Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне: сьляды Анатоля Котава губляюцца ў расейскай ФСБ

Анатоль Котаў
Анатоль Котаў

Сьцісла

  • Котава на яхце прывезьлі да берагоў Абхазіі, дзе яго забрала берагавая ахова ФСБ. Далей пра ягоны лёс нічога не вядома.
  • Экіпаж падбіралі так, каб ён не разумеў па-расейску.
  • Названыя чатыры чалавекі, якія маглі быць датычныя да апэрацыі: два расейцы, а таксама раней знаёмыя Котаву беларус і грамадзянка Ярданіі.
  • Фігурантаў апэрацыі зьвязваюць зь сеткай былых сілавікоў і зброевага бізнэсу.
  • У Польшчы зьнікненьне Котава не расьсьледуюць.

Анатоль Котаў, былы беларускі дыплямат і спартовы функцыянэр, зьнік у жніўні 2025 году. Амаль праз год журналісты-расьсьледнікі даведаліся некаторыя дэталі гэтага зьнікненьня, піша DW.

Каля шостай вечара 21 жніўня 2025 году былы беларускі дыплямат і спартовы чыноўнік Анатоль Котаў падняўся на борт прыватнай яхты на паўночным усходзе Турэччыны. Ён казаў, што вернецца дадому празь некалькі дзён.

Афіцыйна яхта ішла ў Расею, дзе, як і ў Беларусі, быў выдадзены ордэр на яго арышт. Аднак ці ведаў пра пункт прызначэньня Котаў, невядома. Праз тры гадзіны пасьля пачатку падарожжа ён перастаў адказваць на паведамленьні. Дадому ён так і не вярнуўся.

Цяпер стала вядома, што Котава зьняла зь яхты берагавая ахова Расеі, падразьдзяленьне ФСБ, якое, імаверна, дзейнічала ў каардынацыі зь Беларусьсю. А заманіць Котава ў пастку маглі знаёмыя. Такія вынікі расьсьледаваньня DW супольна зь Беларускім расьсьледавальніцкім цэнтрам і Цэнтрам дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці — OCCRP. Яны прааналізавалі інфармацыю з журналісцкіх крыніц DW, дакумэнтаў, спадарожнікавых здымкаў і ўцечак з базаў даных.

«Без сумневу, гэта чалавек, якога беларускія ўлады хацелі вярнуць»

На пачатку сваёй палітычнай карʼеры Котаў працаваў дыпляматам у амбасадзе Беларусі ў Польшчы. У 2015 годзе яго прызначылі генэральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, які тады ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка. У 2019 годзе Котаў быў намесьнікам дырэктара аргкамітэту Эўрапейскіх гульняў, якія праходзілі ў Менску.

Анатоль Котаў сышоў зь дзяржаўнай службы, калі сілавыя структуры здушылі масавыя пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Ён зьехаў у Польшчу, дзе атрымаў статус уцекача і пачаў выступаць за перамены ў Беларусі.

Котаў быў адкрытым крытыкам рэжыму, яго лічылі датычным да апазыцыйнага Telegram-каналу «Ник и Майк» з больш як 50 тысячамі падпісантаў. Ён адыгрываў ключавую ролю ў Беларускім фондзе спартовай салідарнасьці — руху спартоўцаў, які дамагаўся пазбаўленьня Менску права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі 2021 году. Іхны аргумэнт быў у тым, што Лукашэнка мог выкарыстаць міжнародную ўвагу да свайго ўлюбёнага віду спорту для паляпшэньня іміджу пасьля падзеяў 2020 году.

«Котаў — чалавек, які шмат гадоў працаваў у дзяржаўнай сыстэме, — кажа беларускі праваабаронца, юрыст і былы кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч. — Такія людзі, як ён, ёсьць „здраднікамі“, а гэта для рэжыму значна больш сурʼёзна, бо Лукашэнка некалькі разоў казаў: ён не баіцца апазыцыі, ён баіцца здрады».

У 2024 годзе беларускі суд завочна пакараў Котава 12 гадамі пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам і ў экстрэмісцкай дзейнасьці. Ордэры на яго арышт выдалі ўлады Беларусі і Расеі.

«Без сумневу, гэта чалавек, якога беларускія ўлады хацелі вярнуць», — кажа Алесь Міхалевіч.

«Котаў намякаў: у Беларусі хутка ўсё зьменіцца і мы зможам паехаць дадому»

Сябры кажуць, што Котаў часта не раскрываў плянаў сваіх паездак. У красавіку 2025 году, за пяць месяцаў да зьнікненьня, ён езьдзіў у Дубай, дзе правёў як мінімум дзьве сустрэчы.

Паездка ў Дубай плянавалася і ў ліпені 2025 году, за месяц да зьнікненьня, але, паводле ягонай жонкі, ён адмяніў яе праз прыступ апэндыцыту.

«Як правіла, ён загадзя не казаў, куды едзе і навошта, — апавёў сябар Котава, актывіст Руслан Хазін. — Але мы заўсёды ведалі: пасьля таго як ён кудысьці езьдзіў з кімсьці сустракацца, ён вяртаўся — і заўсёды былі нейкія цікавыя навіны».

Перад паездкай у Стамбул у жніўні ён сказаў жонцы, што едзе ў Турэччыну ў працоўных пытаньнях. Ягоны кіраўнік у польскім івэнт-агенцтве, наадварот, лічыў, што паездка мела асабісты характар.

Некалькі чалавек расказалі DW, што незадоўга да паездкі Котаў намякаў: у Беларусі хутка ўсё зьменіцца і «мы зможам паехаць дадому».

«У мяне было проста неразуменьне, — успамінае Хазін. — Кажу: „Што ты маеш на ўвазе?“ У яго звычайна такая манэра: ён усьміхнецца і скажа: „Ну, потым даведаесься“. Нешта такое».

Знаёмы Котава зь Беларусі пакінуў яхту перад адплыцьцём

Пасьля прыбыцьця ў Стамбул 21 жніўня 2025 году Котаў паляцеў у турэцкі партовы горад Трабзон, дзе яго чакала яхта. Само судна раней выйшла са Стамбулу. На борце былі невялікі экіпаж, двое пасажыраў-расейцаў і Юры П. — беларускі трэнэр і судзьдзя па каратэ, які мае сувязі з КДБ.

Мяркуючы па фатаздымках у сацсетках, Котаў мог пазнаёміцца зь Юрыем П. у спартовым клюбе «Адраджэньне», які існаваў з 2017 да 2021 году. Паводле ініцыятывы «Рабочы рух», клюб мог быць зьвязаны зь беларускімі спэцслужбамі.

Юры П. працаваў у кампаніі TRES International, галоўны офіс якой знаходзіцца недалёка ад Дубаю, а яе прадстаўніцтва, паводле супольнасьці хакераў-актывістаў «Кібэрпартызаны», — у Менску. Паводле іхнай інфармацыі, некаторыя супрацоўнікі кампаніі зьвязаныя з КДБ. Юры П. на запыты журналістаў не адказаў.

Многія супрацоўнікі TRES International таксама працуюць у кампаніі BTS Global. Паводле Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, яна займаецца бізнэс-кансалтынгам. Аднак паводле вайсковых дакумэнтаў, перададзеных «Рабочым рухам», яна таксама гандлюе зброяй.

І TRES International, і BTS Global зарэгістраваныя ў Менску па адным і тым жа адрасе — на Смаленскай вуліцы.

Няясна, ці перасякаліся шляхі Котава і Юрыя П. у Трабзоне. Але калі яхта выйшла з порту з Котавым на борце, Юрыя П. на ёй ужо не было.

Яхта, якую цяжка адсачыць

Апошняя вядомая выява Анатоля Котава, якому на момант зьнікненьня было 45 гадоў, — кадар з камэры назіраньня ў порце Трабзону. Котаў быў няголены, апрануты ў цёмную футболку. Ён сеў на борт 30-мэтровай яхты Shells, прыватнага судна коштам 2,8 мільёна даляраў з двума абеднымі зонамі, барам і джакузі.

Паводле сьпісу пасажыраў, атрыманага DW, яхта накіроўвалася ў Сочы. Ці ведаў пра гэта Котаў — невядома.

Перамяшчэньні яхты цяжка адсачыць. У базе даных Marine Traffic за жнівень 2025 году няма зьвестак, няма яхты і на спадарожнікавых здымках, якія ахопліваюць яе маршрут. Апошні раз судна было зафіксавана за некалькі месяцаў да таго, у сакавіку 2025 году, у Стамбуле.

Інфармацыя пра ўладальнікаў судна таксама можа весьці да беларускага КДБ — але афіцыйна толькі пасьля зьнікненьня Котава. У кампаніі MGA Yachting Ltd., якая на паперы валодала яхтай станам на жнівень 2025 году, настойваюць, што прадалі яе яшчэ ў канцы 2024-га і нічога ня ведаюць пра зьнікненьне Котава. DW знайшлі пацьверджаньне, што яхта была выстаўленая на продаж напачатку 2025 году.

Да студзеня 2026 году яхту перайменавалі ў YS Legacy і зарэгістравалі на кампанію SSL Yachting Group Ltd. У сакавіку 2026 году кампанія BTS Global набыла таварны знак з такой самай назвай — YSLegacy.

Кіраўніком адразу дзьвюх кампаній BTS Global пазначаны беларускі бізнэсовец Юры С. Прычым адной, зарэгістраванай у Беларусі, і другой з такой самай назвай, зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі. Бізнэсовец жыве ў ААЭ — менавіта там яхта апошні раз фігуравала ў базе даных Marine Traffic, гэта было ў сакавіку 2026 году.

Юры С. быў асабіста знаёмы з Анатолем Котавым: ёсьць іхныя супольныя фатаздымкі зь сябрамі клюбу «Адраджэньне» — верагодна, яны былі зробленыя на мерапрыемстве, зьвязаным з Эўрапейскімі гульнямі 2019 году ў Менску.

Паводле выцекаў з базаў даных, Юры С. працаваў у Апэратыўна-аналітычным цэнтры Беларусі, які адносіцца да спэцслужбаў, а таксама ў Алімпійскім камітэце ў пэрыяд, калі Котаў займаў там пасаду генэральнага сакратара. Ён таксама зьвязаны з кампаніяй TRES International, якая базуецца ў Дубаі. На запыты DW і партнэрскіх мэдыя ён не адказаў, як не адказалі і кампаніі BTS Global і TRES International.

Знаёмая з Дубаю і два таямнічыя расейцы

На борт судна Shells Анатоль Котаў падняўся ў суправаджэньні жанчыны на імя Кахіра Э. У сьпісе пасажыраў пазначана, што яна грамадзянка Ярданіі. Кахіра Э. паходзіць з Азэрбайджану, жыве ў Дубаі. З Котавым, паводле інфармацыі БРЦ, яна была знаёмая як мінімум з 2023 году. Яны перапісваліся наконт сустрэчы і трапілі на сяброўскае фота, зробленае, мяркуючы па ўсім, у бары. Кахіра таксама не адказала на пытаньні DW і партнэрскіх мэдыя.

Іншымі пасажырамі яхты былі двое расейцаў. Мяркуючы па выцеках з базаў даных, яны прыляцелі з Масквы ў Турэччыну адным рэйсам 5 жніўня і пераселі на яхту ў Стамбуле. Адзін з гэтых мужчынаў — Пётар Г. — былы вайсковец, які цяпер працуе спэцыялістам у асабістай бясьпецы. Другі пасажыр — Юры Г. Мужчыны разам падарожнічалі незадоўга да паездкі на яхце і пасьля яе. Ніводзін зь іх не адказаў на запыты DW і нашых партнэраў.

Паводле сьпісу пасажыраў, на судне таксама былі чатыры сябры экіпажу — ніхто зь іх не размаўляў па-расейску.

«Даволі дзіўна для беларускіх апазыцыйных актывістаў наведваць Абхазію»

Зь ліста, атрыманага ад адміністрацыі порту Сочы, а таксама з уласных крыніц DW і партнэрскія мэдыя ўстанавілі, што яхта ў горад так і не прыбыла. Паводле крыніц, знаёмых з ходам апэрацыі, замест гэтага судна накіравалася ў Сухумі, сталіцу самаабвешчанай Абхазіі. Грузія і шмат іншых краін, у тым ліку ЭЗ і ЗША, лічаць яе акупаванай Расеяй, якая мае ў Абхазіі значную вайсковую прысутнасьць.

Абхазія — добра вядомая «шэрая зона», кажа грузінскі палітычны аналітык Мамука Камахія.

«Зь міжнароднага гледзішча ў Абхазіі бракуе кантролю, — дадае ён. — Гэта выдатнае месца для незаконнай дзейнасьці, бо тут адкрытае мора. Нічога рэгістраваць ня трэба. Калі ня хочаш нешта рэгістраваць, можаш гэта зрабіць».

Там, у водах, дзе не фіксуюцца сыгналы сыстэм адсочваньня суднаў, 22 жніўня каля 13:30 яхту перахапіла расейская берагавая ахова, якая ўваходзіць у склад ФСБ. Як паведамілі DW крыніцы, знаёмыя з ходам апэрацыі, супрацоўнікі падняліся на борт і правялі ператрус, пасьля чаго Котава зьнялі зь яхты.

Спадарожнікавых здымкаў, якія ахопліваюць гэты раён у момант, калі, верагодна, была перахопленая яхта, няма. Але ёсьць выявы зь недалёкага порту ў Ачамчыры— цэнтру перавалкі вугалю, дзе з 2009 году месьціцца база ФСБ.

Паводле Грузінскага фонду стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, таксама вядомага як Фонд Рандэлі, ФСБ разьмясьціла ў порце ў Ачамчыры да 10 патрульных катэраў, узброеных кулямётамі і зэнітнымі ракетамі.

На спадарожнікавых здымках відаць, як судна, якое па памерах і форме адпавядае аднаму з караблёў берагавой аховы, пакідае порт у Ачамчыры і паварочвае на захад, у бок Сухумі, сталіцы Абхазіі, прыкладна за гадзіну да таго, як, паводле зьвестак крыніц, Котава зьнялі зь яхты.

«Даволі дзіўна для беларускіх апазыцыйных актывістаў наведваць Абхазію, — кажа Мамука Камахія. — Цалкам відавочна, што Абхазія вельмі цесна супрацоўнічае з расейскімі праваахоўнымі органамі. Для такіх людзей гэта відавочна небясьпечнае месца».

Ні расейская ФСБ, ні беларускі КДБ не адказалі на запыты па камэнтар.

Прыкладна праз гадзіну пасьля таго, як, паводле зьвестак крыніц, Анатоля Котава зьнялі зь яхты, на бераг сышлі Пётар Г. і Юры Г. Хоць дакладна невядома, дзе і калі гэта адбылося, згодна з уцеклымі базамі пашпартных даных, Пётар Г. прайшоў праз пункт пропуску ў порце Сухумі а 14:42, а Юры Г. — праз чатыры хвіліны.

Яхта вярнулася ў Турэччыну з Кахірай Э. і экіпажам на борце.

Супольная апэрацыя Беларусі і Расеі?

З улікам абмежаваных рэсурсаў Беларусі просьба да свайго галоўнага саюзьніка дапамагчы вярнуць Котава не была б для краіны нечым беспрэцэдэнтным.

«Беларускія спэцслужбы не настолькі разьвітыя, не настолькі прафэсійныя, — кажа Каміль Клысіньскі, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Польшчы. — У іх ня так шмат людзей, грошай і іншых рэсурсаў для правядзеньня такіх апэрацыяў па-за межамі рэгіёну».

Беларускія і расейскія сілавыя структуры цесна супрацоўнічаюць у сфэры абмену выведвальнымі зьвесткамі, забесьпячэньня бясьпекі межаў і правядзеньня супольных апэрацыяў — у тым ліку перадачы адна адной палітычных апанэнтаў уладаў.

«У выпадку больш амбітных апэрацыяў, як з Котавым, вядома, патрабавалася падтрымка Расеі, прынамсі дапамога ФСБ», — упэўнены Клысіньскі.

Польскія ўлады не расьсьледуюць зьнікненьне Котава

Сямʼя і сябры Анатоля Котава ўжо амаль 10 месяцаў шукаюць адказ на пытаньне, што зь ім адбылося. Турэцкія ўлады на запыт DW паведамілі толькі, што Котаў прыбыў у краіну 21 жніўня 2025 году і пакінуў яе ў той самы дзень, не адказаўшы на пытаньні пра расьсьледаваньне справы.

Польскія ўлады заявілі, што не расьсьледуюць зьнікненьне Котава, які жыў у Польшчы.

«Польская пракуратура мела б юрысдыкцыю, калі б злачынства было ўчыненае ў Польшчы», — адказаў прадстаўнік ведамства ў электронным лісьце.

Алесь Міхалевіч не пагаджаецца з такой ацэнкай: «Злачынства, зьвязанае зь зьнікненьнем Котава, пачалося на тэрыторыі Польшчы».

«Дзяржаўная сыстэма працуе так, як яна працуе, — лічыць Міхалевіч. — Ніводзін пракурор, ніводзін дзяржаўны службовец ня хоча дадатковай працы. Калі б была палітычная воля распачаць крымінальную справу па факце зьнікненьня Анатоля Котава, гэта зрабілі б даволі лёгка».

Сябар Котава Руслан Хазін упэўнены, што Анатоль Котаў усё яшчэ жывы:

«Калі б яго хацелі ліквідаваць, гэта можна было б зрабіць значна прасьцей тут, на тэрыторыі Варшавы, падстроіць гэта пад няшчасны выпадак. Абставіны яго зьнікненьня і тыя, хто мог правесьці гэтую апэрацыю, сьведчаць толькі пра тое, што тым сілам, да якіх ён трапіў, ён быў патрэбны менавіта жывы».

Хто такі Анатоль Котаў

Анатоль Котаў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску, працаваў у Міністэрстве замежных справаў, з 2006 па 2015 год займаў розныя пасады ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы.

У 2015 годзе Анатоль Котаў вярнуўся ў Менск, дзе перайшоў з МЗС на працу ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў той час узначальваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. У 2019 годзе Анатолю Котаву даручылі ўзначаліць арганізацыю ў Менску Эўрапейскіх гульняў.

18 жніўня 2020 году Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсыфікацыяў на выбарах і асудзілі гвалт сілавікоў.

Неўзабаве пасьля гэтага Анатоль Котаў зьехаў за мяжу ў Польшчу, дзе ўзначаліў створаны з удзелам Паўла Латушкі фонд «Беларусь будучыні», які пазьней пакінуў.

Удзельнічаў у працы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, быў супрацоўнікам варшаўскага івэнт-агенцтва Terra Group.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG