўся і жыў?»

«Мая паэма» пачынаецца з такіх балючых радкоў:

«Вецер.
Вецер!
Як сэрца забіла трывогу!
Гэта свой,
Ці мо гэта чужы?
Ты скажы мне,
Скажы,
Хто блукае ўначы па дарогах,
Хто фарбуе
Крывавай зарою на сэрцах нажы,
Ты скажы?» [7]

13. Не любіў выступаць з дакладамі, а калі даводзілася, то імправізаваў

З братам Леанідам. 1934 год
З братам Леанідам. 1934 год

«Валеры Маракоў нідзе ніколі не выступаў ні з якімі дакладамі. Не любіў ён наперад рыхтавацца да выступленьняў на розных пісьменьніцкіх форумах, як гэта было ўласьціва іншым яго сябрам па пяру.

Ён калі і адважваўся гаварыць, дык гаварыў, як кажуць, з ходу. А больш за ўсё свае думкі ён выказваў у прыватных гутарках». [11]

14. Сярод тагачасных студэнтаў-літаратараў быў адным з самых дасьведчаных

«У студэнцкія гады дасьведчаны, начытаны, эрудзіраваны Валеры Маракоў быў для сяброў аўтарытэтным кансультантам, а для акадэміка Замоціна, прафэсараў Барычэўскага і Бузука — любімым студэнтам». [3]

15. Быў незаменным памочнікам Міхася Чарота і фактычна кіраваў адным з самых папулярных часопісаў Беларусі пачатку 30-х гг.

Міхась Чарот
Міхась Чарот

«Зазваніў тэлефон. Маракоў падняў трубку, сказаў: „Я!“ — і даволі доўга слухаў. Потым прамовіў: „Лячу!“ — і падышоў да мяне.

— Рэдактар кліча, не магу адкруціцца.

Рэдактар — Міхась Чарот, Маракоў — ягоны сакратар у часопісе „Чырвоная Беларусь“, а, сказаць дакладней, адзіная штатная адзінка ў рэдакцыі. Ён падшукваў і заказваў нарысы і артыкулы, падбіраў фота, дамаўляўся з мастакамі. Не было цесна ў часопісе і паэзіі. Чарот ... быў задаволены сваім памочнікам, а Валеры нават крыху задаваўся гэтакім даверам і самастойнасьцю». [5]

16. Калі пісаў пра сьмерць Леніна (верш «Леніну»), то быў першым беларускім паэтам, хто нэгатыўна выказаўся пра маўзалей

Маўзалей, паводле Валерыя Маракова, — гэта своеасаблівая турма, якая не выпускае цела правадыра рэвалюцыі са сваіх лапаў:

«І вось халодны Маўзалей
Зацяў каменнымі рукамі
Таго, хто сонца быў сьвятлей,
Таго, хто заўжды жыў між намі». [4]

17. Паслаў адыёзнага крытыка Алеся Кучара, калі той сватаў яму буфэтчыцу Фаіну

Валеры Маракоў
Валеры Маракоў

«Аднойчы, седзячы на канапе Дому пісьменьніка, ён [Валеры Маракоў. — В. Дэ Эм] гаварыў нам:

— А ведаеце, хлопцы, што Кучар хацеў мяне ажаніць з буфэтчыцай Фаняй?

— Ну і што? — пытаемся мы. — Пэўна, абрадаваўся ты?

— Вельмі абрадаваўся. Паслаў яго падалей і ўсё». [11]

18. Калі Янка Купала зрабіў у 1930 годзе харакіры, маральна падтрымаў яго вершам

Янка Купала
Янка Купала
«Праз сон на кургане,
Ад спаленых гнёздаў
Вы клікалі к зорам,
На вольны прасьцяг,
Вы сэрца,
Вы кроў сваю,
Розум, —
Ўсё кінулі
Ў буры жыцьця...
За песьні і думы
Мы любім паэтаў,
За кожнае слова,
За кожны радок,
Што нашым агнём
І трывогай сагрэты...
Купала,
Вам гэты вянок!» [7]

19. Называў ХХ стагодзьдзе «векам крыві»

«ХХ век /.../ больш за ўсё можна назваць „векам крыві“, калі пад маскай /.../ прагрэсу „барбарства пануе ўсюды ў нашы дні“ /.../ якое дзікае зьверства хаваецца пад вэлюмам „гэройскага патрыятызму“ /.../». [2]

20. Маракова вельмі любіў Янка Купала і прарочыў яму вялікую будучыню

Турэмны здымак. 1936 год
Турэмны здымак. 1936 год

«Янка Купала вельмі любіў Маракова. Ён заўсёды называў яго ласкава: „Валерык“, „Валік“. Неаднойчы запрашаў яго дахаты, каб „за шклянкай гарбаты“ паслухаць ягоныя новыя вершы і прачытаць свае яму.

Купала часта запрашаў Валерыя і на сумесныя літаратурныя выступы. Ён гаварыў, што Маракоў — гэта будучыня нашай беларускай паэзіі.

На вялікі жаль, прарочыя словы народнага паэта не збыліся: перашкодзілі цёмныя сілы. Яны адабралі ў Валерыя самае каштоўнае — жыцьцё»[11].

Крыніцы

1. Эдзі Агняцвет. Нязгасная зорка яго паэзіі. / Валеры Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
2. В. Армак (В. Маракоў і А. Мардвілка). Анры Барбюс. Розныя факты. // Полымя, № 3, 1930
3. Сяргей Грахоўскі. Растаптаныя пялёсткі. // «Голас Радзімы», 7 траўня, 1998
4. Калектыўны зборнік «Жыве між намі геній». 1969
5. Максім Лужанін. Дзень з Валерыем Мараковым. / Валерый Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
6. Валеры Маракоў. Пра паэзію. // ЛіМ, 26 чэрвеня, 1933
7. Валеры Маракоў. Рабінавая ноч. 2003
8. В. Маракоў, Ч. Барысевіч. Хроніка Белдзяржкіно кульгае. // Савецкая Беларусь, 17 студзеня, 1930
9. Валеры Маракоў. 12 дзён. З падарожжа маладнякоўцаў па Украіне. // Зьвязда, 25 ліпеня, 1928
10. Валеры Маракоў. І.Ю. Кулік. «Анталёгія амэрыканскай паэзіі». 1855–1925 гг. // Маладняк, № 8, 1928
11. Пруднікаў П. «Паэт эмоцый». // «Маладосць». 1998, № 12

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG