Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Польшчы: беларускія і расейскія спэцслужбы актывізавалі спробы ўмяшаньня ў выбары ў Эўрапарлямэнт


Gрэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск
Gрэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск

Расейскія і беларускія спэцслужбы актывізавалі спробы паўплываць на ход падзеяў у Эўропе шляхам умяшаньня ў выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, заявіў прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск, паведамляе «Польскае Радыё».

«Расейскія службы і беларускія службы спрабуюць па ўсёй Эўропе, у тым ліку і ў Польшчы, усё больш актыўна ўплываць на ход падзеяў. І мы гэта ведаем, сыгналы паступаюць з усіх эўрапейскіх сталіц», — падкрэсьліў кіраўнік польскага ўраду.

Паводле Дональда Туска, будучыя выбары ў Эўрапарлямэнт — адны з самых важных выбараў у пасьляваеннай гісторыі Польшчы.

«Ніколі яшчэ гэтыя пытаньні, якія таксама будуць вырашацца ў Эўрапарлямэнце, ва ўсёй Эўропе, ва ўсіх эўрапейскіх сталіцах, не былі такія важныя і ніколі яшчэ яны так радыкальна не ўплывалі на наша паўсядзённае жыцьцё, як цяпер, у момант вайны, у момант пагрозаў, пра якія Эўропа некалькі гадоў таму нават ня думала», — сказаў польскі прэмʼер.

Выбары ў Эўрапарлямэнт адбудуцца з 6 па 9 чэрвеня ва ўсіх краінах Эўрапейскага зьвязу. У Польшчы 9 чэрвеня выберуць 53 эўрадэпутаты.

Нядаўна ў Польшчы затрымалі двух палякаў, якіх падазраюць у нападзе на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава ў Літве. Паведамлялі, што да арганізацыі замаху быў датычны беларус, які працаваў па заданьні расейскіх спэцслужбаў. Таксама ў Польшчы затрымалі грамадзяніна краіны, які нібыта зьбіраў інфармацыю пра аэрапорт Жэшува з мэтай арганізацыі замаху на прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзімера Зяленскага.

24 красавіка бэльгійскае старшынства ў ЭЗ прыняла рашэньне актываваць мэханізмы інтэграванага рэагаваньня на палітычныя крызісы ў рэжыме абмену інфармацыяй пра замежнае ўмяшаньне ў эўрапейскія выбары, якое павінна аблегчыць абмен інфармацыяй паміж сябрамі і інстытутамі Эўразьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG