Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 ліпеня: менчука асудзілі за данаты фондам салідарнасьці

Суд у Гомлі. Архіўнае фота
Суд у Гомлі. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Менчука асудзілі за данаты фондам салідарнасьці

Менскі гарадзкі суд вынес прысуд жыхару сталіцы, якога абвінавацілі ў «фінансаваньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за невялікія ахвяраваньні ў фонды салідарнасьці. Агулам па сукупнасьці з яшчэ адным артыкулам мужчыне прызначылі пяць гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»), піша "Вясна".

Як паведаміла прэс-служба пракуратуры 21 ліпеня, у 2020 і 2022 гадах жыхар Менска са сваіх банкаўскіх картак перавёў 5 даляраў і 10 эўра на рахункі ініцыятыў «Фонд салідарнасьці BySol» і «Беларуская Рада культуры» (ByCulture), якія беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суду разгледзела апэляцыю і пакінула прысуд Менскага гарадзкога суду бяз зьменаў.

Расейца, які жыў у Жлобіне, асудзілі за абразу Лукашэнкі

Гомельскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд 42-гадоваму ўраджэнцу Масквы Ўладзімеру Карчэўнаму, які працяглы час жыў у Беларусі. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», мужчыну, падобна, затрымалі за камэнтары ў падтрымку Ўкраіны ў тэлеграм-чатах.

У выніку яго асудзілі адразу паводле трох палітычных артыкулаў: за «дыскрэдытацыю Беларусі» (арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу), «заклікі да санкцыяў ці іншых дзеяньняў на шкоду нацыянальнай бясьпецы» (ч. 3 арт. 361) і «абразу Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368). Імаверна, Карчэўнаму прысудзілі зьняволеньне ў калёніі, але дакладны тэрмін невядомы.

Асьпіранта БНТУ пазбавілі іменнай стыпэндыі праз палітычны вырак

Асьпіранта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Юрыя Касьцючэнку пазбавілі прэзыдэнцкай стыпэндыі на 2026 год. У дакумэнце, які падпісаў старшыня Рэспубліканскага савету падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі Ўладзімер Каранік, пазначана, што рашэньне прынята ў сувязі з прысудам Менскага гарадзкога суду ад 24 красавіка 2026 году, які набыў моц 3 траўня.

Артыкул, паводле якога судзілі асьпіранта, у дакумэнце не пазначаны. Аднак 15 траўня 2026 году імя Юры Касьцючэнка зьявілася ў сьпісе асобаў, датычных да так званай «экстрэмісцкай» дзейнасьці. На гэта зьвярнула ўвагу «Люстэрка». Паводле гэтага сьпісу, Менскі суд асудзіў Касьцючэнку паводле чч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG