Беларуская група актывістаў «Кібэрпартызаны BY», а таксама група Silent Crow прызнаныя Вярхоўным судом Расеі экстрэмісцкімі арганізацыямі, перадае расейская агенцыя interfax.ru.
Рашэньне на закрытым працэсе ў Маскве ўхвалілі на ініцыятыву Генпракуратуры Расеі: суд прызнаў групы «Кібэрпартызаны BY» і Silent Crow экстрэмісцкімі арганізацыямі і забараніў іх дзейнасьць на тэрыторыі Расеі.
Суд Расеі прызнаў, што гэтыя групы цесна супрацоўнічаюць паміж сабой і ажыцьцяўляюць сумесныя кібэратакі на аб’екты інфармацыйных структур Расеі і Беларусі «для дэстабілізацыі сацыяльнай і палітычнай абстаноўкі ў мэтах зьмены дзеючай дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».
Паводле расейскіх сілавікоў гэтыя групы нібыта датычныя да кібэратак на крытычную інфраструктуру і дзяржустановы Расеі.
Вядома, што ў чэрвені 2025 году «Кіберпартызаны BY» і Silent Crow правялі атаку на расейскую авіякампанію «Аэрофлот», у выніку якой была скампрамэтаваная і зьнішчаная ўнутраная IT-інфраструктура. «Аэрофлот» тады вымушаны быў адмяніць частку рэйсаў. Таксама «Кібэрпартызаны» неаднаразова атакавалі сайты беларускіх дзяржаўных устаноў і кампаній, у тым ліку атрымалі доступ да важных зьвестак.
У Беларусі яшчэ ў 2021 годзе Вярхоўны суд прызнаў тэрарыстычнай нефармальную арганізацыю «Супраціў», а таксама ініцыятывы «Кібэрпартызаны», «Дружыны народнай самаабароны — ДНС», «Буслы ляцяць», якія ўваходзяць у яе. У абгрунтаваньні рашэньня Вярхоўны суд Беларусі таксама заявіў, што іх асноўнай мэтай якой зьяўляецца зьмена канстытуцыйнага ладу.
Хто такія «Кібэрпартызаны»
«Кібэрпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных хакераў, зьявілася ў верасьні 2020 году ў адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.
Яны атрымалі вядомасьць дзякуючы шэрагу пасьпяховых кібэратак на рэсурсы дзяржаўных установаў і сілавых структураў Беларусі, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама разьмяшчэньню ў адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.