Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 ліпеня: уладальніка кампаніі — прадаўца на Wildberries у Менску асудзілі ў палітычнай справе

Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Арыштавалі актывістаў з Слоніма

Слонімскія актывісты Алесь Масюк, Павел Севасьцян і Віктар Марчык знаходзяцца пад арыштам у сьледчым ізалятары, паведаміла «Горадзенская праваабарона».

Затрымалі іх у рамках групавой крымінальнай справы, якая датычыць дзейнасьці Беларускай рады культуры, пішуць праваабаронцы. Затрыманьні ў гэтай справе прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі.

Вядома, што слонімскія актывісты бралі ўдзел у некаторых культурных сустрэчах.

Алесь Масюк, Павел Севасьцян і Віктар Марчык шматкроць цярпелі перасьлед уладаў і раней.

Уладальніка кампаніі — прадаўца на Wildberries у Менску асудзілі ў палітычнай справе

У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі вырак бізнэсоўцу Максіму Кісялю. Яго абвінавацілі паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Паводле зьвестак «Нашай Нівы», бізнэсоўцу прысудзілі абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Падобна, яго затрымалі пасьля лютага 2026 году, калі ён зьнік з сацыяльных сетак.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG