Расейскага мастака Сямёна Скрапецкага (сапраўднае імя Роберт Кузаўкоў) забілі каля 9:30–9:45 ранку ў панядзелак, 15 чэрвеня, паведаміў прэс-сакратар акруговай пракуратуры ў Любліне Марцін Козак на брыфінгу для польскіх журналістаў. Забойства адбылося на стаянцы на перасячэньні вуліц Церабельскай і Каралевы Ядвігі ў горадзе Белая Падляская (Люблінскае ваяводзтва), за 30-40 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.
З словаў сакратара люблінскай акруговай пракуратуры, да Скрапецкага ззаду падышоў мужчына і зь невялікай адлегласьці стрэліў у яго тройчы. Калі Сямён упаў на зямлю, мужчына падышоў да яго і зрабіў яшчэ два стрэлы. Страляў у галаву і верхнюю частку грудзіны. Падазраваны выкарыстоўваў караткарульную зброю. На месцы забойства знайшлі гільзы і кулю калібру 9 мілімэтраў.
«Гэта выглядала як экзэкуцыя. Некалькі стрэлаў з блізкай адлегласьці. Расеец шмат пісаў у сацыяльных сетках пра тое, дзе ён будзе. На жаль, ён быў лёгкай цэльлю», — расказаў польскаму парталу Onet ананімны супрацоўнік польскіх службаў.
Падчас паліцэйскай апэрацыі затрымалі двух грамадзян Беларусі каля консульства ў Белай Падляскай. Ім ад 30 да 40 гадоў. Абвінавачаньняў яшчэ нікому ня выставілі. Датычнасьць гэтых беларусаў да забойства расьсьледуюць, паведаміў падчас брыфінгу Марцін Козак.
«Мы ўжо маем пэўныя доказы, якія дазволілі нам затрымаць двух грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія, паводле нашых зьвестак, могуць быць або маглі быць датычныя да гэтай справы», — адзначыў Козак.
Сьледчыя дзеяньні працягваюцца, ня выключаныя чарговыя затрыманьні, паведаміў прадстаўнік люблінскай пракуратуры. Польскія праваахоўнікі зьвярнуліся да людзей з просьбай падзяліцца зь імі магчымымі запісамі відэарэгістратараў аўтамабіляў або іншых відэакамэраў, якія б дапамаглі вызначыць маршрут, якім ехаў меркаваны забойца.
Мастак-карыкатурыст Сямён Скрапецкі ў сваіх карцінах і пэрформансах крытыкаваў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а таксама Аляксандра Лукашэнку. Ён падтрымаў беларускія пратэсты, далучаўся да беларускіх акцыяў салідарнасьці ў Польшчы.
«Ён быў з тых людзей, якія мала чаго баяцца»
Беларускі мастак Уладзіслаў Бохан, які ведаў Сямёна Скрапецкага расказаў Свабодзе, што Сямёну рэгулярна дасылалі пагрозы.
«Ён быў ня тым чалавекам, які будзе скардзіцца на што-небудзь. У апошнія паўгоду, калі ён пачаў жорстка троліць і высьцёбваць кадыраўцаў, мне падаецца, яму былі штодзённа (пагрозы). Як правіла, гэта былі камэнтары ў інстаграме або на ютубе. Ён рабіў падборкі скрыншотаў. Гэта было ўжо нешта звыклае для яго. Ня ведаю, ці былі ў яго нейкія страхі на гэты конт. Мне падаецца, ён быў з тых людзей, якія мала чаго баяцца. Яго адрас неаднаразова зьлівалі ў сеткі. Хіба, трэба было падумаць пра тое, каб зьмяніць месца жыхарства», — расказаў Уладзіслаў Бохан.
Апошні раз яны камунікавалі з Сямёнам у нядзелю 14 чэрвеня напярэдадні забойства Скрапецкага. Сямён напісаў з прапановай зладзіць вулічныя акцыі ў Варшаве або Бэрліне.
«Некаторыя яго выказваньні, можа быць, занадта рэзкія, жорсткія. Ня ўсе іх разумелі. Але для чалавека, які ствараў хроніку глыбіннай Расеі, які пражыў там большую частку жыцьця, у яго па-мойму геніяльныя працы, якія адлюстроўваюць тую частку Расеі, якая пайшла на вайну. Ён чапляў тых асобаў, якіх многія стараліся абыходзіць, калі казаць пра кадыраўцаў. Сямён Скрыпецкі — гэта Асоба зь вялікай літары, са сваім поглядам, не заўжды простым, зручным», — кажа суразмоўца.
Паводле Бохана, Скрапецкі быў складаным у камунікацыі, чалавекам экспрэсіі, даволі рэзкім, «момантавыя адчуваньні бралі верх над рацыянальным».
Са словаў Уладзіслава, Скрапецкі быў салідарны з барацьбой супраць дыктатараў і тыранаў. Ён расчараваўся ў пошуку лідэраў, правадыроў, расчараваўся і ў расейскім, і беларускім пратэсьце, крытыкаваў украінцаў, якія расхвальваюць Уладзіміра Зяленскага.
Роберт Кузаўкоў (сапраўднае імя мастака) нарадзіўся і жыў у Алтайскім краі. У 2021 годзе пераехаў у Польшчу праз магчымы палітычны перасьлед. Жыў разам зь сям’ёй у горадзе Белая Падляская.
За тры дні да забойства, 12 чэрвеня, Сямён правёў пэрформанс каля расейскага пасольства ў цэнтры Бэрліну. Ён падышоў да чаргі на ўрачысты прыём, у руках трымаючы карціну, дзе Сталін трымае на руках Пуціна. Сямён зрабіў у сваіх штанах ззаду дзірку, куды ўваткнуў расейскі сьцяг. Таксама надзеў пінжак з «георгіеўскай стужкай», спрэс увешаны ўзнагародамі і ордэнамі сьпераду і на сьпіне, таксама лапці і шапку-вушанку. У канцы пэрформансу мастак выкінуў расейскі трыкалёр у сьметніцу.
Форум