Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі падазраванага ў забойстве расейскага мастака. Што вядома

абноўлена
Падазраванага затрымалі каля Варшавы 18 чэрвеня 2026
Падазраванага затрымалі каля Варшавы 18 чэрвеня 2026

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск паведаміў аб затрыманьні падазраванага ў забойстве расейскага мастака-пэрформэра Сямёна Скрапецкага.

«Ён карыстаецца грузінскім пашпартам. Службы працуюць, каб вызначыць злачынца», — напісаў Дональд Туск на сваёй старонцы на плятформе Х.

Паводле яго, падазраванага затрымалі люблінская паліцыя і Агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Польская паліцыя ўдакладніла, што падазраванага затрымалі раніцай 18 чэрвеня каля Варшавы. Згодна з інфармацыяй паліцыі, затрыманы карыстаецца пашпартам, выдадзеным у Расеі.

Люблінская паліцыя апублікавала фота зь месца затрыманьня і паведаміла, што падазраваны «карыстаецца пашпартам, выдадзеным 36-гадоваму грамадзяніну Грузіі».

Паводле міністра ўнутраных спраў Польшчы Марціна Кервіньскага, затрыманы падазраецца і ў іншых злачынствах, учыненых раней.

Ён таксама адзначыў, што затрыманых у дзень забойства беларусаў адпусьцілі, бо яны хоць і былі на месцы здарэньня, але непасрэднага дачыненьня да яго ня мелі.

Затрыманьне праводзілі сьледчыя ў крымінальных справах з Галоўнага ўпраўленьня паліцыі ў Любліне ў складзе спэцыяльнай сьледчай групы, а таксама супрацоўнікаў атрадаў спэцыяльнага прызначэньня і Агенцтва ўнутранай бясьпекі.

Што папярэднічала

Аб забойстве ў Белай Падляскай расейскага мастака-пэрформэра Сямёна Скрапецкага стала вядома ў панядзелак 15 чэрвеня. Здарэньне адбылося раніцай на адным з скрыжаваньняў гораду, дзе Скрапецкі жыў пасьля ад’езду з Расеі ў 2021 годзе.

У той жа дзень зьявілася інфармацыя аб магчымай датычнасьці да забойства грамадзян Беларусі. У аўторак 16 чэрвеня польскія ўлады пацьвердзілі, што ў выніку сьледчых дзеяньняў па гарачых сьлядах затрымалі трох чалавек, двое зь якіх — грамадзяне Беларусі. Пазьней іх вызвалілі.

Раніцай 17 чэрвеня каардынатар польскіх спэцслужбаў Томаш Семоняк у размове з парталам Interia расказаў, што на гэты момант асноўная вэрсія расьсьледаваньня забойства Скрапецкага — дзеяньні расейскіх спэцслужбаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG